На Алясцы загінула беларуска Ніка Ніканава, якая зьняла фільм пра асуджаных за наркотыкі
На Алясцы патанула 24-гадовая грамадзянка Беларусі Ніка Ніканава. Яна была рэжысэркай, якая дасьледавала тэму асуджаных за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. У гэтым годзе яна зьняла 20-хвілінны фільм «Пакаленьне 328».
Ніка Ніканава
Нядаўна Ніка Ніканава стала жонкай актывіста ініцыятывы Legalize Belarus Пятра Маркелава. Ён пацьвердзіў Свабодзе сьмерць рэжысэркі. Таксама пра здарэньне паведамляе выданьне Fairbanks Daily News-Miner.
Пётар Маркелаў і Ніка Ніканава пасьля вясельля вандравалі па Алясцы. 25 ліпеня, калі здарыўся няшчасны выпадак, яны спрабавалі пераплысьці раку Тэкляніка.
Маркелаў яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі ЗША.
Падчас здымак фільму «Пакаленьне 328»
«Я ў Анкорыджы. Усе дакумэнты, грошы, карткі, тэлефоны патанулі. Цягам бліжэйшых дзён буду зьбіраць дакумэнты, каб мне можна было выехаць, сэртыфікат пра сьмерць, усё гэта. Цела забралі для аўтапсыі, на наступным тыдні ў аўторак-сераду будзе інфармацыя. Хутчэй за ўсё мы зробім крэмацыю ўжо тут, на месцы», — сказаў актывіст Свабодзе.
Ніка вырасла ў Менску. У 13 гадоў дзяўчына атрымала роль у фільме «Брэсцкая крэпасьць» і захацела стаць акторкай. Паступаць зьбіралася ў Лос-Анжэлес, але амэрыканская амбасада вырашыла іначай і не дала ёй візу. У той момант дзяўчына адмовілася ад акторскай кар’еры на карысьць рэжысуры.
Для паступленьня Ніканава выбрала гадавую праграму дакумэнталістыкі ў New York Film Academy. Аб праблемах зьняволеных паводле 328-га артыкулу Ніка даведалася ў Амэрыцы і вырашыла, што будзе здымаць дыплёмны праект менавіта пра Беларусь.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное