На Гомельшчыне страйк: даяркі і мэханізатары пратэстуюць супраць звальненьня кіраўніка

9 кастрычніка калгаснiкi ААТ «Некрашынскі», жыхары вёскі Валосавічы Акцябрскага раёну ня выйшлі на працу.

— Раённая ўлада звольніла нашага дырэктара; у нас ніхто не спытаўся, прычын не патлумачылі. Мы супраць, — патлумачыла Свабодзе адна з даярак, Валянціна.

Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Некрашынскі» 19 гадоў узначальваў Васіль Лаханскі. Даяркі і мэханізатары хваляць яго.

— Лепшага за яго няма кіраўніка. Ён для нас стараўся. У нас у калгас едуць зь іншых вёсак працаваць. Мы будзем гарой стаяць за свайго дырэктара, адмаўляемся выходзіць на працу, пакуль яго ня вернуць, — заявіла Валянціна.

Да вяскоўцаў прыехаў старшыня Акцябрскага раённага абʼяднаньня прафсаюзаў Сяргей Зарычны.

— Ён нас угаворвае выйсьці на працу. Але прычыны звальненьня дырэктара нам не тлумачаць. Чалавек столькі гадоў адпрацаваў тут — і так яго растаптаць, — абураецца даярка.

Паводле яе, цяпер у Валосавічы прыехалі прадстаўнікі Акцябрскага райвыканкаму і міліцыі, але да людзей яны не падыходзяць:

— Яны хаваюцца за лазьняй. Сядзяць у сваіх аўтамабілях. Не каб выйсьці і пагаварыць з намі, патлумачыць сытуацыю.

У Акцябрскім райвыканкаме адказалі Свабодзе, што ведаюць пра сытуацыю і «разьбіраюцца», але таксама не назвалі прычынаў звальненьня дырэктара. У раённай газэце «Чырвоны Кастрычнік» неаднаразова выходзілі артыкулы, у якіх дырэктара ААТ «Некрашынскі» хвалілі, а гаспадарку называлі адной з найлепшых у раёне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)