На ляхавіцкіх могілках абрынулася капліца ХІХ стагоддзя
Яна належыла роду буйных землеўласнікаў Рэйтанаў. Краязнаўцы просяць дапамогі ў аднаўленні помніка.
Фота з вокладкі кнігі «Zabytkowe cmentarze na Kresach Wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej. Województwo nowogródzkie»; Кастусь Шастоўскі
У рэдакцыю «Салідарнасці» звярнуўся гісторык і краязнаўца Ігар Гавіна. Ён расказаў пра здарэнне ў Ляхавічах. У пачатку ліпеня на мясцовых могілках разбурылася капліца ХІХ стагоддзя, якая належыла магнацкаму роду Рэйтанаў.
— Гэта былыя каталіцкія могілкі, якія з пачатку ХХ стагоддзя сталі праваслаўнымі? — расказаў Ігар Гавіна. — Капліца была адным з найстарэйшых збудаванняў Ляхавічаў, што захаваліся да нашых дзён. Мінулай восенню арт-суполкі імя імя Тадэвуша Рэйтана ўзялося адрамантаваць капліцу, у якой разбурылася адна з чатырох калонаў апораў. Мы паспелі накрыць капліцу часовым дахам. Акурат зараз збіраліся ўзяцца за асноўны рамонт. Але капліца разбурылася.
Так капліца выглядае пасля разбурэння
Ігар Гавіна кажа, што пра прыблізны час разбурэння даведаўся ад бабулі, што падпрацоўвае на могілках. Па яе словах, гэта здарылася перад 3 ліпеня.
Сябра арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Зміцер Юркевіч расказаў, што капліца Рэйтанаў не ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны.
— Былы начальнік аддзела культуры ляхавіцкага райвыканкама дазволіў нам праводзіць супрацьаварыйныя працы. Акрамя дазволу ніякай іншай дапамогі ад уладаў не было. Дзіўна, што такі знакавы аб’ект нікога не зацікавіў — ні ўлады, ні царкву з касцёлам.
Па словах Змітра Юркевіча, на могілках засталіся яшчэ тры паўразбураныя капліцы — капліца-пахавальня Леаніды Солтанавай з роду Вузлоўскіх і дзве безыменныя.
Разбураная капліца стаіць на месцы родавага пахавання Рэйтанаў. Тут знайшлі спачын родныя Тадэвуша Рэйтана — ягоны ўнук Дамінік (у капліцы захаваўся металічны помнік), герой вайны 1812 года, які змагаўся на баку Напалеона, і браты Міхал Рэйтан, пісар земскі наваградскі і Станіслаў. Дзе пахаваныя многія іншыя прадстаўнікі роду Рэйтанаў — дагэтуль невядома.
Сярод друзу разбуранай капліцы краязнаўцы знайшлі некалькі цаглін, што захавалі сляды свойскай жывёлы
Сябры Таварыства Тадэвуша Рэйтана заклікаюць усіх неабыякавых людзей дапамагчы ў выратаванні капліцы. Цяпер вядзецца праца па разборцы цэглы, з мэтай будучай рэстаўрацыі. Працы плануецца працягнуць у наступную суботу, 19 ліпеня, гаворыцца на старонцы суполкі ў Facebook.
Кантакты:
Зміцер Юркевіч +375 33 3757250 (МТС)
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное