Общество
Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

На плошчы Незалежнасці паклалі радыеактыўную плітку

Як даведалася Еўрарадыё, тратуарная плітка, якой выкладзеная плошча Незалежнасці ў Мінску, мае павышаны радыеактыўны фон. Гэтую плітку ўвогуле катэгарычна забаронена прымяняць на тэрыторыі горада. Чыноўнікі яшчэ у траўні даведаліся, што ўзровень радыяцыі ў ёй перавышае нармальны ў 2 разы, аднак небяспечная плітка “ўпрыгожвае” плошчу да гэтага часу

“Эфектыўная магутнасць гама-выпраменьванняў ад тратуарнай пліткі перавышае больш чым на 0,2мкЗв/гадз. магутнасць дозы фонавага выпраменьвання, што з’яўляецца недапушчальным пры праектаванні ў будаўніцтве”, — так запісана ў пратаколе выпрабаванняў аддзела радыяцыйнай бяспекі і аховы працы Інстытута энэргетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны”.

Цікава, што заказчыкам майскіх лабараторных даследаванняў было Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Такім чынам, на плошчы Незалежнасці шукалі не радыяцыю, а эканамічныя парушэнні. Можа, таму ўжо шэсць месяцаў чіноўнікі не ведаюць, што рабіць з гэтай гранітнай пліткай…

Загадчык аддзела радыяцыйнай бяспекі Інстытута “Сосны” Аляксандр Мазанік пацвердзіў Еўрарадыё інфармацыю пра павышаную радыеактыўнасць тратуарнай пліткі на плошчы. Па яго словах, даследаванні праводзіліся не для таго, каб вызначыць наколькі выпраменьванне ад пліткі шкоднае для здароўя людзей, а каб праверыць… сертыфікаты адпаведнасці на яе.

Аляксандр Мазанік: “Усё пытанне было звязана не столькі са здароўем, колькі з тым, ці парушаныя працэдуры пры праверцы сертыфікатаў, калі клалася гэтая плітка”.

Па словах навукоўца, плітка ад пачатку мела павышаную радыеактыўнасць, да апрацоўкі на вытворчасці. Гэта значыць, што ў тым кар’еры, адкуль прывезлі граніт на завод, быў вялікі ўзровень радыяцыі.

Аляксандр Мазанік: “Гэта прыродная плітка, з кар’ера ўзятая. Штучна туды нічога не дадавалі, гэта ўсё ад прыроды. І гэта — радый, торый. Яны і даюць радыеактыўнасць”.

Сферай прымянення такіх будаўнічых матэрыялаў з’яўляецца дарожнае будаўніцтва па-за межамі населеных пунктаў”. Толькі казаць, наколькі плітка на плошчы небяспечная для здароўя людзей ды ці можна на ёй сядзець, загадчык аддзела радыяцыйнай бяспекі адмовіўся.

Аляксандр Мазанік: “Мая справа была памераць і даць вынікі тым, хто прымае рашэнне. Што я магу параіць — сядзець ці не сядзець… Я б увогуле не засяроджваў увагу на гэтым. Калі б я так засяроджваў, то не працаваў бы на гэтым месцы”.

Ці прыбяруць плітку з плошчы, чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)