Общество
Юлія Ружачка

На “Бардаўскай восені” беларускія маладыя музыкі прызнаны лепшымі

У Бельску-Падляскім, што на Беласточчыне, завяршыўся фестываль “Бардаўская восень”. Два з трох прызавых месцаў занялі выканаўцы з Беларусі. Гран-пры атрымала студэнтка інстытута тэалогіі БДУ музыка Дар’я Кадамская. Узнагароду ад Радыё Беласток атрымаў менскі гурт “Босае сонца”. Сярод канкурсантаў журы выдзеліла таксама Тамаша Суліму з Бельска.

Ужо 15 год фестываль выклікае ўсё большую цікавасць у музыкаў і ў гледачоў. “Заля заўсёды поўная як на канцэртах з удзельнікамі фестывалю, так і на выступах гасцей! Прычым аўдыторыю складаюць самыя розныя людзі. На Беласточчыне вельмі цікавяцца такой песняй, тым больш што там жыве шмат беларусаў, - кажа бард Алесь Камоцкі. - Вельмі актыўны ўдзел прымаюць гарадскія ўлады, якія апякуюцца фестывалем, міністэрства культуры, Звяз Беларускай моладзі, які выступае арганізтарам з польскага боку.”

Летась па-за конкурснай часткай адбыліся выступы Алеся Камоцкага, Лявона Вольскага, Ілоны Карпюк з групай, Касі Камоцкай, Зміцера Вайцюшкевіча і інш. Не стаіць на месцы і тэхнічнае аздабленне фестывалю: упершыню ўсе канцэрты можна было слухаць праз інтэрнэт.

Да 1992 года некалькі фестываляў бардаўскай песні праходзіла і на Беларусі, і, спадзяемся, у хуткім часе беларускаму слухачу не прыйдзецца ехаць за мяжу, каб паслухаць сваіх выканаўцаў. Каардынатар “Бардаўская восені” Алесь Камоцкі ўпэўнены, што ў 2009 годзе такі фестываль абавязкова пройдзе і ў нас.

Адзначым, што паслухаць некаторых пераможцаў “восені” можна будзе 1 лістапада ў 19-00 у музеі М. Багдановіча (Мінск). Там адбудзецца прэзентацыя кнігі выбраных вершаў Камоцкага "Глыбіня дажджу".

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)