Скандалы

На Акрэсціна загадчыца аддзялення РНПЦ дзіцячай анкалогіі: «Калі спыняцца трансплантацыі, дзеці не выжывуць»

Пасля нядзельнага марша ў Мінску 4 кастрычніка была затрыманая і адпраўленая ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ўнікальны доктар Інэса Дароніна —загадчыца аддзялення трансфузіялогіі і экстракарпаральных метадаў лячэння РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, піша Наша Ніва.

У гэтым аддзяленні ўсяго адзін доктар — і гэта Дароніна, астатнія ўсе медсёстры. Дароніну часова замяняе рэаніматолаг Аляксей Какунін.

Калектыву аб затрыманні на пяціхвілінцы паведаміла кіраўніцтва.

5 кастрычніка яе мусілі судзіць у Першамайскім судзе Мінска. Чым скончыўся суд, калегі не ведаюць. Звязацца з Даронінай калегі сёння так і не здолелі.

Суддзя па яе адміністратыўнай справе — Максім Трусевіч. Той самы, што даў 10 сутак арышту тэлевядучаму Дзмітрыю Кахно.

На 5 кастрычніка ў яго было запланавана больш за 10 працэсаў. Валанцёры паспелі адсачыць палову з іх — усім затрыманым Трусевіч даваў суткі.

«Інэса — выбітны спецыяліст, яе работа тэхнічна складаная», — даюць ёй характарыстыку калегі.

«Напрыклад, яна адзіная робіць забор гранулацытаў і трамбацытаў для пераліванняў, забор перыферыйных ствалавых клетак: дзіця падключаюць да спецыяльнага апарата, праз які праходзіць яго кроў, апарат ловіць «спецыяльныя» клеткі», потым яны адмыслова рыхтуюцца і пасля высокадознай хіміятэрапіі пераліваюцца дзіцёнку назад.

Так лечаць, напрыклад, пацыентаў з нейрабластомай і рабдоіднымі пухлінамі.

У яе аддзяленні дзеці не ляжаць, але яны туды прыходзяць на лячэнне.

Таксама яна робіць фотафарэзы, гэта метад лячэння пацыентаў пасля трансплантацый з ускладненнямі, калі арганізм не прымае трансплантант.

Гэта спецыфічная работа, проста стаць за апарат і рабіць не атрымаецца, лепш за яе гэтыя няпростыя працэдуры ніхто не ведае», — кажуць медыкі і дадаюць, што калі заборы ствалавых клетак спыняцца і спыняцца трансплантацыі, то «многія не выжывуць».

«Канкрэтна мае дзеці не жывуць без пераліванняў, за суткі ў нашым цэнтры яны робяцца 10-20 пацыентам, мы ўсе вельмі залежым ад работы аддзялення Даронінай», — кажа іншы медык.

Вядома, што Дароніна не маўчала: яна сказала сваё слова ў відэазвароце медыкаў, па-беларуску ахарактарызавала сітуацыю ў Беларусі як «глабальны канфлікт розуму і тупасці, годнасці і зверства, выхавання і хамства — калі яшчэ давядзецца надаваць батанікам па мордах?».

Яе калегі кажуць пра безумоўную падтрымку прынцыпаў Даронінай у адстойванні пазіцыі супраць катаванняў, гвалту і рэпрэсій. Вырашаюць, як у гэтай сітуацыі яны могуць падтрымаць калегу.

Бо і без таго калектыў РНПЦ дзіцячай анкалогіі моцна аслаблены: цяпер на рабоце няма двух медыкаў лабараторыі крыві — Ангеліны Адамоніс і Валянціны Харытонавай. Пасля жаночага маршу іх затрымалі і далі суткі.

«Хай міністэрства і кажа, што незамяняльных няма, але ёсць факт — мы даўжэй чакаем спецыфічныя аналізы, усё вельмі марудна, бо працуе менш людзей. Чаму Адамоніс і Харытонава дагэтуль не выйшлі на работу, мы не ведаем, можа быць, прыходзяць у сябе пасля ізалятараў», — рэзюмуюць іх калегі.

В РНПЦ кардиологии, откуда за гражданскую позицию уволили профессора-легенду, назначен новый директор

P.S. Пазней стала вядома, что 5 кастрычніка доктару прысуділі 25 базавых вялічынь штрафу. А аўторак яна выйшла на працу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)