На трансфарматарнай падстанцыі ў Магілёве здарыўся выбух
На працягу дзьвюх гадзін у двух мікрараёнах горада не было электрычнасьці і водазабесьпячэньня.
Здарэньне адбылася блізу 21 гадзіны на пляцоўцы трансфарматарнай падстанцыі «Магілёў-220», што побач з мікрараёнам «30 год Перамогі». Непадалёк ад яе спарткомплекс «Алімпіец» і прадпрыемства «Магатэкс». У дзясятках дамах гэтага мікрараёну і суседняга «Саломенка» зьніклі былі электрычнасьць і водазабесьпячэньне.
Пажар на тэрыторыі трансфарматарнай падстанцыі ліквідавалі, але абсталяваньне выгарала. Афіцыйныя паведамленьні пра прычыны здарэньня адсутнічаюць.
Паводле мясцовых жыхароў спачатку яны пачулі моцны выбух, а потым «на пляцоўцы падстанцыі пачаўся пажар».
— Непадалёк разьмешчаная пажарная частка, дык пажарнікі апэратыўна зрэагавалі, бо, відаць, самі бачылі з вакна, што адбылося на падстанцыі. У нас, дома, мільганула асьвятленьне і пагасла, а потым зьнікла і вада. Перабоі з імі былі з гадзіны дзьве, — сказаў Свабодзе адзін з жыхароў мікрараёну «30 год Перамогі».
У цэнтральнай дыспэтчарскай службе гораду паведамілі, што на падстанцыі згарэў трансфарматар. Электрычнасьць аднавілі праз дзьве гадзіны пасьля здарэньня. На дзесяць гадзінаў раніцы вяліся працы па падключэньні некаторых помпаў да водазабесьпячэньня. Збой у сыстэме адбыўся з прычыны скачку напружаньня, выкліканага праблемамі на падстанцыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное