Экономика
Галіна Абакунчык, Радыё Свабода

На форум «Пэрспэктывы» не пусьцілі Макаева і Севярынца

У Доме Масквы ў Менску распачаўся форум індывідуальных прадпрымальнікаў, на які сабралася 120 дэлегатаў.

Анатоль Шумчанка

Форум зладзіла арганізацыя «Пэрспэктыва», якую ўзначальвае Анатоль Шумчанка. Паўдзельнічаць у форуме хацеў іншы лідэр прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў, а таксама сустаршыня Партыі БХД Павал Севярынец. Аднак Анатоль Шумчанка не дазволіў ім прысутнічаць у залі, патлумачыўшы, што «ня хоча блытаць эканоміку з палітыкай».

Удзел у форуме прынялі шэраг чыноўнікаў Дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі. Дом Масквы стаў месцам правядзеньня форуму таму, што «Пэрспэктыве» адмовілі ў арэндзе іншыя менскія залі.

Адкрываючы форум, лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка адзначыў, што цягам чатырох месяцаў ад мінулага форуму становішча ІП не палепшылася:

«Напружаньне ў асяродзьдзі дробнага бізнэсу ня зьнятае, а замарожанае. Ня вырашаныя праблемы, што ўзьніклі ў завязку з прэзыдэнцкім указам 222. Задачай працоўнай групы пры Міністэрстве эканомікі было зьнізіць пратэстныя настроі сярод прадпрымальнікаў і прымусіць людзей выйсьці на працу».

Дырэктар Дэпартамэнту прадпрымальніцтва Пятро Арушаньянц заявіў Анатолю Шумчанку, што ягоныя сустрэчы з палітыкамі і сумесныя акцыі пратэсту «ня мэтад вырашэньня праблем», ды заклікаў гандляроў шукаць іншыя формы. Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка выказаўся за супрацоўніцтва з уладамі.

Пятро Арушаньянц

Ранейшыя форумы «Пэрспэктывы» вырашылі асобныя праблемы прадпрымальнікаў і ўлады, але не прывялі да скасаваньня ўказу № 222. Страйк прадпрымальнікаў, у выніку якога рынкі па ўсёй краіне стаялі пустымі ад пачатку году, фактычна спыніўся ў красавіку. Сам арганізатар форуму кажа пра атмасфэру апатыі сярод ІП.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)