На Крычаўскім цэмэнтным заводзе аварыя, апякліся людзі
Пра надзвычайнае здарэньне Свабодзе паведамілі рабочыя. Адміністрацыя абвяргае сам факт аварыі.
На Крычаўскім цэмзаводзе, як заяўляюць яго працоўныя, здарылася аварыя. Падчас прафіляктычных прац з вышыні абрынуўся вялікі аб’ём гарачай цэмэнтнай масы. Некалькі чалавек апякліся. Кіраўніцтва прадпрыемства адмаўляе факт надзвычайнага здарэньня.
Паводле працоўных, аварыя здарылася ў ноч з 15 на 16 сакавіка, калі абсталяваньне чысьцілі ад наліплай гарачай сыравіны на вышыні 60 м.
«Адбыўся абвал гэтага матэрыялу з мэталічнай ёмістасьці. Тэмпэратура масы сягала 700 градусаў. Ня вытрымалі люкі, і гэты матэрыял пасыпаўся на зямлю, ламаючы ўсё на сваім шляху, — апавядае адзін з працоўных пра здарэньне. — Застаецца пытаньне, чаму вырашылі праводзіць гэтую працу ноччу. Магчыма, таму, што ўдзень гэтае месца даволі ажыўленае, а падобнае здарэньне ўсё ж дапускалася».
Людзі, якія праводзілі прафіляктыку, апякліся, кажа працаўнік заводу, але ўсе засталіся жывыя. Аварыя, на ягоную думку была выкліканая кепскімі разьлікамі тых, хто адказваў за правядзеньне гэтай працы.
Фота, дасланае працоўнымі цэмзаводу. На ім аплаўленыя плястыкавыя дзьверы. Як кажуць працоўныя — гэта сьведчыць пра тэмпэратуру той масы, якая абрынуласяФота, дасланае працоўнымі цэмзаводу. На ім аплаўленыя плястыкавыя дзьверы. Як кажуць працоўныя — гэта сьведчыць пра тэмпэратуру той масы, якая абрынулася
Суразмоўца кажа, што ноччу на заводзе не было фэльчара, і хуткую дапамогу выклікалі з райцэнтру, які ад заводу за дзясятак кілямэтраў. Паводле працоўнага, двое ягоных калегаў цяпер у бальніцы.
«Наступствы аварыі ліквідаваліся аўральна ўдзень. Людзей сагналі, каб прыбраць масу, якая абрынулася, каб і знаку не засталося. Мы пасьпелі зрабіць фота аплаўленых плястыкавых дзьвярэй. Па тым, як яны пашкоджаныя, можна казаць пра тэмпэратуру матэрыялу, які абваліўся на зямлю. Дзьверы ўжо замянілі. Гэта ўваход у цэнтральны пульт кіраваньня. Просьба была кіраўніцтва прадпрыемства да працоўных не разгалошваць тое, што адбылося на прадпрыемстве», — сказаў працаўнік цэмзаводу, які пажадаў, каб ягонае імя не называлася.
У адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюць факт здарэньня. «Такога на заводзе не было», — заявіў прадстаўнік адміністрацыі.
У бальніцы таксама ня хочуць даваць інфармацыю, ці паступалі з цэмзаводу людзі. Гэта могуць паведаміць толькі сваякам.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, усяго пацярпела пяць чалавек, двое застаюцца ў шпіталі.
Новы цэмэнтны завод на чыгуначнай станцыі Каменка, што пад Крычавам, запусьцілі 16 жніўня 2013 году. Будавалі яго на кітайскія грошы.
Читайте еще
Избранное