Общество

Сямён Печанко

«На трактар? Дараблю кантракт і перасяду на Польшчу!»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

Жанчыны вяртаюцца з працы. Абыходяць вялізную лужыну, што разлілася на ўсю шырыню ходнікаў. Адна з сябровак не вытрымлівае:

— Во і мае дзеці радуюцца, што зімы няма. Ні шапку табе не трэба, ні зімовых ботаў. А я так не хачу, каб паўгода восень. Наша пакаленне да такога не прывыкла, наш арганізм зіму патрабуе. 

***

Кампанія мужчынаў, з выгляду ўсім недзе за 50. Двое абмяркоўваюць Лукашэнку, трэці моўчкі слухае:

— Чулі, што пра выбары сказаў? Што як яго не выберуць, то Беларусь абрынецца. Во як, дажыліся, — кажа адзін.

Другі падхоплівае:

— А раней усё больш у народа падтрымкі прасіў. Цяпер мы яму ўжо не патрэбныя. Ай, што пра яго казаць…

І звяртаецца да маўчуна:

— Лепей раскажы нам, як у Літву з’ездзіў. Ці многа зарабіў?

***

П’яны дзядзька гайдаецца на непаслухмяных нагах каля аўто гандляра бульбай на невялікім рынку. Яму хочацца пагаварыць і ён выгаворвае свайму вымушанаму слухачу:

— Што эта Літва сібе думает? Абарзелі саўсем! Прытэнзіі нам выстаўляют, АЭС ім наша, відзіце, не нравіцца… Да мы іх за тры дня вазьмём… Наша армія сільнее в два раза. А еслі ешчо Расія падцягнецца…

Гандляр слухае ваяку са шклянымі ад нуды вачыма: бульбу ніхто не купляе, збіраецца на дождж.

***

Дзве бабулі чакаюць на прыпынку аўтобус. Адна з гонарам дзеліцца навінамі:

— Я за восень столькі закатак нарыхтавала! Грыбоў не было, праўда. Але суседка аддала свае гарбузы ды кабачкі, то я накатала ікры ў слоікі на палову склепа. Забяспечыла прадуктовую безапаснасць!

***

Дарожнікі ў робах з лагатыпам «Беларускай чыгункі» ў электрычцы абмяркоўваюць навіны:

— Чуў, што вадзіцелям зрэзалі даплаты за шкоднасць. Каб ім самім нешта адрэзалі! Толькі трактарыстам пакінулі. Пакуль.

— І што ты будзеш рабіць? Перасядзеш на трактар? Дзеля нейкіх васьмі рублёў у месяц?

— На трактар? Дараблю кантракт і перасяду на Польшчу!

Падслуханае ў мінулы раз: «А ты можаш проста ў трактары памерці, да пенсіі не дажыўшы»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(64)