Общество
Сямён Печанко

«На такога, як ты, яны маліцца павінны! Ты бухаеш колькі? Ну, дзень, ну, два…»

З падслуханага і падгледжанага ў навагоднія святы.

У апошнія месяцы аднекуль на вуліцах пачалі з’яўляцца савецкія аўто. Старэнькія «капейкі» ды «масквічы», якія адчайна глохнуць на скрыжаваннях і прымушаюць школьнікаў цягнуцца па смартфоны: «Што гэта за марка?» — «Трэба на значок паглядзець… Лада?!»

На паедзеных іржой «жыгулях» ездзяць не толькі сівыя дзядулі-аўтааматары, але і маладыя хлопцы. Што сведчыць, магчыма, не столькі пра вяртанне моды на савецкі аўтапрам, як пра жорсткую неабходнасць і немагчымасць набыць штосьці лепшае.

***

— Яны на ўсім эканомяць. На нашых зарплатах, на электрычнасці. І хочуць, каб тут усё круцілася, як раней, — перамаўляюцца каля стэлажа з алкаголем супрацоўніцы супермаркета.

У гэты момант я заўважаю, што лямпачкі над гэтым аддзелам і праўда не гараць. І прыгадваю, што ўваходныя дзверы на фотаэлементах у апошнія дні не працуюць не толькі па вечарах, але і ўдзень. Супадзенне?

***

У гарадскі аўтобус заскоквае троіца. Бурачковыя твары, глухія і сіплыя галасы. У аднаго з мужчынаў твар апухлы нібы ад пчаліных пакусаў. Ён не трымаецца на нагах і завальваецца на сядзенне.

Двое застаюцца каля акна, дамаўляюцца, пра што скажуць на працы.

— Ды не перажывай ты! На такога, як ты, яны маліцца павінны! Ты бухаеш колькі? Ну, дзень, два… Максімум тры. А я магу і на месяц з жыцця выпасці. Так што — не бойся, — навучае мужык з пакамечаным тварам свайго калегу.

***

Белаазёрск, крама. У чарзе два дзеда трымаюць па пакунку з мандарынамі («Які ж Новы год без іх?»).

— А помніш, як Лукашэнка казаў, што адзін яго міністр заявіў: «Была ў мяне зарплата тры тысячы долараў, а цяпер будзе паўтары, то мая сям’я будзе галадаць». А мы ж некалі ўсёй сям’ёй на сто долараў жылі месяц…

— Нічога, хутка ізноў будзем на сотку жыць, не перажывай.

***

Цягнік Мінск—Брэст. Каля акна сядзіць мужчына сталага веку. Ён камусьці тэлефануе і сцішана просіць:

— Мікалаевіч, як аванс на картку пакладуць, а можа, і ўсю зарплату, то маякні, калі ласка… Ну, павінны ж даць, два ж дні да Новага года засталося. Не могуць жа на святы без грошай… Ну, давай, дзякуй!

Праз колькі хвілін ён устае і кіруецца да выхаду. Апрануты ў дарагую дублёнку, пад пахай трымае скураны партфель — тыповы начальнік аддзела.

***

Сёлета я сустракаў дзясяты запар Новы год у Белаазёрску. І ўпершыню не пабачыў натоўпы пакупнікоў у крамах за два дні да свята. Чэргі стаялі ў аддзяленнях банкаў, дзе мясцовыя канвертавалі атрыманы заробак у даляры.

Крызіс, падумаў я, але вечар 31-га снежня вярнуў усё на свае месцы: чэргі па гарошак, маянэз, доктарскую. І мандарыны — як жа без іх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)