«На кухні з выкладчыкам выкурвалі па пачцы цыгарэтаў». Што даў Беларускі калегіум выпускнікам?
У гэтым годзе Беларускі Калегіум адзначае сваё двадцацігоддзе.
Ён паўстаў у лістападзе 1997 году, а ў кастрычніку 1998-га абвясціў першы набор студэнтаў. Калегіум вядзе навучанне па чатырох напрамках: журналістыка, філасофія/літаратура, найноўшая гісторыя, еўрапеістыка. Сярод выкладчыкаў – выбітныя інтэлектуалы, спецыялісты ў сваіх галінах.
З нагоды юбілейнай даты мы спыталіся, як Калегіўм паўплываў на ягоных выпускнікоў.
Сяргей Будкін, рэдактар парталу «Тузін Гітоў»: «Калегіюм для мяне быў журфакам наадварот»
Фота Джона Кунстадтэра, узятае с сайту budzma.org
– Я вучыўся на адзьдзяленьні «журналістыка» у 2002-2005 гадах. Даведаўся пра набор у Калегіюм з абвесткі ў газэце «Наша Ніва», у якой на той час друкаваўся.
Ад 2003 году я кірую інтэрнэт-парталам TuzinFM.by, які займаецца арганізацыяй і правязеньнем культурных праектаў. Адзін з маіх першых праектаў у сфэры культуры якраз і зьвязаны з Беларускім калегіюмам. Гэта кніга «Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола», прысьвечаная 30 галоўным беларускім музычным альбомам. Фактычна гэта быў студэнцкі праект, які ад БК курыраваў Максім Жбанкоў. Акрамя мяне ў ім удзельнічалі Павал Сьвярдлоў, Аляксей Стрэльнікаў – знаныя на сёньня беларускія журналісты.
Кніга была выдадзена дзякуючы якраз «Беларускаму калегіюму» і няблага разышлася. Дарэчы, падчас працы над ёй я і пазнаёміўся з большасьцю нашых музыкаў – Вольскім, Кірчуком, Варашкевічам, Кругловай ды іншымі.
Калегіюм для мяне быў журфакам наадварот. У той жа час вучыўся ў БДУ і мог параўноўваць, наколькі адрозна выкладаюцца асновы журналістыкі: лекцыі у БК давалі ня толькі пэўную інфармацыю, але і адкрывалі пэрспэктывы, было вельмі шмат практычных рэчаў. А яшчэ гэта была крыніцай натхненьня, дзякуючы выдатна падабранаму выкладчыцкаму складу.
Згадваюцца доўгія размовы на кухні БК з Алесем Анціпенкам на тэму выпускной працы, калі выкурвалася па пачцы цыгарэтаў з кожнага боку, лекцыі сапраўдных прафэсыяналаў у сваёй справе – Тацяны Мельнічук, Юрася Карманава, Міколы Дзябёлы, якія рэальна натхнялі на далейшую працу, на адкрыцьцё сваіх уласных магчымасьцяў і пашырэньне далягляду.
Асабліва вылучу Максіма Жбанкова, які безумоўна паўплываў на мяне як падчас лекцый, так і ў размовах пасьля іх і сустрэчах па-за імі. Максім спрычыніўся да фармаваньня маіх густаў, дзякуючы сваім топ-лістам, якія ён раздаваў студэнтам («100 галоўных фільмаў», «100 галоўных альбомаў»). Лічу яго наогул найлепшым выкладчыкам, бо ён не распавядае, а шаманіць проста. Зь ім я абмяркоўваў (і абмяркоўваю дагэтуль) свае праекты, якія хачу рэалізаваць і заўжды рады пачуць ад яго водгук (які, дарэчы, не заўжды станоўчы:) і ўлічыць заўвагі на далейшае.
Наталля Харытанюк, пісьменніца: «Самае каштоўнае, што я там знайшла – асяродак вельмі творчых людзей»
Фота з асабістай старонкі на facebook.com
– Перш за ўсё згадваецца Валянцін Акудовіч, якога хацелася слухаць і слухаць. І аднакурснікі, якія чытаюць свае эсэ (а цяпер, праз 10 год, усе яны ці перакладчыкі, ці літаратары). Аддзяленне нашае было аддзяленнем філасофіі і літаратуры, я там займалася ў 2006-2008 гадах. Даведалася я пра Калегіюм у рэдакцыі «Нашай Нівы».
І самае каштоўнае, што я там знайшла – асяродак вельмі творчых людзей, з якімі і цяпер часта бачуся. За гэтыя 10 год пасля Калегіуму я выпусціла дзве кнігі, цяпер перакладаю. Стала ж працую выкладчыцай ангельскай мовы.
Глеб Лабадзенка, журналіст, паэт, заснавальнік курсаў «Мова Нанова», грамадскі дзеяч: «Гэта непаўторны час, у які мне вельмі хацелася б вярнуцца»
Фота Джона Кунстадтэра, узятае с сайту budzma.org
– Я скончыў Беларускі калегіум у 2007 годзе – аддзяленне філасофіі/літаратуры. Для мяне гэта стала лагічным працягам адукацыі ў Беларускім гуманітарным ліцэі. І па сённяшні дзень я перакананы, што ліцэй+калегіюм далі мне ў разы больш, чым журфак БДУ.
Самае важнае ў любой адукацыі – нават не перадача канкрэтных ведаў, а навучанне навучанню. Цябе вучаць імкнуцца да ведаў, спасцігаць новае, не спыняцца. Калегіум вучыў мысліць і рэфлексаваць.
Мне ўзгадваюцца ўтульныя сустрэчы з найвыбітнейшымі інтэлектуаламі нашай краіны – нам усім хацелася быць падобнымі да іх. Гэта непаўторны час, у які мне вельмі хацелася б вярнуцца.
Алесь Ярашэвіч, журналіст інтэрнэт-газеты Naviny.by: «Падчас навучання зразумеў, што знашоў тую сферу дзейнасці, якая мне падабаецца»
Фота з асабістай старонкі на facebook.com
– Я пайшоў у Калегіум пасля таго, як змяніў сферу дзейнасці. Пяць гадоў працаваў выкладчыкам замежных моваў, спецыялістам па продажах, перакладчыкам, а потым мяне паклікалі ў журналістыку. Паколькі адпаведнай адукацыі не было, то вырашыў павучыцца ў Калегіуме – здаецца, даведаўся пра яго ад сяброў.
Думаю, там за два гады навучання мне далі столькі, колькі я атрымаў бы за пяць гадоў універсітэта. Пры тым што заняткі праходзілі далёка не 5-6 разоў на тыдзень. Больш за усё падчас вучобы падабалася выконваць практычныя заданні ад выкладчыкаў і дыскутаваць з імі пра актуальныя тэмы.
Увогуле падчас навучання я зразумеў, што знашоў тую сферу дзейнасці, якая мне падабаецца. Журналістыка прыносіць мне задавальненне і, канешне, грошы.
Спачатку працаваў у газеце «Піўная», потым крыху пісаў для budzma.org. З 2011 па 2013 год працаваў на «Радыё Рацыя». А з 2014-га – на Naviny.by.
Максім Сарычаў, фатограф: «Калегіум даў мне вельмі важнае – паглыбленне ў культурнае асяроддзе»
Фота Рыты Кірылкінай
– Я скончыў вучобу ў Калегіуме пяць гадоў таму. У той момант ён даў мне вельмі важнае – паглыбленне ў культурнае асяроддзе, якога тады мне так не хапала ў Беларусі. Гэта было першае знаёмства з журналістыкай: разуменне правілаў, этыкі, падыходаў і жанраў. На паўгадавым спецкурсе Андрэя Лянкевіча адкрыў для сябе дакументальную фатаграфію. Менавіта тады прыйшло разуменне фатаграфіі як універсальнага інструмента, з дапамогай якога можна казаць пра зусім розныя тэмы.
Тады ж, пасля заканчэння Калегіуму, у нас, унутры свайго калектыву навучэнцаў, быў важны досвед стварэння медыя-праекта Kalidor.net (2014-2015) аб сацыякультурных працэсах Еўропы і Беларусі. Мы знаёмілі беларускую аўдыторыю з еўрапейскім культурным кантэкстам (перакладаючы артыкулы еўрапейскіх СМІ), рабілі аўтарскія лонгрыды на тэмы, якія нас цікавілі ўнутры краіны, шукалі новыя спосабы апавядання.
Зараз балансую паміж праграмаваннем, працай над працяглымі персанальнымі фотапраектамі і фотажурналістыкай для замежных СМІ.
Наталля Бінкевіч, скончыла Беларусі калегіум у 2017-м: «Дзякуючы Калегіуму я вальней пачуваюся ў Беларусі»
Фота з архіву Наталлі Бінкевіч
– Трапіла ў Беларускі калегіум даволі проста: у інтэрнэце прачытала падрабязнасці пра форму выкладання ў БК на аддзяленні Філасофія/літаратура (куратар Валянцін Акудовіч), пра тэмы, якія там уздымаюцца. Гэта мяне па-добраму зачапіла. Я ўявіла гэтыя заняткі, а ў выніку яны ў нечым былі нават лепшымі за мае чаканні.
У БК або вучыліся, або выкладалі/выкладаюць людзі з літаратуры (ды і спецыялісты з іншых сфераў дзейнасці), якіх я паважаю: свабодамысныя, цікаўныя, якіх я чытала і чытаю.
Дзякуючы БК я вальней пачуваюся ў Беларусі. Разумею, што я не адна ў сваім мысленні і лепей арыентуюся ў беларускай сітуацыі.
Што ўзгадваецца з вучобы? Прыглушанае святло ў ПЭН-цэнтры, мае аднагрупніцы і аднагрупнікі, спадар Акудовіч, «Ліючаяся форма».
На першых занятках па філасофіі спадар Акудовіч прапанаваў прачытаць эсэ Ігната Канчэўскага (Абдзіраловіча) «Адвечным шляхам» 1921 года. Вельмі ўразіла і вам раю таксама. Аўтар прапанаваў такі спосаб жыцця: мяняць аджылыя формы жыцця на новыя і пастаянна развівацца.
Пасля вучобы ў Калегіуме працягваю працаваць ў нямецкай і беларускай рэдакцыях Міжнароднага радыё «Беларусь» (Белтэлерадыёкампанія).
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное