Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

На чым грунтуецца легітымнасьць?

Як вядома, любая дзяржаўная ўлада трымаецца на двух стаўпах. Па-першае, гэта сілавы кампанэнт, як пісаў Макс Вэбэр, «легітымны гвалт». Па-другое, легітымнасьць, то бок прызнаньне грамадзянамі дзяржавы права ўлады на кіраваньне.

Вось гэты другі кампанэнт вельмі складаны для разуменьня і нават загадкавы. Безь яго ня можа абысьціся ніводная ўлада. Нават у самых жорсткіх таталітарных рэжымах (сталінскі СССР, гітлераўская Нямеччына) існаваў вялізарны ідэалягічны апарат. Хаця, здавалася б, навошта палітрукі, калі на кожным кроку лягеры і турмы.

Паводле Вэбэра, існуюць тры тыпы легітымнасьці. У традыцыйных грамадзтвах улада асьвечаная сілай традыцыі. Затым існуе харызматычная легітымнасьць — вера ў надзвычайныя якасьці лідэра. І дэмакратычная легітымнасьць, калі ўлада выбіраецца народам. Да гэтых трох тыпаў адмыслоўцы дадаюць яшчэ ідэалягічную легітымнасьць, калі ўлада асьвечаная ідэалёгіяй. Гэта было характэрна для камуністычных рэжымаў.

Калі з гэтага гледзішча паспрабаваць ідэнтыфікаваць тып легітымнасьці дзейнага беларускага рэжыму, то варта прызнаць, што ў чыстым выглядзе ніводзін зь іх не падыходзіць. Правільней будзе канстатаваць, што ў нейкіх прапорцыях маюць места ўсе згаданыя вышэй мадэлі. Для пэўнай, найбольш патрыярхальнай часткі насельніцтва любая ўлада мае сакральны характар, яе трэба паважаць і падпарадкоўвацца, не задумваючыся пра тое, як яна сябе паводзіць.

Ёсьць частка цьвёрдых лукашыстаў (кала аналізаваць сацыялягічныя дасьледаваньні — каля 20%), якія сьлепа вераць у свайго куміра, не зважаючы ні на што. І гэтым самым пацьвярджаючы існаваньне харызматычнай легітымнасьці.

Як гэта камусьці ні здаецца дзіўным, але кампанэнт дэмакратычнай легітымнасьці таксама прысутнічае ў Беларусі. Значная частка людзей верыць, што народ выбірае ўладу. Паводле чэрвеньскага апытаньня НІСЭПД, 37% апытаных думаюць, што восеньскія выбары ў парлямэнт будуць свабоднымі і справядлівымі.

Існуюць і элемэнты ідэалягічнай легітымнасьці. Той ідэалягічны канструкт, які прапаноўвае Лукашэнка, зразумела, ідэалёгіяй у поўным сэнсе гэтага слова лічыць нельга. Але трэба прызнаць, што Лукашэнка доўгі час адлюстроўваў тыя ўяўленьні пра сьвет, якія існавалі ў сьвядомасьці ня менш як паловы беларускіх грамадзян. Што ў значнай ступені і забясьпечвала яму рэальную падтрымку на прэзыдэнцкіх выбарах.

Лукашэнка надае ідэалягічнаму абгрунтаваньню сваёй улады надзвычай вялікае значэньне. Беларускі рэжым — самы ідэалягізаваны з усіх посткамуністычных аўтарытарных рэжымаў. У краіне створаная ідэалягічная вэртыкаль, якая даходзіць да кожнага працоўнага калектыву, ва ўнівэрсытэтах выкладаецца адпаведны курс пра ідэалёгію беларускай дзяржаўнасьці і інш.

Але, падаецца, менавіта ў гэтай сфэры для дзейнай улады ўзьнікаюць вялікія праблемы. З 2011 году назіраецца ідэалягічны крызіс беларускага рэжыму. Паводле чэрвеньскага апытаньня НІСЭПД, мы назіраем цікавую тэндэнцыю: хоць эканамічнае самаадчуваньне беларусаў павышаецца, давер да ўлады паніжаецца. Я гэта тлумачу тым, што не працуюць тыя прапагандысцкія клішэ, якія доўгі час рэжым прапаноўваў народу. Падаецца, Лукашэнка гэта разумее і спрабуе неяк выправіць сытуацыю. Невыпадкова, выступаючы 2 ліпеня на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню Незалежнасьці, Лукашэнка вялікую ўвагу аддаў менавіта ідэалягічнаму абгрунтаваньню сваёй дзейнасьці. Ён чарговым разам хваліўся беларускай сацыяльнай мадэльлю, казаў пра яе перавагі перад тымі шляхамі разьвіцьця, якія выбралі іншыя постсацыялістычныя краіны.

Але цяпер, пасьля мінулагодняга эканамічнага крызісу, усё гэта выглядае сумнеўна нават для абывацеля. Ідэя моцнай, шчырай і справядлівай дзяржавы, якая ўкінула людзей у крызіс ды яшчэ падманвала (маўляў, усё нармальна, крызісу няма), неяк згасла. Уся моц выяўляецца толькі ў грубай сіле ў адносінах да ўсіх незадаволеных. Казаць пра перавагі беларускай мадэлі на тле таго, што заробкі амаль ва ўсіх суседніх краінах (акрамя Ўкраіны) большыя ў 2–3 разы, чым у Беларусі, складана. І гэты факт пачынае ўсьведамляць усё больш людзей. І пра стабільнасьць неяк цяжка разважаць у зьвязку з тым жа фінансавым крызісам і мінулагоднім тэрактам у мэтро. А ніякага іншага ідэалягічнага канцэпту Лукашэнка прапанаваць ня ў стане. Што застаецца? Толькі міліцэйскія дубінкі?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)