«На якую халеру Зайцаву патрэбна была папская бразготка, ён, можа, і сам толкам не адкажа»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч – пра выкрыццё шэрых схемаў бізнэсмена Аляксандра Зайцава. 

– Нярэдка ў жыцці бывае так, што прагматычныя цынікі, гатовыя пры патрэбе ісці нават па трупах дзеля дасягнення сваіх асабістых мэтаў і дасягнуўшыя сапраўды многага, спатыкаюцца на жаданні мець нейкія смешныя бразготкі, – піша Пашкевіч. – Здавалася б, навошта яны табе, калі ў цябе і так усё ёсць - жыві і радуйся ці таму, што нагроб усяго пад сябе нямерана, ці проста выйшаў сухім з вады, калі выйсці было складана.

Але ж не, ёсць часта ў характары такіх людзей парадаксальная корць займець сабе яшчэ і нешта такое, ад чаго рэальнай карысці не больш, чым Элачцы-людаедцы ад чайнага сітца. Вось хочацца мець бразготку – і ўсё тут, а нахабства ды самаўпэўненасць ад шматгадовай беспакаранасці блакуюць асцярожнасць ды разважлівасць...

Быў, напрыклад, калісьці такі Рыгор Васюра, які ў часы вайны, будучы чырвонаармейцам, патрапіў у нямецкі палон, пагадзіўся там на супрацоўніцтва з немцамі, быў сярод тых, хто паліў Хатынь, але пасля вайны змог выблытацца з усіх цянётаў, выдаць сябе за звычайнага ваеннапалоннага.

Жыў пасля сабе ў роднай Украіне, працаваў, стаў нават дробным начальнікам, шанаваўся як ветэран вайны. Жыві, здавалася б, і далей, не высоўваючыся надта і не звяртаючы на сябе ўвагу. Але ж захацелася на старасці гадоў ад савецкай улады яшчэ і медаль займець на грудзі, стаў дабівацца – а гэта дадатковыя праверкі, падчас якіх знайшлася нітачка, па якой разматаўся клубок.

І ўсё – быў сівагаловы заслужаны ветэран вайны і труда, а стаў ваенны злачынца і скончыў сценкай.

Вось і бізнэсмену Аляксандру Зайцаву таксама чаго, здавалася б, не далягала? Дзелавую хватку мае, сумленнем не абцяжараны, з рэжымам бесчалавечным супрацоўнічаць не гідзіцца – усё пры ім. Бонусы ад гэтага няхілыя, толькі паспявай складаць у засекі.

Ну, праўда, рэжым ублытаўся ў нядобрыя справы на міжнародным узроўні, на санкцыі патрапіў і яго з сабой пацягнуў. Але ж санкцыі такія, што ёсць процьма шляхоў іх абыходу, таму не крытычна.

Сярод іншага вось ксяндза знайшоў з роднаснай душой, для якога сумленне таксама смешная хімера, на яго тое-сёе перапісаў. Даволі арыгінальна і дасціпна. І начальства ксяндза не супраць, таксама ў долі, трэба думаць.

І вось хто б падумаў, што ў гэтым кірунку нехта будзе асабліва капаць? Хто будзе капіталы і актывы «кашалька рэжыму» ў ксяндзоў шукаць? Дзе Зайцаў, а дзе Каталіцкая царква?

Але ж захацелася і Зайцаву таксама бразготкі недарэчнай – рыцарства ордэна каталіцкага. Хоць сам да каталікоў, як той казаў, ні вухам ні рылам. Падазрона, канешне, усім стала. Бо незразумела, з чаго б гэта раптам.

А, як слушна кажуць палякі: «Gdy nie wiadomo, o co chodzi, to chodzi o pieniądze» («Калі невядома, у чым справа, то справа ў грашах»).

Аляксандр Зайцаў (злева ў першым шэрагу) на цырымоніі прыняцця ў ордэн, побач з ім — ксёндз Ігар Лашук. У другім шэрагу крайні злева — ксёндз Юрый Жагарын, побач з ім па цэнтры — кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Так тут і аказалася. Я то не ведаю, канешне, якім чынам на ксяндза Лашука расследавальнікі выйшлі, але падазраю, што акурат гэта папская бразготка якраз і стала штуршком, каб пакапаць менавіта ў гэты бок.

А на якую халеру яна Зайцаву была, ён, можа, і сам толкам не адкажа. Пыха людская проста... Яна і больш сур'ёзныя праекты падрывае, бывае. А то і ўвогуле гробіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)