Общество
Таццяна Гусева

На месцы музея Багдановіча могуць з’явіцца клуб ці казіно?

Прадстаўнікі культурнай эліты і грамадскаці ўстрывожаныя навіной пра тое, што музей класіка беларускай літаратуры, страціць статус музея. За гэтым можа стаяць чыёсьці імкненне атрымаць будынак у прэстыжным месцы, лічыць пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Інфармацыю пра ліквідацыю музея як юрыдычнай адзінкі, пацвердзіла дырэктарка ўстановы Таццяна Шэляговіч. Плануецца, што музей Максіма Багдановіча стане філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

У інтэрв’ю naviny.by яна патлумачыла, што лёс музею вырашаецца ў Савеце міністраў.

Пасля прыняцця рашэння, якое чакаецца да новага году, музей Максіма Багдановіча перастане быць юрыдычнай асобай. Новы статус музея пазбаўляе яго экскурсійна-масавага, экспазіцыйнага, фондавага аддзелаў. Пасля рэарганізацыі ў філіяле застануцца загадчык і некалькі супрацоўнікаў, то бок 5-7 чалавек. “А можа і таго меней”, мяркуе Таццяна Шэляговіч. На сёння ў штаце музею 40 чалавек.

Літаратары і дзеячы культуры не згодныя з рашэннем Мінкульта, згодна з якім музей Багдановіча знікае як самастойная адзінка. Яны лічаць гэта сур’ёзным ударам па беларускай культуры.

– Гэта паніжае статус музея, прысвечанага геніяльнаму творцу, імя якога ў адным шэрагу з імёнамі Купалы і Коласа, – мяркуе пісьменнік Уладзімір Арлоў. – Такім чынам музей Багдановіча хочуць зрабіць філіялам музея гісторыі беларускай культуры. Але музей Багдановіча мае свае філіялы – “Беларускую хатку” і “Фальварак Ракуцёўшчына”. Паўстае пытанне, што будзе ў выніку аптымізацыі з імі? Яны ператворацца ў філіялы філіялаў?

На думку Уладзіміра Арлова, музей Багдановіча працуе эфектыўна.

– Ён быў адзначаны ў ліку найлепшых літаратурных музеяў на нацыянальным форуме “Музеі Беларусі трэцяга тысячагодзя”. Установа актыўна працуе з музеямі Польшчы, Украіны і Расіі. Выстава, прысвечаная 120-годдзю Максіма Багдановіча, пабывала ў васьмі краінах... Не хацелася б думаць, што менавіта такая плённая праца музея Багдановіча па папулярызацыі яго спадчыны і ўвогуле беларускай літаратуры зрабілася прычынай для гэтай самай аптымізацыі і паніжэня статусу музея.

Каму выгадна ліквідаваць музей як самастойную адзінку і скарачаць штат амаль у 8 разоў (пры тым, што ў іншых дзяржустановах культуры аптымізацыя прадугледжвае 25-30 адсоткаў)?

– Так званая аптымізацыя – гэта вынік бяздумнасці ці безадказнасці работнікаў і кіраўніцтва Міністэрства культуры. Не выключана, што за гэтай сітуацыяй стаіць чыёсьці імкненне атрымаць будынак у прэстыжным месцы, – разважае Уладзімір Арлоў. – Спачатку зробяць філіял, потым – пазбавяць будынку і, урэшце, у музеі гісторыі беларускай літаратуры з’явіца сціплая зала, прысвечаная Багдановічу.

Сама дырэктарка музея Таццяна Шэляговіч пра лёс будынка выказваецца асцярожна:

– Мы застаемся там жа. Пакуль застаемся. Што будзе далей, адзін Бог ведае. (з каментара Naviny.by).

– Хочацца спадзявацца, што людзі, якія працуюць у Савеце міністраў і ад якіх залежыць лёс музея, ведаюць, хто такі Максім Багдановіч, уяўляюць яго значнасць для нашай культуры, для прэстыжа яе на міжнароднай арэне і што чыясьці рука выкрасліць радок пра далучэнне музея Максіма Багдановіча да іншага музея, – выказаў спадзяванне Уладзімір Арлоў.

Дадамо ад сябе: калі да грамадскасці не прыслухаюцца, сапраўды, няма ніякіх гарантыяў, што аднойчы мы прачнемся і ў Траецкім прадмесці на месцы музея Багдановіча ўбачым казіно ці клуб.