Общество
Аляксей Дзікавіцкі, Радыё Свабода

На сустрэчу з папам у Польшчу прыехалі больш як 2 300 беларусаў

З усіх замежных пілігрымаў у Польшчу на спатканьне з папам Бэнэдыктам XVI найбольш прыехала беларусаў — гэтую інфармацыю падалі польскія памежнікі. Пілігрымка папы на радзіму ягонага папярэдніка скончылася ўчора. Пра яе вынікі расказвае варшаўскі карэспандэнт "Свабоды".

2 365 — столькі пілігрымаў зь Беларусі прыехалі ў Польшчу на сустрэчу з Бэнэдыктам XVI, перадусім у Варшаву і Кракаў, дзе адбыліся набажэнствы пад адкрытым небам для соцень тысячаў вернікаў.

У Польшчы перад папам стаяла нялёгкая задача — заваяваць сымпатыю палякаў, многія зь якіх дагэтуль не маглі ўявіць сабе, што чалавекам у белай папскай сутане можа быць не Караль Вайтыла, Ян Павал другі, а нехта іншы. Выглядае аднак, што ў Бэнэдыкта XVI гэта атрымалася, не ў апошнюю чаргу дзякуючы посьпехам пантыфіка ў вывучэньні польскай мовы.

“Гэты папа ўжо стаў нашым”, — з такім загалоўкам выйшла пасьля другога дня пілігрымкі пантыфіка адна зь вядучых польскіх газэтаў.

Бэнэдыкт XVI неаднаразова зьвяртаўся да спадчыны Яна Паўла другога, цытаваў ягоныя выказваньні, але адначасова падкрэсьліваў, што ён прыехаў у Польшчу ня толькі каб ушанаваць памяць свайго папярэдніка, але і “каб узмацніць палякаў у веры і вучыцца веры ў іх”.

Папа наведаў Асьвенцім, выказаўся ў справе працягу дыялёгу паміж рэлігіямі, заклікаў разважліва падыходзіць да люстрацыі сьвятароў і не прыстасоўваць веру да патрэбаў моманту— пантыфік закрануў тыя пытаньні, размоваў пра якія ад яго як раз чакалі.

Асаблівай гэтая сустрэча была для беларусаў. У Варшаве была прачытаная малітва за свабоду па-беларуску. Папа ўспамінаў пра беларусаў-ахвяраў другой сусьветнай вайны ў Асьвенціме.

Натальля Асмалоўская прыехала на сустрэчу з папам зь Пінску — яна вельмі цешыцца, што ў часе імшы гучала беларуская мова, аднак самым галоўным лічыць духоўную навуку Бэнэдыкта XVI:

(Асмалоўская: ) “Гэта цудоўна, што гучала беларуская мова, але нават калі б гэтага не было — не перашкаджае. Маліцца можна на розных мовах”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)