Лица

Наталля Лубнеўская, Наша Ніна

«На мяне паступіў ананімны данос». Кацярына Пытлева – пра ад’езд з Беларусі

Вядучая Кацярына Пытлева апошнія два месяцы жыве ў Літве. Яна з’ехала разам з мужам і дзецьмі пасля таго, як даведалася, што ёй можа пагражаць крымінальная справа. Пра «ананімку», званкі з міліцыі і новую працу яна расказала «Нашай Ніне».

Фота з асабістага архіву

— Я ніколі не хацела з’язджаць з Беларусі, нават пасля першых арыштаў калег яшчэ восенню, — кажа Кацярына. — Некалькі разоў, калі суседзі казалі пра сачэнне пад пад’ездам, я з дзецьмі з’язджала і некалькі тыдняў не жыла дома.

Але Следчы камітэт, можна сказаць, сам падштурхнуў нас да гэтага рашэння. Бо адседзець суткі я гатова, муж ужо адседзеў, а вось атрымаць тэрмін па выдуманай прычыне і праз ананімны данос я не хацела. І зразумела, што буду больш карысная на волі, няхай і ў іншай краіне.

***

Пасля таго як у ліпені вядучая сышла з БТ, ціск не скончыўся. Праз пару месяцаў яе звольнілі з радыё, і Кацярына засталася без працы наогул. Узніклі пытанні і да ІП яе мужа Аляксея.

— Яго выклікалі ў РУУС і так і заявілі — паступіла распараджэнне разабрацца ў эканамічнай дзейнасці. Хоць яго ІП існавала менш за год і супрацоўнічала ўсяго з адным заказчыкам (Аляксей рыхтаваў кантэнт для радыё. — «НН»), ніякіх парушэнняў не было.

***

Пасля з міліцыі патэлефанавалі Кацярыне. Маўляў, паступіў ананімны данос, што яна абразіла дзяржаўны герб у сацсетках, ідзе праверка. Задавалі пытанні пра пост, дзе вядучая размясціла фотакалаж беларускага герба, у якім замест кветак — чорныя дубінкі, а ў цэнтры — шлем амапаўца.

***

— Па гэтым артыкуле (370 Крымінальнага кодэкса. — «НН») мне маглі прыпісаць тэрмін да года абмежавання волі. Мы параіліся з адвакатам і вырашылі з’ехаць, бо ва ўмовах прававога дэфолту ў нашай краіне гэтыя праверкі маглі скончыцца так, як скончыліся для многіх палітычных вязняў, — дзеліцца Кацярына. Павестка ад следчых ёй прышла, ужо калі яна з сям’ёй была за мяжой.

***

Зараз Кацярына жыве ў Літве. Працуе на ютуб-канале «Маланка медыя». Далучыцца да каманды яе запрашалі яшчэ летам, але тады вядучая не была гатова да пераезду.

***

— Мне радасна, што мой вопыт працы на тэлебачанні працягам амаль у 25 год знайшоў прымяненне, адчуваю сябе карыснай і займаюся важнай і любімай справай. На «Маланцы» я з’яўляюся аўтарам і вядучай двух праектаў — праграмы «Што добрага?» і дайджэста галоўнага за тыдзень «Усё адразу». Я сама пішу сцэнары і мантую. Таксама я стала праграмным дырэктарам канала, так што спатрэбіўся не толькі мой вопыт працы ў кадры».

Аляксей раней, апроч ІП, працаваў у Беларускім міжбанкаўскім разліковым цэнтры. А ў Літве таксама далучыўся да каманды канала: выпускае прамы эфір, мантуе ролікі, робіць графічныя элементы. «Ён даўно хацеў працаваць у гэтай сферы, і навыкі былі», — дадае Кацярына.

Малады ютуб-канал збірае шмат праглядаў. Для выпуска навін гэта можа быць 50-100 тысяч, асобныя інтэрв’ю — каля 270 тысяч.

***

— Думаю, цяпер людзям неабходныя новыя крыніцы інфармацыі, бо традыцыйныя — тэлебачанне і радыё — сябе дыскрэдытавалі. Асабліва вялікі запыт на незалежныя медыя і шчырую падачу інфармацыі, і менавіта таму «Маланка» так хутка расце, — мяркуе журналістка.

***

У камандзе праекта 10 чалавек. Канал плануюць развіваць па прынцыпе грамадскага тэлебачання. У хуткім часе збіраюцца запусціць сістэму платнай падпіскі і данатаў на асобныя праекты.

***

— Адчуваю сябе на сваім месцы, і мяне вельмі падтрымліваюць каментары ад маіх даўніх гледачоў і прыхільнікаў маіх мінулых тэлевезійных праектаў. Але галоўнае — мы стараемся натхняць тых, хто хоча перамен, і, мяркуючы па водгуках, у нас атрымліваецца, — апісвае Кацярына ўражанні ад новай працы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(14)