Общество

«На ўсім этапе толькі тры чалавекі былі ў кайданках — Статкевіч, Ціханоўскі і Лосік»

Марына Адамовіч змагла патрапіць на спатканне да мужа — упершыню за амаль што год, які Мікола Статкевіч за кратамі, піша Наша Ніва.

Адбылося гэта 26 мая, абсалютна нечакана. Днямі палітыка мусілі этапаваць з Жодзіна ў Гомель, але ці даехаў ён, было невядома — ні жонцы, ні адвакату не давалі інфармацыі. Тады Марына сама паехала ў Гомель. Пра спатканне яна распавяла «Нашай Ніве».

«Мікалай выглядаў як свабодны чалавек, упэўнены ў сабе і тым, што робіць. Ён вельмі пазітыўны. У яго крыху твар загарэў, бо ў прагулачных дворыках зрэдку ўжо з’яўляецца сонца.

Мікалай прасіў перадаць бясконцую ўдзячнасць за падтрымку, асабліва тым, хто ўпарта працягвае пісаць. Прасіў, каб не забываліся пра іншых палітычных зняволеных і іх сем’і. Казаў, што варта працягваць гуртавацца, бо гэты набытак калектыўных дзеянняў, адчуванне пляча адно аднаго нельга губляць.

Расказваў крыху пра этап. Іх везлі паўтара сутак. На ўсім этапе толькі тры чалавекі былі ў кайданках — ён, Ціханоўскі і Лосік. Прычым гэтыя кайданкі былі зашпілены не так, як мы прывыклі ўяўляць. Рукі былі вывернуты, складзеныя тыльнымі бакамі далоні. Плюс праводзілі шмоны.

Сяргей Ціханоўскі вельмі пахудзеў, Мікола яго нават не пазнаў адразу. Такое адчуванне, што палітычным хацелі прадэманстраваць адзін аднаго. Бо і пераклічку ўчынілі, дзякуючы якой Мікола зразумеў, што там і Ігар Лосік ёсць, і праходку гуськом, хоць звычайна аўтазак падганяюць пад дзверы.

У пятніцу 21 мая яны апынуліся ў Гомелі. Мікола сказаў, Гомельскае СІЗА выглядае дастаткова прыстойна. Там светлыя сцены, а гэта вельмі важна для людзей, якія, як Мікола, ужо цэлы год знаходзяцца ў закрытым памяшканні пры закрытых вокнах з гэтымі «вейкамі».

Ён у камеры па-ранейшаму адзін — адразу напісаў заяву аб бяспечным утрыманні.

Я падзялілася з Міколам навінамі, але, на маё здзіўленне, ён пра іх ведаў, нягледзячы на этап і на тое, што ў яго даўно адабралі выпісаную прэсу. Ужо з месяц газеты выдаюць вельмі селектыўна.

Мікола сказаў, што яму адмыслова прынеслі ў камеру «Советскую Белоруccию» — мабыць, хацелі ўразіць мудрымі і крутымі дзеяннямі нашых спецслужбаў. Мікола ведаў і пра прысуд Паўлу Севярынцу, і пра смерць Вітольда Ашурка.

Ён абсалютна перакананы, што перамены непазбежныя, і ўлада робіць усё, каб гэтыя перамены адбыліся як мага хутчэй. Мы з ім гаварылі, што у іх яшчэ ёсць рэсурс, мажліва, нават на год ці на некалькі, але тое, што яны зараз даводзяць да абсурду сітуацыю, якраз дае надзею на хуткія перамены».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(27)