На цукровых камбінатах рыхтуюцца да прастою

Сёньня ў цэхах Слуцкага цукровага камбіната пройдуць сходы працоўных. Адміністрацыя прадпрыемства загадзя абвясьціла, што будуць абмяркоўвацца пытаньні арганізацыі больш працяглага пэрыяду беспрацоўя.

Адкрытае акцыянэрнае таварыства “Слуцкі цукровы камбінат” мае да адной тысячы працаўнікоў і ўтрая большую колькасьць уладальнікаў акцыяў. Яшчэ прадпрыемства зьяўляецца асноўным падаткаплацельшчыкам у райцэнтры — гарантуе заробкі працаўнікам бюджэтнай сфэры. Кацельная камбіната абагравае камунальныя дамы, а Палац культуры, дзіцячы садок і фірмовыя крамы ствараюць сацыяльную базу мікрараёну “Першы гарадок”.

Як даводзіць старшыня праўленьня ААТ “Слуцкі цукровы камбінат” Восіп Тамада, эканамічная нестабільнасьць прадпрыемства можа выклікаць у Слуцку сацыяльнае ўзрушэньне:

Тамада: “Як разьлічыцца за крэдыты, які мы ўзялі? Мы ж сёлета ўзялі 40 мільярдаў рублёў для разьлікаў!”.

Акрамя як у Слуцку, цукровыя камбінаты на сёньня ёсьць таксама ў Жабінцы, Гарадзеі, Скідзелі. І яны таксама базавыя прадпрыемствы сваіх мястэчкаў. Па распараджэньні прэзыдэнта тры гады таму атрымалі 35 мільярдаў рублёў на рэканструкцыю. Але сёньня высьвятляецца, што нарошчвалі вытворчасьць без уліку эканамічнай рызыкі. Гаворыць Восіп Тамада:

Тамада: “Беларусь у 2006 годзе вырабіла цукру на 2,5 гады наперад, калі зыходзіць з нормаў спажываньня беларусамі. Чатыры цукровыя заводы вырабілі больш за 800 тысяч тон цукру. Лічылі, што Расея будзе забіраць лішкі. А насамрэч трэба было прадугадваць такія моманты”.

Пра памылкі дзяржаўнай стратэгіі даводзяць і сельгасвытворцы. Аграном са слуцкай вёскі Ліпнікі Іван Аўдзей кажа, што гаспадаркі ўжо атрымліваюць загад скарачаць пасевы цукровых буракоў:

Аўдзей: “Зьмяншай плошчы цукровых буракоў!”, — моцна пачынаюць так казаць. Усё ж такі Расея будзе нарошчваць вытворчасьць цукру ў сябе. Яны там грошай маюць шмат. А колькі для Беларусі цукру трэба?”.

Камэнтуе сытуацыю старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, былы кіраўнік так званага “бурачнага” Клецкага раёну Аляксандр Ярашук:

Ярашук: “Гэта яскравы доказ таго, наколькі небясьпечна кіраваць эканомікай камандна-адміністрацыйнымі мэтадамі. Калі і надалей ня будзе эканамічнай свабоды і эканамічнага інтарэсу, то лясьне ня толькі цукровая галіна, а й іншыя, ды з такім грукатам, што толькі пыл пойдзе!”.

Паводле Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, сацыяльная напружанасьць на цукровых камбінатах Беларусі тычыцца непасрэдна больш як 20 тысяч працаўнікоў галіны і ўладальнікаў грашовых акцыяў гэтых прадпрыемстваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)