Ягор Марціновіч, «Наша Нiва»
«На адпачынак на Багамах я не зарабіў!»

Мінскі праграміст паўгода замяняў Нацбанк — вызначаў курс даляра цэлай краіны. Ягоны сайт не губляе папулярнасці і цяпер.

Хто найбольш паўплываў на развіццё эканомікі за год? Годную кандыдатуру знайсці складана. Былы кіраўнік Нацбанка Пятро Пракаповіч пасля нявыкананых абяцанняў утрымаць рубель канчаткова выпаў з лукашэнкаўскай абоймы, здабыўшы статус ганаровага пенсіянера. Яго наступніца Надзея Ермакова запомнілася хіба сваімі шчырымі інтэрв’ю, пасля якіх курс рубля падаў удвая хутчэй, чым раней. А віцэ-прэм’ер Сяргей Румас, які сваімі смелымі заявамі ад вясны даваў надзею прыхільнікам рынку, так і не здолеў перахапіць ініцыятыву ў вызначэнні эканамічнага курсу краіны.

На іх фоне сапраўднай «Асобай года» выглядае мінскі студэнт, стваральнік жартаўлівага сайта Пракапові.ч, які імкліва ўзляцеў на вяршыні беларускага інтэрнэту. Ад красавіка да верасня краіна жыла па ягоным курсе, а не па лічбах Нацбанка. Таямнічы праграміст, які дагэтуль не раскрывае свайго імя, пагадзіўся адказаць на пытанні «НН», умоўна назваўшыся «Пятром Пятровічам».

«Можна было б адкрываць такі сайт у Венесуэле»

«Наша Ніва»: Як з’явілася ідэя віртуальнага абменніка і ці было адразу разуменне, што сайт стане настолькі папулярным?

Пятро Пятровіч: Ідэя ўзнікла, калі я праглядаў напачатку вясны допісы сяброў у сацыяльных сетках. Там было шмат прапановаў набыць ці прадаць даляры па курсу, адрознаму ад абменнікаў, дзе валюты ўжо не было. Вось я і вырашыў стварыць для такіх аперацый асобную пляцоўку.

Да таго ж, хоць я і праграміст, па асноўнай спецыяльнасці я займаюся трохі іншымі рэчамі. Мне было цікава паглядзець, якія тэхнічныя магчымасці ёсць у стваральнікаў сайтаў і як можна хутка зрабіць нешта сваё. Я думаў, што праект бу-дзе забаўкай на колькі дзен, і не мог сабе нават уявіць, што хоць нехта вырашыць абменьваць праз яго рэальныя грошы.

«НН»: Колькі чалавек працуе ў камандзе?

ПП: Калі ўсё гэта пачыналася, усім займаўся я адзін. Зараз, дзякуй Богу, знайшліся людзі, якія дапамагаюць. Без іх падтрымкі я б нічога не змог дасягнуць. У камандзе працуе да пяці чалавек, некаторыя добраахвотна, а рэдактары навінаў — за грошы. Час ад часу прыцягваем фрылансераў для дапамогі па тэхнічнай частцы.

«НН»: Ці стаў праект камерцыйным і ці прынёс хоць трохі прыбытку стваральнікам?

ПП: Праект, натуральна, некамерцыйны. Нашая пазіцыя такая, што людзі мусяць мець доступ да такіх сэрвісаў бясплатна. Але вядома ж, грошы не нашкодзілі б. Да нас раней заходзілі да 100 тысяч унікальных наведнікаў за суткі, зараз каля трыццаці тысяч. Гэта вялікая аўдыторыя, і каб плённа працаваць з ёй, неабходныя інвестыцыі. Даходы з рэкламы невялікія, усё ідзе на аплату рэдактарам і за серверы, казаць пра нейкі прыбытак не даводзіцца. Беларускія бізнэсоўцы баяцца размяшчацца ў нас нават бясплатна, хоць нашая пляцоўка іх і прываблівае. А вось «Белсат», напрыклад, пэўны час рэкламаваўся, і яны потым адзначылі, што сярод усіх беларускіх сайтаў ад нас да іх прыйшло найбольш людзей.

«НН»: І ўсё ж, вашая нелегальнасць — гэта плюс ці мінус для раскруткі сайта?

ПП: Тут палка аб двух канцах. З аднаго боку, мы засяродзілі на сабе ўсю аўдыторыю такіх фінансавых сэрвісаў. Паколькі наш сайт грунтуецца на чыстай ідэі, тэхнічная рэалізацыя была вельмі простая. Калі б не пераслед Генпракуратуры, канкурэнты, той жа Tut.by, адбілі б у нас большасць наведвальнікаў, бо ў іх значна лепшыя магчымасці для развіцця. З іншага боку, нягледзячы на вялікую аўдыторыю, мы не ў стане яе манетызаваць. І не толькі для адпачынку на Багамах асабіста для мяне, але і для магчымасці зняць офіс, плаціць людзям нармальны заробак і, урэшце, мець сайт, лепшы за цяперашні.

«НН»: Якія перспектывы ў сайта, калі неабходнасць у віртуальным абмене даляраў адпала? І што, на вашую думку, усё яшчэ шукаюць на Пракапові.ч’ы тыя 15—20 тысяч чалавек, што заходзяць на яго штодзень?

ПП: Да нас ўсё яшчэ заходзяць людзі, якія чытаюць навіны, шмат каму падабаецца, як мы фармуем стужку і якія каментары пад навінамі пакідаюцца. Што да абмену грошай, то ў іншых краінах таксама існуюць падобныя праблемы. Напрыклад, у Венесуэле, у некаторых азіяцкіх краінах СНД. Можна было б туды пашырацца. Але каб пашырацца, трэба мець час і інвестыцыі, а ў мяне зараз няма ні таго, ні іншага. Бачанне, канцэпцыя — гэта ёсць, але асабліва не хочацца выходзіць на міжпланетны ўзровень праз магчымыя праблемы з заканадаўствам.

Вінавацілі ў супрацы з КДБ і амерыканцамі адначасова

«НН»: Мала хто ў свеце верыць, што некалькі месяцаў краіна фактычна жыла па курсе, які ананімны чалавек выстаўляў у інтэрнэце. Шмат у каго была спакуса ўплываць на яго ў сваіх інтарэсах. Ці былі прапановы ад бізнесменаў ці чыноўнікаў змяніць курс за пэўную ўзнагароду?

ПП: Былі хіба што спробы мяняць курс пры дапамозе шматлікіх фіктыўных абвестак. Ну і, натуральна, абвінавачанні. Ад супрацы з КДБ да працы на Дзярждэп, Масад і Нацыянальны банк Афганістана адначасова. І калі з першым мы даволі паспяхова змагаліся, ужываючы розныя метады аналізу інфармацыі, то на другое проста не зважалі ці, наадварот, смяяліся ўголас. Увогуле, ці не асноўнай мэтай пры стварэнні сайта быў лёгкі здзек з уладаў — глядзіце, маўляў, першы ў свеце электронны пункт наяўнага абмену. А першы ў свеце не таму, што мы самыя прасунутыя, а таму, што больш нідзе такі цуд непатрэбны.

Я таксама лічу, што гэта абсалютна ненармальна, калі ананім выстаўляе штодня курс для ўсёй краіны — а гэта ж насамрэч было так. І аб’ёмы ў нас смешныя былі: праз нас праходзіў недзе 1% звычайнага валютнага абароту. Таму я спрабаваў усімі магчымымі спосабамі дабіцца таго, каб сітуацыя выправілася, паказаць абсурднасць таго, што адбываецца, вярнуць валютнае рэгуляванне ў нармальнае рэчышча. Хто ведае, можа, калі б не гэты сайт, улады б і далей зацягвалі з вяртаннем валюты ў абменнікі.

«НН»: Яшчэ з вясны вашай дзейнасцю зацікавілася пракуратура. Ці ўдалося хоць нейкім дзяржаўным структурам вылічыць вас?

ПП: Аніякіх кантактаў з супрацоўнікамі Генпракуратуры ці іншых дзяржустаноў я не меў. Ці вылічылі яны мяне, не ведаю. Я не хакер, не шпіён, не надта стараўся заблытаць сляды. Мо і вылічылі, ды вырашылі не чапаць. Зрэшты, тых, хто ведае, што я гэтым займаюся, мала — сям’я і некаторыя сябры.

Пятро Пятровіч зажыў сваім жыццём

«НН»: Што павінна адбыцца, каб грамадскасць даведалася сапраўднае імя «Пятра Пятровіча»?

ПП: Адкрываць сваё імя я не хачу. Перадусім, я лічу, што канцэпцыя прыцягнення персанажа Пятра Пятровіча, якая праходзіць праз увесь сайт, — нашае найвялікшае і найлепшае адкрыццё. Пятро Пятровіч — класны дзядзька, якому давяраюць і які жыве ўжо сваім асобным жыццём. А хто гэта ў рэальнасці — ці то паспяховы банкір, ці то пенсіянер-чыгуначнік, ці то ўчарашні выпускнік каледжа міліцыі, — няважна.

«НН»: У Расіі героем інтэрнэт-супольнасці стаў блогер Навальны. Цяпер многія прапануюць яму кандыдатам у прэзідэнты. Вы хацелі б у будучыні заняцца грамадскай дзейнасцю, калі ўлічыць, што статус «стваральнік Пракапові.ч’а» адразу ж дасць вялікую пазнавальнасць?

ПП: Ісці ў публічную палітыку ці грамадскую дзейнасць я не хачу. Апроч імя — дый тое спрэчна, ці дапаможа яно, — патрэбна нешта іншае, чаго ў мяне няма. Каб была ідэя, якая б дапамагла людзей разварушыць, і план па яе дасягненні, я б ёй падзяліўся. Але, здаецца, што адной ідэі мала, трэба павольна рухацца, развіваць грамадзянскую супольнасць і прывучаць людзей думаць. А палітыкі з’явяцца, проста на ўсё свой час. Я думаю, што і ад імя Пятра Пятровіча можна рабіць грамадства трошкі лепшым. У Расіі крыху прасцей з гэтым, там пакуль што менш заціснутыя гайкі, але і там, бадай, адзін Навальны і ёсць з адметных асобаў, якія нечага дасягнулі, якіх ведаюць, якімі ганарацца і якія здольныя весці за сабой людзей.

Prokopovi.ch

«Першы ў свеце электронны пункт віртуальнага абмену валюты». Створаны ў пачатку красавіка, каб сабраць аб’явы аб куплі і продажы валюты. Курсам, які з’яўляўся на сайце, карысталася ўся краіна. Пракуратура абмежавала доступ да яго, аднак не пазбавіла папулярнасці. З выхадам Беларусі на адзіны курс даляра перастаў адыгрываць сваю ролю. Цяпер – навінны партал.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)