Политика

«На выбары з Лукашэнкам пойдуць правакатары ці неглыбакадумныя»

Падчас абмеркавання планаў дзейнасці на ліпеньскім сойме КХП-БНФ бліжэйшы час было прынята рашэнне, што ўдзел у выбарах разам з «узурпатарам Лукашэнкам недапушчальны», паведаміла інфармкамісія партыі.

«Сутнасць нашага падыходу ў тым, што выбары павінны перш за ўсё адпавядаць Канстытуцыі і закону. Лукашэнка — узурпатар улады і парушальнік Канстытуцыі. Ён не мае права і не павінен чацвёрты раз удзельнічаць у выбарах. Выбары з удзелам Лукашэнкі, калі б такое адбылося, страцілі б усялякі канстытуцыйны, законны сэнс. Гэта было б нелегальнае мерапрыемства, якое (мы ведаем) выкарыстоўвае да таго ж антыдэмакратычныя незаконныя метады галасавання (@адміністрацыйны рэсурс», фальсіфікацыю, папярэдняе галасаванне, галасаванне з аб’язной скрынкай па дамах і г.д.). Людзі, якія згадзіліся б удзельнічаць у такім мерапрыемстве, тым самым падтрымлівалі б яго антыканстытуцыйнасць і нелегальнасць, дапамагалі б рэжыму легітымізаваць ягоную выбарчую аферу», — заявіў старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк.

«Мы бачым ужо цяпер, што людзей такіх дастаткова, якія гатовыя спрыяць чарговаму падаўжэнню рэжымнага аўтарытарызму, — кажа палітык. — Адны з іх запісныя правакатары, іншыя глыбока не задумваюцца. Пазбегнуць правакатараў, як правіла, не ўдаецца. Але, паўтаруся, галоўная задача — Лукашэнка не павінен удзельнічаць у выбарах. У выпадку, калі гэты прынцып будзе парушаны і Лукашэнка ў чарговы раз пойдзе на выбары, тады апраўданы байкот галасавання. Трэба ўлічыць, што байкот прэзідэнцкіх выбараў арганізаваць вельмі цяжка. Тым не менш ісці на незаконныя выбары і тым самым прызнаваць і легалізаваць парушэнне асноўнага закону, цынізм і ашуканства — нельга. У выпадку, калі Лукашэнка не будзе ўдзельнічаць у выбарах, наша народная партыя выставіць свайго кандыдата».

Пазiцыя КХП-БНФ i яе лiдэра даволi радыкальная. Астатнiя партыi i рухi ў дэмакратычным лагеры КХП-БНФ лiчыць «мутантамi».

«Мы бачым, што Еўропа пакінула вікаўскага мутанта (так званую «апазіцыю») на выжыванне, хоць цалкам і не адмаўляецца ад яго. Цяпер мы ведаем таксама, што ў Маскве мрояцца амбітныя планы ў хворых галовах шавіністаў — стварыць у Беларусі цалкам сваю прамаскоўскую апазіцыю, па прыкладзе вікаўскай. Стала вядома, што там пачалі нават калькуляцыі складаць — просяць паўмільярда долараў на «русское дело». Аж спадар Лябедзька з Раманчуком паехалі пацікавіцца. Тут ужо жартуюць: калі Лябедзька стане хваліць Маскву — значыць, далі, калі пачне крытыкаваць — не далі! Гэта ўжо адпрацаваныя сцэнарыі, прагназуемыя паводзіны, якія нічога не вырашаюць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)