Общество

На Гомельшчыне настаўнікаў прымушаюць набываць лятарэйкі

«У мэтах выкананьня ліста райвыканкаму неабходна атрымаць лятарэйныя білеты да 10.06.2019 году паводле сьпісу». Такую прапанову атрымалі кіраўнікі ўстаноў адукацыі аднаго з раёнаў Гомельскай вобласьці, піша Радыё Свабода.

Дакумэнт за подпісам начальніка аддзелу адукацыі райвыканкаму Свабодзе перадалі чытачы.

Кіраўнікам школаў і дзіцячых садкоў «неабходна атрымаць» лятарэйныя білеты «Гамяльчанка». Кошт адной — 2,5 рубля. Дырэктары школаў райцэнтру мусяць выкупіць па сем лятарэек, вясковых школаў і дзіцячых садкоў — па чатыры, усяго 69 білетаў.

У Гомельскай вобласьці, з улікам абласнога цэнтру — 25 раёнаў. Калі адпаведныя «прапановы» атрымалі ўсе садкі і школы вобласьці, то як мінімум 1725 лятарэйных білетаў будуць выкупленыя.

Заснавальнікам лятарэі «Гамяльчанка» зьяўляецца Гомельскі аблвыканкам.

Мэтамі правядзеньня лятарэі называецца «атрыманьне дадатковых сродкаў для фінансаваньня мерапрыемстваў»:

па набыцьці спартовага абсталяваньня для школаў сыстэмы адукацыі Гомельскай вобласьці, а таксама спартовых устаноў;

па набыцьці спартовай формы і спартовага інвэнтару для спартакіяд;

па ўмацаваньні матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і прытулкаў,

па ахове аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Розыгрышы праводзяцца двойчы на год.

Паводле рашэньня Гомельскага аблвыканкаму аб заснаваньні лятарэі «Гамяльчанка», удзел у ёй зьяўляецца свабодным. Рэалізуюць лятарэйныя білеты «пры выкананьні прынцыпу добраахвотнасьці».

Гомельскі аблвыканкам: ніякіх распараджэньняў не давалі

​Начальнік Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргей Парошын сказаў карэспандэнту Свабоды, што іх упраўленьне «займаецца толькі адукацыяй».

— Ніякіх распараджэньняў набываць лятарэйныя білеты, «Гамяльчанка» ці не «Гамяльчанка», мы не давалі. Таму вы не па адрасе, — адзначыў Парошын.

Ён сказаў, што ня ведае, хто мог распаўсюджваць лятарэйкі. Але лічыць, што настаўнікі самі павінны вырашаць, набываць іх ці не.

— Ад галоўнага ўпраўленьня ці ад упраўленьня іншага мы ніякіх даручэньняў не давалі.

Сяргей Парошын сказаў, што ён пакуль не набываў лятарэйных білетаў і яму іх «ніхто не прапаноўваў»: «Калі б прапаноўвалі, я купіў бы, бо я гамяльчанін».

Учительница с криком требовала деньги на подписку – минские школьники записали аудио

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(6)