На беразе возера ў Лепелі адкрылі помнік цмоку
У Лепелі 9 лістапада ўрачыста адкрылі доўгачаканы помнік цмоку. Міфалагічная істота з рамана Уладзіміра Караткевіча пасялілася ва ўтульным парку на беразе Лепельскага возера. Яно такое шырокае і бязмежнае, што здаецца морам.
А цмок – зусім не страшны! З доўгім хвастом, мілымі вушкамі і назіральным позіркам. Нібы пытаецца: а з якімі намерамі ты прышоў сюды, чалавеча?
Як і ўсе скульптуры, спачатку цмок сядзеў пад пакрывалам. Перад тым, як яго знялі, народ весялілі дзяўчаты з мінскага Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Яны спявалі стражытныя песні, у тым ліку пра героя беларускіх міфаў. А людзі танчылі.
Тканіну, пад якой хаваўся цмок, урачыста знялі старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў, аўтар помніка, мінскі скульптар Леў Аганаў і ініцыятар стварэння скульптуры, мясцовы краязнаўца і журналіст Уладзімір Шушкевіч.
Кіраўнік мясцовай адміністрацыі выказаў упэўненасць, што помнік будзе працаваць на турыстычную "раскрутку" Лепеля: "Дзякуючы сумесным намаганням Лепельскага райвыканкама і праграме Еўрасаюза "Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце: развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі" мы адкрываем скульптурную кампазіцыю "Цмок". І вельмі спадзяемся, што яна стане сапраўдным брэндам Лепельшчыны".
Скульптар Леў Аганаў
Леў Аганаў распавёў, што адмыслова зрабіў так, каб у героя ягонага твора быў нязлосны нораў: "Беларускія цмокі былі вельмі добрыя! І заўсёды жылі з людзьмі ў згодзе". Побач з помнікам усталявана кніга-шыльда, якую вырабіў каваль з Бешанковічаў Андрэй Трубецкі.
Краязнаўца і журналіст Уладзімір Шушкевіч, дзякуючы якому ў Лепелі з’явіўся помнік цмоку
Уладзімір Шушкевіч сцвярджае, што лепельскі помнік цмоку першы не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. "Наш цмок не павінен стаяць балванам, а абавязаны працаваць на горад, раён, зарабляць грошы. Толькі для гэтага трэба ўсім грамадствам прапагандаваць наша тварэнне, каб цмок выканаў ролю Нэсі – пачвары з шатландскага возера Лох-Нэс. Няхай імчаць да нас турысты з усіх канцоў свету – лавіць цмока", – выказаў ён сваю мару.
Відэа: cmok.budzma.org
...Сінюю тканіну знялі. Потым цмок доўга пазіраваў перад шматлікімі відэа– і фотакамерамі, да яго стаяла цэлая чарга з жадачых зрабіць здымак на памяць. Амаль усе хацелі дакрануцца да ягонага хваста, шыі ці носа. Тут жа нараджаліся шчаслівыя прыкметы, звязаныя з помнікам. У тым, што цмок добры, мог пераканацца кожны, бо ён сам пра сябе распавёў во ў такіх улётках.
Зараз у лепельскіх людзей з'явілася цудоўная "зачэпка", каб прыдумляць сабе новыя святы і традыцыі. Ужо прагучалі прапановы, што трэба пашырыць выраб адмысловых сувеніраў, штогод адзначаць Дзень цмока, стварыць цмачыны турыстычны маршрут, паставіць побач з помнікам каванае дрэва, на якім маладыя будуць вешаць замочкі кахання...
Лепельскія майстры спадзяюцца, што сувеніры з выявай цмока будуць разыходзіцца, як гарачыя піражкі!
А Уладзімір Шушкевіч – цудоўны прыклад таго, як збываюцца мары. Нават самыя фантастычныя. Ну хто б некалькі гадоў таму мог паверыць, што здзейсніцца ягоная ідэя ўсталяваць у Лепелі помнік міфалагічнай істоце? А здзейснілася ж! Нават улады дапамаглі. Віншуем!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное