На акцыі супраць русіфікацыі польскай школы затрымалі больш за 20 чалавек (відэа)
У Гродне ў дзень адкрыцця фестываля нацыянальных культур у цэнтры горада хапалі людей, якія спявалі польскія песні.
Аб 11-й гадзіне каля будынку гарадзенскага аблвыканкама актывісты неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі правялі несанкцыянаваную акцыю супраць увядзення рускамоўных класаў у адзіную ў Гродна польскую школу.
– Я на акцыі прысутнічаць не змог, але людзі паведамляюць, што на яе сабралася ад 50 да 70 чалавек. Па няпоўнай інфармацыі затрымалі 21 асобу – сярод іх намеснікі старшыні Саюза палякаў на Беларусі Мечыслаў Яскевіч і Рэната Дземянчук, – расказаў «Салідарнасці» журналіст Андрэй Пачобут.


Гарадзенскаму журналісту стала вядома, што актывіст неафіцыйнага саюза палякаў Ігар Банцар быў збіты падчас і пасля затрымання, у яго нібыта нават разбіты твар. Перад пачаткам акцыі быў затрыманы журналіст Ян Роман, якога адпусцілі, пратрымаўшы ў пастарунку некалькі гадзін, паведамляе Радыё Свабода. Вядомыя некаторыя імёны затрыманых – мастак Генадзь Піцко, журналістка Юлія Каляда, актывіст саюзу палякаў Эдвард Дзьмухоўскі.
Варта заўважыць, што Саюз палякаў на Беларусі звяртаўся з чатырма заявамі на дазвол правядзення пікетаў, і чатыры разы атрымаў адмову. З гэтай прычыны было вырашана правесці несанкцыянаваную акцыю і прыцягнуць увагу польскай грамадскасці да праблемы.
Адзначым, што ў пятніцу ў Горадні адкрываецца IX Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне яго ўдзельнікам, дзе адзначыў наступнае: «Грамадзянскі мір і згода, непрымальнасць любых форм дыскрымінацыі і варожасці на этнічнай глебе з’яўляюцца найвялікшымі духоўнымі каштоўнасцямі краіны».
Перадгісторыя канфлікту
– Польская школа была пабудавана на грошы ўрада Польшчы, а ўласнікам будынка з’яўляецца Саюз палякаў на Беларусі, – тлумачыць «Салідарнасці» журналіст Андрэй Пачобут. – Нягледзячы на тое, што беларускія ўлады нас не прызнаюць, мы, як уласнікі будынка, катэгарычна супраць таго, каб яго выкарыстоўвалі ў не адпаведнасці з міжнароднай дамовай паміж Польшчай і Беларуссю. У дамове напісана, што будынак прызначаны выключна для польскамоўнай адукацыі.
Гарадзенскі журналіст лічыць, што камусці проста захацелася адрапартаваць, што ўсе школы ў горадзе маюць рускую мову навучання.
– Усе астатнія школы ў Гродна рускамоўныя, і ўвядзенне ў польскую школу двух класаў з выкладаннем па-руску проста немэтазгоднае, – лічыць Андрэй Пачобут.
Самаго Пачобута, асуджаннага па крымінальнай справе, у дзень акцыі выклікалі ў інспецыю выканання прысудаў, дзе тры гадзіны папярэджвалі аб тым, што нельга парушаць беларускае заканадаўства. Пры гэтым канкрэтна патлумачыць, з чым звязаны яго выклік ва ўстанову, так і не змаглі.
Читайте еще
Избранное