На радзіме Васіля Быкава ўручаць прэмію «За свабоду думкі»

У вёсцы Бычкі (Ушацкі раён, Віцебшчына) – на радзіме Васіля Быкава 19 чэрвеня, у дзень нараджэння беларускага класіка, адбудзецца імпрэза, на якой будзе ўручацца прэмія «За свабоду думкі», заснаваная рухам «За Свабоду» пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча. Сёлета прэмію, найхутчэй, атрымае Уладзімір Някляеў.

19 чэрвеня споўнілася б 87 гадоў Васілю Быкаву – класіку літаратуры, сусветна вядомаму і намінаванаму на Нобелеўскую прэмію беларускаму пісьменніку. Ён быў сярод тых, хто аднавіў незалежнасць краіны.

Пахаванне Васіля Быкава ператварылася ў шматтысячнае шэсце па праспекце Незалежнасці.

Апошнія гады жыцця Васіль Быкаў пражыў у Фінляндыі і Чэхіі. Творца, якога называлі «сумленнем нацыі», рэзка выступаў супраць узмацнення аўтарытарызму ў краіне і за гэта яго шальмавала афіцыйная прапаганда.

Толькі перад самым сконам Быкаў вярнуўся ў Беларусь. Памёр пісьменнік у 2003 годзе ў анкалагічнай больніцы ў Бараўлянах. Сімвалічна, што Быкаў, які найлепшыя свае творы прысвяціў тэме другой сусветнай вайны, адышоў з гэтага свету 22 чэрвеня – у дзень, калі яна пачалася. Пахаванне народнага пісьменіка ператварылася ў шматтысячнае жалобнае шэсце па праспекце Незалежнасці.

Дагэтуль у Беларусі імем Васіля Быкава названая толькі адна вуліца – у пасёлку Ждановічы пад Мінскам. Хоць грамадскасць Мінска, Гродна, Салігорска і іншых гарадоў не раз звярталася да гарадскіх уладаў з прапановай ушанаваць памяць пісьменніка.

Васіль Быкаў пахаваны на Усходніх могілках Мінска. У дзень яго нараджэння, у дзень скону, туды прыходзяць людзі – пакласці кветкі, ушанаваць памяць пісьменніка

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)