Общество
Радыё Свабода

На мапе Беларусі зноў зьявіцца вёска Парыж

Пастаўскі райсавет прыняў рашэньне вярнуць вёсцы Навадруцк яе першапачатковую назву Парыж. Народныя паданьні сьведчаць, што Парыжам гэтае паселішча назваў Напалеон Банапарт падчас вайны 1812 году. Бальшыня месьцічаў пажадалі аднавіць гістарычны назоў.

Навадруцкам вёска Парыж стала ў савецкія 1970-я, падчас масавых заменаў так званых “немілагучных” ці буржуазных назваў. Вяртаньне вёсцы яе гістарычнай назвы — вынік дзейнасьці ініцыятыўнай групы на чале з карэннай жыхаркай Аленай Васілеўскай.

(Васілеўская: ) “Трыццаць тры гады мы дамагаліся, але дабіліся ўсё ж. Мы — законныя парыжане. Трэба ж, каб была гістарычная справядлівасьць. Той жа не чалавек, які ня памятае сваё мінулае”.

З пакаленьня ў пакаленьне вяскоўцаў перадаецца паданьне, як падчас вайны 1812 году ў мясцовым графскім палацы спыніўся Напалеон і, пабачыўшы хараство навакольля, сказаў, што тут будзе маленькі Парыж. Якраз гэты факт і ёсьць не даспадобы некаторым месьцічам, кажа супрацоўніца пастаўскага краязнаўчага музэю Лідзія Невар.

(Невар: ) “Людзям у пашпартах цікава мець запіс: нарадзіўся ў Парыжы. Але ў нас свая гісторыя, свая прыгажосьць. Навошта нам заваёўнік, праслаўляць яго?”

Яшчэ адной з праблемаў мясцовыя ўлады лічаць дадатковыя фінансавыя выдаткі, але патрабаваньням вяскоўцаў усё ж саступілі, кажа кіраўніца справаў Пастаўскага райвыканкаму Вольга Мышко.

(Мышко: ) “Спачатку крыху былі супраць гэтага, бо шмат жа грошай трэба на перайменаваньне ўсяго, дакумэнтаў, пячатак. Сварыліся, але ўсё ж перайменавалі”.

Мясцовая краязнаўца Алена Васілеўская шкадуе толькі пра тое, што змаганьне за Парыж заняло больш за тры дзесяцігодзьдзі, і шмат якія магчымасьці цяпер страчаныя.

(Васілеўская: ) “У нашым Парыжы было вельмі добра. У нас быў надта добры начальнік. Быў бы ў нас і Луўр, і мініятурная Эйфэлева вежа, і Елісейскія палі — ўсё б у нас было. А зараз ня ведаю: усё ўпіраецца ў фінансы”.

Ініцыятыва парыжанаў у справе вяртаньня гістарычных назваў паселішчаў у Беларусі цяпер не адзінкавая. Нядаўна жыхары вёскі Нёман Узьдзенскага раёну вярнулі ранейшую назву паселішчу — Магільнае. Перайменаваньня вёскі Вішнявец у Гавязну дамагаюцца зараз у Стаўбцоўскім раёне. Вось як гэтыя факты пракамэнтаваў філёзаф Валянцін Акудовіч.

(Акудовіч: ) “Пытаньне ў тым, наколькі гэта тэндэнцыя ці асобныя выпадкі. Я ўсё ж думаю, што ня могуць не адбывацца такія зрухі з самых розных прычынаў: хоць улада й цісьне на любыя праявы грамадзянскай і незалежніцкай ініцыятывы — гэта пачатак таго, чаго й чакалася: калі вось гэта пачынаецца з зямлі, з каранёў, ад людзей, якія стаяць на гэтай зямлі. Гэта можа яшчэ рэдка й бессыстэмна, але пачынае адбывацца, і гэта добры знак”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)