Скандалы
Зміцер Панкавец, Наша Ніва

На вакзале ў Стоўбцах абвесткі перавялі на рускую мову, бо «пасажыры не разумелі беларускай»

Летам інфармацыйнае суправаджанне на вакзале горада Стоўбцы перайшло з беларускай на рускую мову. Што сталася прычынай такога рашэння?

Фота mapio.net

Справа ў тым, што тры месяцы таму начальнікам станцыі стала Святлана Канатопава, менавіта яна прыняла адпаведнае рашэнне.

— Да мяне звярталіся пасажыры вусна, што яны не разумеюць, пра што ідзе гаворка, калі паведамленні былі на беларускай мове. Прасілі перадаваць інфармацыю на рускай мове. Асабліва былі пытанні адносна «Паўднёвага» і «Паўночнага» бакоў платформы», — расказвае спн. Канатопава.

Яна спасылаецца на загад ад 27 верасня 2013 года за подпісам намесніка начальніка Беларускай чыгункі «Адзіны рэгламент інфармацыйнага забяспячэння пасажыраў на вакзалах, станцыях і прыпыначных пунктах Беларускай чыгункі». Згодна з пунктам 4.17 гэтага прыказа, «перадачу радыёінфармацыі на чыгуначных станцыях ажыццяўляюць на беларускай або рускай мовах».

Спадарыня Канатопава тлумачыць, што ўсе шыльды на вакзале пакуль на рускай мове, таму і ў інфармацыйным апавяшчэнні было прынята рашэнне карыстацца ёй.

Аднак у 2017 годзе з’явіўся «Стандарт арганізацыі адзінай сістэмы інфармацыйных носьбітаў, якія прызначаныя для інфармавання пасажыраў вакзалаў, станцый, прыпыначных пунктаў Беларускай чыгункі».

Дык вось, згодна з ім, усё візуальнае афармленне на вакзалах і прыпынках мусіць быць толькі на беларускай мове — гэта значыць, інфармацыя па білетных касах, камерах захоўвання, усе інфармацыйныя стэнды будуць аформлены па-беларуску.

Святлана Канатопава пераконвае, што да канца 2017 года вакзал у Стоўбцах таксама цалкам выканае патрабаванне гэтага стандарту. Тады, магчыма, можна будзе зноў звярнуцца да пытання беларускай мовы ў абвестках.

— З пасажыраў вельмі малы працэнт просіць інфармацыі па-беларуску. Скардзіліся, што не разумелі, як прайсці да цягнікоў. Для мяне больш важна, каб чалавек з’ехаў у правільным кірунку, чым папулярызаваць беларускую мову. Асноўны паток пасажыраў рускамоўны. Таму мы прытрымліваемся абвестак, зразумелых большасці пасажыраў, — патлумачыла «НН» начальніца стаўбцоўскага вакзала.

Дэпутаткай ад Стаўбцоўскай акругі з’яўляецца намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. ТБМ ужо накіравала зварот у Стоўбцы з гэтай сітуацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)