Общество
Ілля Горын

На мінскім чыгуначным вакзале шукалі бомбу. На гродзенскай прывакзальнай плошчы — таксама. Але ж у пакунку апынуліся тэрмас і ежа

Каля 500 чалавек былі эвакуіраваныя з чыгуначнага вакзала ў Мінску 25 ліпеня а пятай раніцы. Невядомы паведаміў у міліцыю, што ў будынку знаходзіцца выбухное прыстасаванне. Напярэдадні ўвечары на гродзенскай прывакзальнай плошчы таксама эвакуіравалі людзей: на прыпынку быў знойдзены падазроны пакунак.

На мінскім чыгуначным вакзале бомбу шукалі каля гадзіны. Толькі ў 6.25 пасажыраў і супрацоўнікаў чыгункі пачалі прапускаць на вакзал. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў транспартнай міліцыі.

Праваахоўнікі адзначылі, што паведамленне аб мініраванні вакзала не звязваюць з выбухамі ў Мінску. Тым не менш расследаваннем справы будзе займацца міліцыя горада.

— Было эвакуіравана каля 500 чалавек, але інфармацыя не пацвердзілася. 24 ліпеня было аналагічнае паведамленне недзе па горадзе, таму справай будзе займацца гарадское ўпраўленне, — паведамілі ў транспартнай міліцыі.

24 ліпеня ўвечары падобнае відовішча можна было назіраць на гродзенскай прывакзальнай плошчы. Як паведаміла ”Радыё Рацыя”, там таксама шукалі бомбу. Cупрацоўнікі міліцыі ачапілі чыгуначную плошчу. Паводле словаў сведкаў, паміж кіёскамі знайшлі чырвоны пакунак, перавязаны стужкай, у якім, па меркаванні міліцыянтаў, маглі знаходзіцца выбуховыя рэчывы. З плошчы эвакуявалі ўсіх людзей, аўтамабілі. Таксама быў спынены рух транспарту. Пакунак даследвалі прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных здарэннях.

— Пра пакунак у міліцыю паведамілі добрыя людзі. Але ж высветлілася, што ўнутры яго былі тэрмас і ежа, — падвялі вынік “Салідарнасці” ў Ленінскім РАУС Гродна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)