«На добрае ці на благое — нас толькі двое»
Яна добраахвотна паехала ў ссылку ў Сібір за мужам-паэтам, перакладала іншых літаратараў, але сама амаль усё жыццё пісала ў стол, бо не была згодная з «лініяй партыі», а выхаду сваёй першай кнігі чакала больш за 60 год. «Салiдарнасць» згадвае пра паэтку, перакладчыцу Яўгенію Пфляўмбаўм.
Матыльковае прозвішча
Нязвыклае на беларускае вуха прозвішча і імя па бацьку Эргардаўна яна атрымала ад таты — немца па нацыянальнасці, які прыехаў па запрашэнні працаваць на Беларуска-Літоўскай чыгунцы і тут пабраўся шлюбам з беларускай Аленай Лагун. У іх нарадзіўся сын Аляксей, праз тры гады, у 1908-м — дачка Яўгенія, але шчаслівае сямейнае жыццё так і не склалася. Ціхая хатняя гаспадыня не стала цярпець п’янства мужа — і, забраўшы дзяцей, сышла з дома.
Надалей з родным бацькам Жэня кантактаў не падтрымлівала, хоць той праз шмат год пісаў ёй і спрабаваў наладзіць стасункі. А вось пра маці ва ўспамінах згадвала з вялікай цеплынёй: тая не змагла засвоіць пісьменства і ўсё жыццё гэтага вельмі саромелася, але затое надзіва хутка вывучыла размоўную нямецкую мову, а яшчэ вельмі хораша спявала народныя песні.
Выхоўваў дзяўчынку айчым, якога яна таксама вельмі любіла — настаўнік фізікі, а пазней дырэктар мінскай школы Уладзімір Сакалоўскі. Дзецям ён дапамог атрымаць выдатную адукацыю (больш за тое, перакладаў на беларускую мову падручнікі для школ, і менавіта з яго падачы Жэня пачала чытаць, а потым пісаць па-беларуску).
Узлёт, які не адбыўся
Жэня скончыла школу, потым сталічны педагагічны тэхнікум, дзе чыталі лекцыі, між іншым, Якуб Колас і Язэп Лёсік, а выпускнікі тэхнікуму былі запатрабаваныя па ўсёй краіне і адыгралі значную ролю ў нацыянальным адраджэнні 1920-30-х гадоў. Наступнай прыступкай было літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта.
Першыя вершы Жэні Пфляўмбаўм былі апублікаваныя ў 1925 годзе: твор «Пялёсткі восені» з’явіўся на старонках тагачаснай «Савецкай Беларусі». Творчыя здольнасці ацанілі высока — па рэкамендацыі вядомага літаратуразнаўцы яна адразу, мінаючы піьсменніцкую «пясочніцу», студыю літаб’яднання «Маладняк», зрабілася яго паўнапраўным чальцом.
Ужо праз год Жэня Пфляўмбаўм разам з сяброўкамі-паэткамі Зінаідай Бандарынай і Наталляй Вішнеўскай дэбютуе ў калектыўным зборніку «Вершы», які выйшаў сціплым накладам у 2 тысячы асобнікаў, але атрымаў добрыя водгукі крытыкаў.
Напрыклад, Антон Луцкевіч пісаў: «Акрамя Цёткі і Буйлянкі, мабыць, нікога больш з жанчын не бачылі мы на нашым адраджэнчаскім Парнасе. Тым больш прыемна адзначыць узыход на Парнас беларускі гэтых трох паэтак».
Пфляўмбаўм увайшла ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БАПП), у тым ліку ў кіраўніцтва творчага аб’яднання. Паводле ўспамінаў самой паэткі, ва ўсіх беларускіх творцаў тады былі вялікія планы і надзеі, і не меў «краю і межаў» іх малады імпэт. Але… выхаду наступнай кніжкі ёй давядзецца чакаць больш за 60 год.
Мінск-Марыінск-Масква
Менавіта ў «Маладняку» яна пазнаёмілася з Алесем Каратаем, ён жа паэт Максім Лужанін. Што магло быць агульнага паміж інтэлігентнай, вытанчанай гарадской дзяўчынай, якая ведала некалькі моў і добра арыентавалася ў сусветнай літаратуры, і сялянскім хлопцам, сынам дзяка, які галіўся «пад Маякоўскага»? Напрыклад, яны нарадзіліся з розніцай роўна ў адзін дзень і адзін год, прычым Яўгенія была старэйшай. І яшчэ ў іх здарылася каханне — палкае, няпростае, на ўсё жыццё.
У жніўні 1931-га яны пажаніліся. А праз два гады, як і многія іншыя беларускія літаратары, Лужанін быў арыштаваны. Яго адправілі ў двухгадовую ссылку ў сібірскі горад Марыінск Томскі Кемераўскай вобласці. Зачапілі жорны рэпрэсій і Яўгенію — яе звольнілі з працы і ў рэдакцыі «Звязды», і ў Кніжнай палаце пры дзяржаўнай бібліятэцы БССР.
У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа ў Мінску да сёння захавалася тагачасная карэспандэнцыя Лужаніна (зрэшты, у лістах ён падпісваўся сапраўдным імем, Алесь) і Пфляўмбаўм. Перапіска вельмі кранальная, поўная клопату, пяшчоты і перажыванняў адзін аб адным, спробы падбадзёрыць і праз тысячы кіламетраў.
Вось у лістападзе 1933-га Лужанін піша з Навасібірску: «жывецца тут няблага, працуецца не цяжка, не галадаю» потым ужо з Марыінску: «горад незайздросны, горшы за Слуцк і лепшы за Талачын»; перажывае, як там «Жэнік», якая засталася без працы — а значыць, і без грошай, і без пашпарту, угаворвае жонку адпачыць да вясны, не зрывацца ў вялікую цяжкую дарогу ў глуш, мароз і малярыю — і марыць падарыць ёй месяц на поўдні, з морам і сонцам.
А Яўгенія запэўнівае, што «і здаровая і моцная цяпер, і яшчэ вельмі многа «і», але жахаецца, як муж паехаў у сібірскі холад — «без мяне, без цёплай курткі, без грошай?».
Збірае дакументы паэта, перасылае яму грошы на валёнкі, атрымлівае пашпарт, часовую працу — і падкрэслівае, што ўсё адно прыедзе, як толькі будзе ведаць сталы адрас: «Нам трэба быць разам — так будзе ярчэй і жыццё, і работа, і радасць. У мінулым нічога не шкада».
Каб набыць квіток на цягнік, яна распрадала ўласную бібліятэку з унікальнымі выданнямі, і ў студзені 1934-га дабралася да Марыінска Томскага. Там удалося ўладкавацца на працу настаўніцай рускай мовы і літаратуры — вяла заняткі ў школе і ў вучэльні, вучні і калегі яе палюбілі, але сібірскі клімат сапраўды пераносіла з цяжкасцю, моцна застудзілася, да таго ж галадала. Па заканчэнні тэрміну высылкі мужа яны вярнуліся. Але не ў Мінск — у Маскву.
Паэтава жонка
Тут былі свае «але» — адсутнасць сталай працы і жытла, частыя пераезды, хваробы. У рэшце рэшт, паэтку прынялі на пасаду рэдактара ў «Абароннае дзяржаўнае выдавецтва», дзе яна працавала наступныя 10 год. А вось вершаў больш нідзе не друкавала, пісала ў стол, бо хлусіць і падладжвацца пад сацыялістычны хор не магла і не хацела: «Мне даволі было выказацца перад сабою, даверыцца алоўку і шматку паперы. Да таго ж, я пісала што хачу, а наўкол чулася іншае».
Яшчэ адна акалічнасць замінала быць шчаслівымі: Яўгенія вельмі хацела дзяцей, але нічога не атрымлівалася, хоць абодва праверыліся ў дактароў. Даходзіла да сварак, слёз і ўзаемных крыўдаў — адзін час вырашылі нават разысціся і жылі паасобку. Цяжка ўявіць, якім ударам для яе стала вестка, што ў Лужаніна… нарадзілася дачка ад іншай жанчыны.
Не вядома, ці прабачыла Яўгенія, але прыняла гэта, і нават напрыканцы вайны перадавала дзяўчыне грошы ад бацькі, — прасіла толькі рабіць гэта праз яе, каб не аказацца ў няёмкім становішчы, калі хто завядзе з ёй гутарку на гэты конт.
Толькі, падаецца, сям’я склеілася — новае расстанне: Лужанін адправіўся на фронт, удзельнічаў у баях пад Сталінградам, быў кантужаны; Пфляўмбаўм чакала «свайго дарагога хлопчыка Аля» ў Маскве, здавала кроў для параненых, удзельнічала ў супрацьпаветранай абароне, рэдагавала тэрміновыя рукапісы. Ледзь перажыла яшчэ адно чорнае гора — страту маці. І зноў у іх — каханне па перапісцы, поўнай як пяшчоты і клопату, так і болю і адчаю, і рэўнасці…
Пасля вызвалення Беларусі яны яшчэ больш за год жылі на дзве сталіцы: Лужанін вярнуўся ў разбураны Мінск раней, аднаўляў выданне рэспубліканскіх газет і часопісаў, ездзіў па творчых камандзіроўках — Літва, Германія, а Яўгенія даглядала хворага айчыма ў Маскве і ўсё не магла звольніца з «Абарондзяржвыдату».
Нават сустрэцца ў іх ніяк не атрымлівалася, і яна з тугой адзначала ў лістах: «І так усё жыццё я чакаю цябе з дарог. Паспяшайся, мой хлопчык!».
У другой палове 1940-х кар’ера Лужаніна пайшла ўгору: ён быў сакратаром Якуба Коласа, працаваў галоўным рэдактарам на «Беларусьфільме», быў адным з дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР, увайшоў у склад беларускай дэлегацыі на Генасамблеі ААН.
А Пфляўмбаўм — роўна наадварот — усё больш сыходзіла ў цень. Вершы пісала па-ранейшаму ў стол, а шматлікія пераклады з рускай, англійскай, польскай, украінскай, падпісаныя Лужаніным, насамрэч рабіла яна. Са слоў паэта, таму што за «ягоныя» пераклады нашмат больш плацілі, а як яно было насамрэч, цяпер ужо спытацца няма ў каго.
На захадзе сонца
Неяк на дачы чарнавікі сваіх вершаў, выпакутаваных за многія гады, Яўгенія Эргардаўна збіралася спаліць — але гэта заўважыў сябар сям’і, Аркадзь Куляшоў. Не даў, цвёрда заявіў, што будзе публікаваць. Але наўзабаве яго не стала, і справа зноў заглухла, пакуль рукапіс не трапіў на вочы паэту Анатолю Вярцінскаму.
Першы асабісты зборнік вершаў «Сувой жыцця», куды ўвайшлі звыш 300 вершаў, Яўгенія Пфляўмбаўм трымала ў руках у 1989 годзе, калі ёй было ўжо за 80 і яна моцна хварэла. Яе называлі «феноменам» і «з’явай», шкадавалі пра такое працяглае творчае маўчанне, — а яе, здавалася, ужо мала хвалявала гэта мітусня, членства ў Саюзе пісьменнікаў і захапленні крытыкаў.
На адным з асобнікаў кнігі яна пакінула дарчы надпіс, адрасаваны мужу: «На добрае ці на благое — нас толькі двое… Жэня».
Зрэшты, пры жыцці паэткі выйшла і яшчэ адна кніга — «На захадзе сонца» (1992). А пасля яе сыходу — на Стары Новы год, 13 студзеня 1996-га — Максім Лужанін, які перажыў жонку на 5 гадоў, адчайна спяшаўся, каб ушанаваць памяць «Жэніка»: выкрэсліваў сваё прозвішча з яе перакладаў, расчытваў яе чарнавікі, рыхтаваў да друку трэці зборнік «Зімовае сонца» і кнігу «Пасмяротнае» з вершамі на рускай мове… Ці не выбачаўся такім чынам? Выдаць усё, аднак, не паспеў — і пахаваны быў побач з жонкай на вясковых могілках у Паперні, пад Мінскам.
Трэцяя ж кніжка Яўгеніі Пфляўмбаўм, «Сонца», убачыла свет толькі летась — у выдавецтве, якое носіць яе імя. Жаночая выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм», створаная пры падтрымцы нашай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, выпусціла ў свет тры кнігі беларускіх паэтак, якія дэбютавалі 1920-ыя і чые творы з розных прычын засталіся амаль не вядомымі шырокаму чытацкаму колу.
Так што сёння «Пфляўмбаўм» — сімвал і, па сутнасці, брэнд, дзякуючы якому нават беларускія паэткі і пісьменніцы не страчваюць голас, а іхнія творы не чакаюць у шуфлядах нейкіх лепшых часоў, каб сустрэцца з чытачамі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное