Общество

На 91 годзе пайшоў з жыцця скульптар Леў Гумілеўскі

Ён рабіў помнікі беларускім класікам.

3 ліпеня 2021 года на 91 годзе пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця вядомы беларускі скульптар Леў Мікалаевіч Гумілеўскі, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, сябра секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў, пiша Наша Нiва.

Развітанне з Львом Мікалаевічам Гумілеўскім адбудзецца 06 ліпеня (аўторак) 2021 года ў жалобнай зале па адрасе Кульман 33а з 10.00 да 11.00.

Леў Мікалаевіч Гумілеўскі ярка заявіў пра сябе яшчэ ў 1958 годзе. Больш за паўстагоддзя ён плённа і паспяхова працаваў у галіне станковай і манументальнай скульптуры. З першых выстаў, дзе экспанаваліся яго творы, Леў Гумілеўскі паказаў сябе як выразны мастак са сваім індывідуальным стылем і пластычнай мовай. Пра гэта сведчаць яго знакавыя скульптуры «Партызанская сям'я», «Крылатая», «Салдацкі нацюрморт» і інш.

Пачынаючы з 1980-х і пазней Леў Гумілеўскі актыўна ствараў нацыянальны летапіс беларускай гісторыі і культуры. Пластычныя вобразы Максіма Багдановіча, Мікалая Гусоўскага, Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Адама Міцкевіча, Міхаіла Агінскага, Канстанціна Астрожскага, Аляксандра Пушкіна, князёў Радзівілаў, Сяргея Рахманінава, Францыска Скарыны, Уладзіслава Сыракомлі з'яўляюцца ідэаламі свайго часу разам з вобразнымі партрэтамі сучаснікаў: Аляксандры Клімавай, Уладзіміра Караткевіча, Міхаіла Савіцкага, Анатоля Сыса, Максіма Танка і інш.

Леў Гумілеўскі на працягу 26 гадоў займаўся педагагічнай дзейнасцю. Сумесна з Міхаілам Савіцкім (жывапіс) і Георгіем Паплаўскім (графіка) скульптар узначальваў майстэрню скульптуры ў «Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры» (1993-2010).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(3)