Общество
Раман Тумашык, «Еўрарадыё»

На радзіме Аляксандра Лукашэнкі робяць вусатыя цацкі (фота)

Працаўніцы керамічнага цэху г.п. Копысь лёгка вырабляюць цыцкастых дзевак, жабак у кароне, парсючкоў – і кажуць, што запраста вырабілі б фігурку прэзідэнта, але баяцца без дазволу «зверху».

У гарадскім пасёлку Копысь, дзе нарадзіўся Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, ёсць керамічны цэх. Тут вырабляюць сувеніры, кубачкі, вазоны, настольныя і напольныя вазы, садовыя скульптуры. Тут жа стаіць прылавак, дзе можна набыць гатовую прадукцыю. Цэх не абмінаюць усе, хто патрапляе ў Копысь – сувеніры з малой радзімы першага прэзідэнта Беларусі карыстаюцца падвышанай папулярнасцю.

На стале ў працаўнікоў цэха – памятны здымак, зроблены ў часе наведвання цэха самім Лукашэнкам. Хоць векапомны прыезд быў два гады таму, 17 жніўня 2007 года, кожны працаўнік памятае візыт дэталёва.

-- Прыязджаў да вас прэзідэнт?

Працаўніца: Прыязджаў! Быў у Копысі, зайшоў да нас у цэх, паглядзеў – і сказаў, трэба расшырыць кераміку. Спадабалася, значыцца, нашая кераміка!.. Цяпер нам будуюць новы цэх.

-- А заробкі ў вас добрыя?

-- У сярэднім 500 тысяч. У нас прадукцыю бяруць і са Смаленску, і з Мурманску, і з Ленінграду, з Масквы. Магілёў вельмі добра бярэ. Дзеці часта з экскурсіямі бываюць – вельмі шмат купляюць.

-- А вы помніце час, калі Лукашэнка жыў тут, яшчэ не быў прэзідэнтам?

-- Жыць та жыў, але мы яго не ведалі. Асабіста яго не запомнілі.

-- А зараз я гляджу ў вас так усё адбудавана – адчуваеце падтрымку славутага земляка?

-- Адчуваем. І дай Бог яму здароўя! І няхай правіць яшчэ!

-- А што ён зрабіў для Копысі?

-- Шмат што. Галоўнае – мост цераз Дняпро. Не баімся цяпер дзяцей адпускаць, па лёдзе раней людзі хадзілі, тапіліся. А цяпер – едзь хоць у Воршу, хоць у Шклоў, хоць у Магілёў. Цяпер очань пракрасна, што ёсць мост. У нас ёсць два заводы, трэці будуецца. Чыстата, парадак, красата!..

Іншая працаўніца таксама была на гістарычнай сустрэчы. Але, кажа, найперш прасіла кіраўніка дзяржавы не пра ўласны дабрабыт, а каб пабудаваў новы цэх.

-- А вы прысутнічалі, калі прэзідэнт прыязджаў?

-- Прысутнічала. Распрашываў, як мы жывём, як у нас справы ідуць у цаху.

-- І што вы яму сказалі?

-- Што нармальна ідуць дзяла.

-- А вам падабаецца тут працаваць?

-- Каб не падабалася, то не працавала б!..

-- А вы адчуваеце гонар, што прэзідэнт адсюль?

-- Канешне, адчуваем!

-- А калі прыязджаў, папрасілі ў яго нешта?

-- А што мы можам папрасіць?

-- Ну, каб заробак падняў...

-- Мы не гаварылі пра заробак. Мы ўжо гаварылі каб нам цэх новы зрабілі, благаўстроілі яго…

Кінулася ў вочы, што многія статуэткі ў копыскім цаху вырабляюцца з даволі характэрнымі вусамі. Як у казачнага Дзеда-баюна ці Лесуна. Я нерашуча запытаўся, чаму не робяць сувенірных фігурак самога Лукашэнкі. На гэта працаўніца сур’ёзна адказала, што “патрабуецца, напэўна, дазвол – як на герб ці сцяг”. Але заўпэўніла, што іхным мастакам гэта пад сілу -- з кавалка гліны яны могуць вырабіць "што хочаш"!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)