Политика

«На храна такі саюз». Інтэграцыя з Расеяй у 10 сумных лічбах

8 сьнежня Беларусь і Расея маюць падпісаць дакумэнты аб «паглыбленай інтэграцыі». Свабода сабрала 10 лічбаў, якія раскажуць пра інтэграцыю болей, чым заявы чыноўнікаў.

1 — столькі разоў напярэдадні «паглыбленай інтэграцыі» Лукашэнка задаваўся пытаньнем «на храна нам такі саюз». Гэта прагучала падчас ягонага галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

1 — столькі грамадзкіх кампаній, мэта якіх — спыніць інтэграцыю Беларусі і Расеі, зьявілася ў Беларусі напярэдадні інтэграцыі. Кампанію «Сьвежы вецер» ініцыявалі грамадзкі актывіст Сяргей Бульба, філёзаф Уладзімер Мацкевіч ды іншыя. Пра кампанію ўзгадваў асабіста Лукашэнка.

3 — столькі разоў беларускія чыноўнікі афіцыйна адмаўляліся паказаць дакумэнты аб інтэграцыі, якія плянуюць падпісаць 8 сьнежня.

Адзін раз на запыт дэпутатцы Алене Анісім адмовілі ў Савеце Міністраў і адзін раз — у Мінэканомікі. Таксама ў Мінэканомікі адмовілі ў запыце праваабаронцу Міхаілу Мацкевічу. А ў адказ на ягоную скаргу напісалі, што інтэграцыйныя дакумэнты «для службовага карыстаньня».

— столькі месяцаў беларусы і расейцы ня ведаюць, што за «паглыбленую інтэграцыю» прапануюць ім кіраўнікі дзьвюх краін.

18 ліпеня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Уладзіміру Пуціну «зьняць усе пытаньні па інтэграцыі да 10-годзьдзя саюзнай дамовы». І падпісаць 8 сьнежня ўсе дакумэнты па інтэграцыі. Што гэта за дакумэнты, ніхто ня ведае, бо чыноўнікі адмаўляюцца іх паказваць шырокай грамадзкасьці.

5 — як мінімум столькі разоў за 2019 год Лукашэнка ў той ці іншай форме казаў, што «інтэграцыя не закране сувэрэнітэт».

9 — столькі мільярдаў даляраў Беларусь штогод губляе, бо ня мае роўных умоваў гандлю з Расеяй. Такую суму назваў Лукашэнка, калі прыехаў галасаваць на парлямэнцкіх выбарах.

«Гэта значыць, мы прадаём у Расеі менш, чым яны ў нас. Гэтыя грошы трэба зарабіць на расейскім рынку. Але нас туды не пускаюць. Вядома, мы з Расеяй ваяваць ня будзем. Але кожны год мы нешта губляем», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

10 — столькі мільярдаў даляраў Беларусь, па словах чыноўнікаў, страціць ад падатковага манэўру, які праводзіць Расея. І, паводле бюджэту на 2019 год, на кампэнсацыю Беларусь не разьлічвае.

20 — столькі гадоў кіраўнікі Беларусі і Расеі рэалізоўваюць дамову аб Саюзнай дзяржаве. Яна была падпісаная паміж Лукашэнкам і Ельцыным яшчэ 8 сьнежня 1999 году.

100 — столькі мільёнаў даляраў Беларусь згубіла праз пастаўку ў нафтаправод «Дружба» няякаснай расейскай нафты ў красавіку. Такія лічбы назваў беларускі бок (і гэта па мінімуме).

30 000 — столькі ўдзельнікаў зьбіралі акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй у Менску ў 1990-я. Агулам такіх акцый было каля дзесяці.

Класковский: «Кремль-то четко понимает, на… простите, зачем ему такой союз»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(18)