Скандалы
Наталля Якавенка, ”Радыё Рацыя”

На Віцебшчыне сухотнікі — 100 чалавек — зноў абвясцілі галадоўку

У Багушэўскай абласной сухотнай лякарні, што ў Сененскім раёне на Віцебшчыне, усчаўся бунт. Пацыенты незадаволеныя ўмовамі знаходжання тут і абыходжаннем з імі медперсаналу лякарні, у якой на 320 месцаў — 500 хворых, прычым у аддзяленні, дзе з 78 чалавек — 24 жанчыны, а астатнія мужчыны, маюцца толькі адна ванна і адзін душ, якімі да таго ж амаль немагчыма карыстацца.

Пры антысанітарных умовах і нішчымнай ежы за год у лякарні памерлі 67 чалавек. На сённяшні дзень 100 чалавек — 70 мужчын і 30 жанчын, псіхічна хворыя ды інфікаваныя палачкай Коха, утрымліваюцца ў лякарні за кратамі і не маюць ніякага догляду. Гэтыя 100 чалавек ужо абвясцілі галадоўку, астатнія могуць далучыцца ў любы момант.

Найбольш актыўных, хто адкрыта выказвае незадавальненне, выпісваюць. Так, 19 траўня з адкрытай формай сухотаў выпісалі Наталлю Драбышэўскую.

Паводле яе слоў, “у палатах па падлозе, сценах і ложках бегаюць пацукі з прусакамі. Ноччу даводзіцца накрывацца з галавой — хавацца ад іх. А кіраўніцтва лякарні не звяртае на гэта ніякай увагі”.

Жанчыну, якая мае дваіх непоўнагадовых дзяцей і стварае пагрозу для здароўя іншых людзей, выпісалі насуперак прававым і медычным нормам. Наталля Драбышэўская наважаная пісаць скаргу ў абласную пракуратуру і ўпраўленне аховы здароўя. У хуткім часе за ёй пойдуць іншыя хворыя Багушэўскай сухотнай лякарні.

Нагадаем, што на пачатку года галадавалі 150 сухотнікаў Наваеленскай лякарні, што ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)