Общество
Аліна Таранік

На адпяванне Сержука Вітушкі прыйшло больш за 100 чалавек

Паніхіда за кіраўніка легендарнай мінскай «Талакі» Сержука Вітушку і развітанне з ім прайшлі ў грэка-каталіцкай царкве ў Мінску (душпастырскі Цэнтр Святога Язэпа па вул. Арджанікідзэ, д. 6).

На адпяванне прыйшлі больш за 100 чалавек. Царква не змясціла ўсіх, таму частка людзей стаяла проста на вуліцы. На развітанні з Сержуком Вітушкам прыстутнічаў Апостальскі Візітатар архімандрыт айцец Сяргей (Гаек).

Цётка Сержука Вітушкі

Прыйшлі дзеячы культуры: паэт Міхаіл Анемпадыстаў, мовазнавец Сяргей Запрудскі, бард Кася Камоцкая, Зміцер Сідаровіч, Ігар Бабкоў, мастак Алесь Пушкін.

Сястра Сержука Вітушкі

Дзеячы культуры, палітыкі, родныя, сябры і паплечнікі колішняга моладзевага лідара Сержука Вітушкі ўзгадвалі «вечнага аптыміста» добрым словам. Напрыканцы сястра кіраўніка сталічнай «Талакі» папрасіла памятаць яе брата, але не сумаваць.

Алесь Пушкін знаёмы з Сержуком Вітушкам з першых Гуканняў вясны ў 1983 годзе з усмешкай узгадвае, як сляпы праз дыябет сябра падпісваў 2 лютага кнігу «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!» для яго дачкі.

– Ён паклаў далонь, абвёў яе фламайстрам і сказаў: бачыш, як індзеец! І папрасіў, каб дзеці размалявалі гэтую карцінку, каб атрымалася такая вясёлкавая рука. А ўчора прыйшлося сказаць дзецям, што еду на пахаванне вясёлага віленскага казачніка. Увогуле гэты чалавек – такі прыгожы ў купальскім карагодзе – быў адзіным, каго афіцыйна ўганаравалі дзяржаўнай граматай за правдзенне Купалля. Знайдзіце цяпер такога чалавека, які мае афіцыйнае засведчанне за правільнае правядзенне Купалля!

У цэнтры – дачка Сержука Вітушкі – Паўліна

Сяржук Вітушка памёр у віленскай лякарні ўранку 2 ліпеня. Ён быў кіраўніком легендарнай мінскай «Талакі» — адной з першых паўпадпольных незалежніцкіх арганізацый у часы СССР. Два тыдні таму ў яго здарыўся інфаркт. Апошнія дні ён правёў у цяжкім стане і памёр на руках у жонкі Людвікі. Ён доўга цяжка хварэў на дыябет, страціў зрок і нагу.

Сержука Вітушку пахаваюць паводле тэстаменту ў родавай вёсцы Рагава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)