Политика
Анастасія Зелянкова

На Артура Фінькевіча заведзена новая крымінальная справа

Артуру Фінькевічу выстаўлена абвінавачанне па новай крымінальнай справе. Моладзеваму актывісту, якія зараз адбывае два гады “хіміі”, інкрымінуецца парушэнне правілаў унутранага распарадку ў спецкамендатуры.

Зараз да ўжо наяўнага тэрміну Фінькевічу можа дадацца яшчэ адзін. Не выключана, што на больш жорсткі можа быць зменены і рэжым адбыцця пакарання.

Нагадаем, у маі 2006 года актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча пакаралі двума гадамі абмежавання волі за графіці палітычнага зместу. Сёлета ў снежні хлопец павінен быў выйсці на волю. Аднак літаральна за паўтара месяца да вызвалення супраць Фінькевіча была заведзена яшчэ адна крымінальная справа.

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Павел Севярынец лічыць падобны ўціск чарговым ўдарам па арганізацыі.

— Думаю, гэта спроба запалохаць, задушыць “Малады фронт”, — заявіў “Салідарнасці” Павел Севярынец. — Прычым, заўважце, б’юць па закладніках — па самых неабароненых, тых, хто і так ўжо знаходзіцца ў руках улады. Сёння мы назіраем чарговыя рэпрэсіі ў дачыненні да Артура Фінькевіча, да Зміцера Дашкевіча, якому таксам пагражае тэрмін. Аднак гэтая істэрычная спроба ўлады зламіць гэтых людзей маральна, бесперспектыўная. Гэта вельмі мужныя людзі, якія вераць ў Бога і якія незавошта не паступяцца сваімі прынцыпамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)