«На працы нават з мінімальным заробкам у большасці нямецкіх гарадоў студэнту можна пражыць»
«Салідарнасць» працягвае распытваць былых і цяперашніх студэнтаў з Беларусі пра досвед вучобы ў замежных ВНУ. У чарговым выпуску праекту «Адукацыя без межаў» — пра адметнасці навучання ва ўніверсітэтах Нямеччыны.
Васіль (імя суразмоўцы, а таксама назву ВНУ мы не называем з мэтаў бяспекі — С.) — будучы, а фактычна ўжо дзеючы праграміст — вучыцца ў адным з дзесяці ўніверсітэтаў Мюнхена. Выбар склаўся арганічна: у беларускай гімназіі ў хлопца быў добры ўзровень нямецкай мовы, да таго ж бацькі некалі стажыраваліся па абмене ў Германіі.
— Дзесьці за год-другі да паступлення ва ўнівер пачалі ўзнікаць думкі, што і я хачу паспрабаваць тут вучыцца,таму скончыў дадатковыя курсы нямецкай.
Першыя крокі. Штудзіенколег і «падушка бяспекі»
Большасць дзяржаўных універсітэтаў у Германіі для замежнікаў бескаштоўная, зазначае суразмоўца, — аднак пэўная частка ВНУ, у тым ліку ў Баварыі, Саксоніі, Бадэн-Вюртэмбергу, у апошнія гады ўвяла плату для студэнтаў з краін па-за межамі ЕС. Гэты момант, натуральна, лепш высвятляць загадзя, як і тое, ці трапляюць абітурыенты Беларусі ў стыпендыяльныя праграмы.
Яшчэ адна важная і складаная акалічнасць у тым, што для атрымання студэнцкай візы ў Нямеччыне трэба прадставіць гарантыі фінансавання — мець каля €11000 на год на адмысловым блакаваным рахунку, ці паручыцеля са стабільным даходам, даўгатэрмінова прыжаваючага на тэрыторыі ФРГ.
Нарэшце, трэцяя асаблівасць — паступіць адразу пасля школы ў большасць нямецкіх ўніверсітэтаў нельга. Каб атрымаць допуск, трэба скончыць адзін курс універсітэта ў сваёй краіне і паступіць у нямецкую ВНУ на такую ж ці сумежную спецыяльнасць — альбо скончыць штудзіенколег, своеасаблівыя падрыхтоўчыя курсы. Васіль абраў другі варыянт.
— Я пераехаў адразу пасля школы, падаваўся ў розныя штудзіенколегі, у трох з іх атрымаў станоўчы адказ, так што мог нават выбіраць. Але і тут ёсць пэўныя складанасці, якія датычацца дакументаў, — гаворыць беларус. — Трэба мець завераны пераклад атэстату на нямецкую ці англійскую мову, і ўжо калі я гэта рабіў, больш за чатыры гады таму, давялося даволі доўга чакаць, — а вакно паміж заканчэннем беларускай школы і дэдлайнам на паступленне ў штудзіенколег не тое каб вялікае, падаецца, усяго каля месяца.
Цяпер, наколькі я ведаю, з гэтым яшчэ больш складана, і пасля закрыцця Гётэ-Інстытута ў Менску не ўпэўнены, ці ёсць дзе ў Беларусі здаць іспыты нямецкай мовы. Плюс, вядома, мой досвед на сёння не цалкам рэлевантны, бо я паступаў да кавіду і звязаных з гэтым абмежаванняў.
Некаторыя штудзіенколегі, дадае Васіль, прымаюць заяўкі ад абітурыентаў наўпрост альбо праз профільную ВНУ, да якой адносяцца, у іншыя трэба падавацца праз сайт UNI-Assist (гэта арганізацыя ў Берліне, якая выступае пасярэднікам паміж замежнымі абітурыентамі і навучальнымі ўстановамі, правярае ўсе вашыя дакументы, пераводзяць балы школьнага атэстату ў нямецкую сістэму адзнак і г.д). У апошнім выпадку паслуга, як правіла, платная, ад €30 за адну заяўку.
Нарэшце, апошняя рэч, якую трэба зрабіць яшчэ да паступлення — уласна, прыехаць у Германію і здаць уступны іспыт у штудзіенколег. Праз нейкі тыдзень будзе вядомы вынік.
— Але рэч у тым, што гэта адбываецца ўвосень, у сярэдзіне ці прыканцы верасня. І таму, каб быць пэўным, я паралельна пачаў вучыцца ў Беларусі, каб у выпадку няўдачы не губляць год.
Штудзіенколег, кажа Васіль, — вельмі карысная штука ва ўсіх сэнсах: гэта і хутчэйшая інтэграцыя, паколькі тут збіраюцца абітурыенты з розных краін з такімі самымі імігранцкімі пытаннямі, як у цябе, і пашырэнне слоўнікавага запасу, і больш шчыльнае знаёмства з краінай і культурай.
— Праўда, у гэты першы год табе не дазваляецца падпрацоўваць — на гэта трэба разлічваць, мець пэўную фінансавую падушку бяспекі. А вось калі ты прыязджаеш пасля першага курса беларускага ўнівера, то такой праблемы няма, адразу даецца віза з магчымасцю працаваць 20 гадзін на тыдзень. І ў прынцыпе, на працы нават з мінімальным заробкам у большасці нямецкіх гарадоў, па маім досведзе, студэнту можна пражыць.
«Вялікі ўпор на самаарганізацыю студэнтаў»
Навучанне ў нямецкіх ВНУ можа праходзіць як на нямецкай мове, так і на англійскай (існуе шэраг англамоўных праграм бакалаўрыяту і магістратуры). Ці ёсць адметнасці ў самім працэсе вучобы?
— Сесіі тут двойчы на год, як і ў нас, пасля зімовага і летняга семестраў (кожны доўжыцца па паўгады, але вучоба — чатыры месяцы, потым іспыты, потым прыкладна 1,5-2 месяца вакацыі, гэтага хапае, каб сустрэцца з бацькамі і адпачыць). А вось чаго няма, гэта панятку «допуск да іспыту» — цябе дапускаюць аўтаматам, і на большасці курсаў няма ніякага кантролю, ці ходзіш ты на лекцыі, ці не, тэарэтычна, можна прыходзіць ва ўнівер толькі на іспыты, — распавядае «Салiдарнасцi» Васіль. — То бок, тут вялікі ўпор на самаарганізацыю студэнтаў — для некаторых гэта добра, для іншых кепска. Наогул, стаўленне да цябе больш як да дарослага.
Калі ў Беларусі, як мне падаецца, праграма першых трох год навучання вядомая загадзя, то тут, на бакалаўрыяце, ёсць пэўная колькасць абавязковых прадметаў, але ёсць і пэўная свабода выбару. На магістратуры абавязковых прадметаў зусім мінімум і ты складаеш сабе праграму амаль што самастойна.
Яшчэ адзін пазітыўны момант – вялікая колькасць праграм па абмену. Як навучальных, пачынаючы ад тыднёвых курсаў, заканчваючы двума семестрамі ў другой кране ці doubledegree, так і даследчых, падчас канікул.
А гэта — досвед вучобы ў лепшых універах свету, ад суседніх краін Еўропы да Японіі, Амерыки і Паўднёвай Афрыкі, спазнанне іншай культурыі новыя кантакты, вялікі крок у асабістым росце і незабаўныя ўражанні.
Першы семестр, згадвае Васіль, быў настолькі насычаны і загружаны, што нічога апроч вучобы не паспяваў. Але ўжо з сярэдзіны другога хлопец пачаў падпрацоўваць — спачатку кур’ерам, потым — па спецыяльнасці.
Падчас навучання, прызнаецца ён, асноўную складанасць для яго прадстаўляла не мова, а агулам высокі ўзровень патрабаванняў — ягоны ўніверсітэт лічыцца адным з самых складаных у Германіі, а на спецыяльнасці, дзе вучыцца Васіль, бакалаўрыят сканчаюць менш як 50% студэнтаў.
— Калі параўноўваць — ведаю чалавека, які доўгі час вучыўся ў Вышэйшай школе эканомікі ў РФ, ён кажа, што там было больш складана.
«На інтэрнаты ёсць чэргі, у сярэднім трэба пачакаць 2-3 семестры»
У Мюнхене, расказвае беларус, досыць вялікае рускамоўнае кам’юніці:
— І тут залежыць, мне падаецца, ад таго, у чым менавіта вы зацікаўлены: калі менш выходзіць з зоны камфорту — то можна заставацца ў межах гэтага кам’юніці і адносна нармалёва пачувацца, калі ж насамрэч ёсць патрэба інтэгравацца ў нямецкае грамадства, для асабістага росту карысна часцей стасавацца з немцамі і з іншымі замежнікамі.
На ІТ-спецыяльнасцях у нас вельмі многа студэнтаў з усялякіх краін, гэтакі інтэрнацыянал, то заўжды можна знайсці кампанію, яка табе даспадобы.
Адчувальная для кожнага студэнта праблема з жытлом у Баварыі стаіць яшчэ больш востра: цэны на арэндныя кватэры насамрэч высокія, а непасрэдна Мюнхен наогул б’е рэкорды.
— Што да жытла — залежыць ад горада і ўнівера, — заўважае Васіль. — У большасці дзяржаўных устаноў ёсць інтэрнаты, але гэта не азначае, што з першага семестра там будзе месца.
У мой першы год у штудзіенколег пашчасціла атрымаць месца адразу ў інтэрнаце (жыў там з 12 суседзямі, пераважна немцамі, што таксама вельмі дапамагло ў інтэграцыі), але ж пры пераездзе ў Мюнхен давялося пэўны час шукаць, дзе жыць, і з гэтым пытаннем не ўсё так проста.
У асноўным студэнты жывуць тут у Wohngemeinschaft, словам, здымаюць пакой ці кватэру з сябрамі. На інтэрнаты ёсць чэргі, у сярэднім трэба пачакаць 2-3 семестры, каб атрымаць месца.
Калі казаць пра кошты, самая вялікая лічба, што я чуў, складала €1800 на месяц — чалавек не знайшоў кватэры і жыў у чымсьці кшталту гатэля. Я зараз плачу крыху менш за €400 у інтэрнаце, у прынцыпе, можна разлічваць на €400-700 і за пакой у кватэры, калі выдаткаваць час і сілы на пошук добрага жытла.
Што наконт зніжак і бонусаў для студэнтаў? Васіль кажа, што ў Мюнхене ёсць нямала гурткоў і секцый для студэнтаў — за €10-30 на месяц можна займацца «па сутнасці, чым заўгодна, ад футболу да танцаў ці нават квідзічу».
— У плане спорту тут усё даволі крута, напэўна, кожная трэнажорная зала мае свае дысконт-праграмы. Ды і ўвогуле зніжкі даволі проста знайсці — у крамах, транспарце і г.д.
Акрамя таго, што вельмі зручна для вучобы — па Мюнхене раскіданая вялікая колькасць бібліятэк, і студэнты могуць атрымаць доступ у любую з іх, незалежна ад спецыяльнасці, на якой вучацца. Такая ж схема дзейнічае адносна сталовак.
— Праўда, я не вялікі фанат тутэйшых сталовак, — усміхаецца хлопец, — мне танней выходзіць самому нешта гатаваць. Але ж ежа там добрая.
«Было б прышпільна прыехаць у Беларусь гадоў праз дзесяць»
— Што далей? Пакуль вучоба яшчэ ідзе, пра далёкія планы складана разважаць.
Было б нядрэнна перайсці на фултайм працу і разабрацца з нямецкімі дакументамі, каб больш упэўнена сябе адчуваць. Тым больш, з працай я не бачу вялікіх складанасцяў: Мюнхен, мабыць, другі пасля Берліна ці нават нароўні з ім па развіцці IT-індустрыі, тут шмат кампаній, у тым ліку амерыканскіх — ёсць офісы Apple, Amazon, Microsoft, Google, плюс вялікая колькасць нямецкіх кампаній.
Праўда, каб прэтэндаваць на добрае месца, трэба паказваць нешта большае, чым толькі поспехі ў вучобе, мець нейкія свае праекты.
Назад у Беларусь было б прышпільна прыехаць праз нейкі час, гадоў дзесяць, і ўжо тады развіваць сваю справу ці прымяняць досвед кваліфікаванага спецыяліста. Але, зноў жа, гэта цяперашнія мае развагі, а хто ведае, як там складзецца праз 10-20 год.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное