На тры месяцы прыпынены выхад часопісу ARCHE

Сёньня рэдакцыя часопісу «ARCHE» атрымала ліст зь Міністэрства інфармацыі, датаваны 19 верасьня 2006 г. У лісьце ўтрымліваецца другое папярэджаньне і прыпыненьне выданьня часопісу на тры месяцы.

Папярэджаньне вынесенае за парушэньне артыкулу №11 «Закону РБ аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі». Падстава — за зьмену тэматыкі (спэцыялізацыі) часопісу «ARCHE», публікацыямі грамадзка-палітычнага характару. У выніку на падставе арт. 16 «Закону РБ аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» Міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы выданьне часопісу «ARCHE».

Галоўны рэдактар Валер Булгакаў мяркуе, што сапраўднай прычынай прыпыненьня ёсьць апошні нумар (№9, 2006) часопісу, дзе на вокладцы адлюстраваныя твары работнікаў спэцслужбаў, якія выцясьняюць дэманстрантаў з праспэкту каля менскага ГУМа падчас падзеяў 25 сакавіка.

«Мабыць, цэнзарам таксама не спадабаліся вялікія (на 60 старонак) успаміны дэпутатаў пра выкіданьне галадоўшчыкаў з Авальнай Залі Вярхоўнага савету ў красавіку 1995 г., а таксама перадрук выступаў А. Лукашэнкі і палкоўніка Цесаўца, што кіраваў апэрацыяй», — зазначае В. Булгакаў

Цікава, што ўвесь 2005 г. у Міністэрстве інфармацыі ляжала заява выдаўцоў часопісу «ARCHE» з просьбай перарэгістраваць выданьне як «грамадзка-палітычнае», але задаволена яна не была.

Па словах Валера Булгакава, гэта ўжо трэцяе, пачынаючы з 2004 г., папарэджаньне «ARCHE» за «самавольную» зьмену тэматыкі і першае ў гісторыі часопісу прыпыненьне яго выхаду на 3 месяцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)