Скандалы

На мытні канфіскавалі часопіс ARCHE

24 кастрычніка ў Брэсце на мытні канфіскавалі на экспэртызу дзесяць асобнікаў апошняга нумару часопісу ARCHE. Мытнікі падазраюць, што «звесткі, надрукаваныя ў часопісе, могуць шкодзіць нацыянальным інтарэсам РБ».

Часопісы, якія вёз у сваім чамадане грамадзянін Беларусі Аляксандар П., прызначаліся для польскіх аўтараў выдання, адзначае ”Наша нiва”. У нумары была надрукавана 300-старонкавая кніга маладога гісторыка Конрада Бабятынскага «Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654—1655)» і праца Рафала Унука пра беларускі антыкамуністычны супраціў пасьля Другой сусветнай вайны. Рэшта нумароў мела трапіць у бібліятэкі шэрагу унівэрсытэтаў, а таксама прызначалася польскім прафэсарам гісторыі — Закшэўскаму, Нагельскаму, Рахубу.

— Такія выпадкі здараліся і ў мінулыя гады — часам часопіс у выніку прызнавалі законным, бо ён такі і ёсць, і прапаноўвалі прыехаць забраць на мытню, а часам паасобнікі знікалі ў лабірынтах сістэмы, — адзначае заснавальнік ARCHE Андрэй Дынько. — Гэтым разам адбылася рэкордная, прынамсі па вазе, канфіскацыя.

Часопіс складаўся з 1082 старонак вялікага фармату, кожны вагою пад кілаграм.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)