На Кастрычніцкай плошчы затрымалі ўдзельнікаў малітвы за палітвязьняў

У сераду вечарам на Кастрычніцкай плошчы Менску затрымалі пяць грамадзкіх актывістаў, якія спрабавалі правесьці малітву за палітвязьняў. Сярод іншых — Ганну Шапуцьку, Ніну Багінскую, Тацяну Кім, Аляксандра Макаева.

Як паведаміла адна з удзельніц малітоўнай акцыі Тацяна Зянько, людзі падышлі да адзнакі нулявога кілямэтра на Кастрычніцкай плошчы, але не пасьпелі распачаць малітву. Да іх адразу падскочылі невядомыя ў чорным на чале з палкоўнікам менскай міліцыі Ігарам Яўсеевым і пачалі заштурхоўваць людзей у аўтобус, які пад’ехаў. Яны адмаўляліся прадставіцца і назваць прычыну затрыманьня. Затрыманых адвезлі ў Цэнтральным РУУС.

Грамадзкія актывісты і вернікі праводзяць штодзённыя малітвы на Кастрычніцкай плошчы на знак салідарнасьці з палітвязьнямі. Затым удзельнікі акцыі праходзяць сымбалічны шлях ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці і завяршаюць малітву каля Чырвонага касьцёлу.

Апошнімі днямі за хадою малітоўнай акцыі пільна назіралі супрацоўнікі спэцслужбаў. Напярэдадні да малітоўнікаў падыходзіў кіраўнік РУУС Цэнтральнага раёну Менску Радзевіч і загадаў, каб «гэты цырк» быў апошні раз. Каб «на цырк хадзілі ў цырк, а на малітву ў касьцёл». У сваю чаргу ўдзельнікі вулічнай малітвы заяўляюць, што намерваюцца праводзіць малітву і надалей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)