На абаронцаў Курапатаў уначы напалі невядомыя з крыкамі «Белая раса»
Лагер абаронцаў Курапатаў атакавалі невядомыя ў масках з драўлянымі завостранымі палкамі.
Нагадаем, што актывісты праводзяць доўгатэрміновую акцыю супраць высечкі дрэваў і пачатку будаўніцтва офісанага цэнтру за некалькі дзясяткаў метраў ад Курапатаў — месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Як распавёў сайту Pyx.by сябра Руху «За Свабоду» Аляксей Клюшнічэнка, начаваць заставалася блізу 10 актывістаў. На вечар 22 лютага абстаноўка там была спакойная.
Аднак прыкладна а 3-й ночы адбылася правакацыя. Паводле Радыё Свабода, якое спасылаецца на сведчанні відавочцаў, нападнікаў было ад 15-20 чалавек. Яны лаяліся, выкрыквалі «Слава Расеі» і «Белая раса». Невядомыя разбурылі намёт, сарвалі бел-чырвона-белыя сцягі і перакулілі бочку з вогнішчам.
Усё доўжылася ня больш за хвіліну. Быў паранены Алесь Кіркевіч — яго ўдарылі драўлянай бітай па скроні.
Пасьля гэтага нападнікі зьбеглі ў бок урочышча Курапаты.
«Першае што мы адчулі, гэта страх, але ён хутка прайшоў. Цяпер мы разумеем, што гэта была спланаваная загадзя і ўзгодненая з міліцыяй акцыя, бо за гадзіну да нападу міліцыянер, які назіраў за лагерам, сышоў», — распавёў Свабодзе актывіст «Маладога фронту» Арцём Леўчанка.
Актывісты сьцьвярджаюць, што не зьбіраюцца згортваць абарону Курапатаў — лягер будзе адноўлены і застанецца на тым жа месцы. «Калі яны думалі, што такім чынам нас спужаюць, то памыліліся. Гэта толькі абурыла нас яшчэ больш», — заявіў Арцём Леўчанка.
Читайте еще
Избранное