«Мяне палохалі ледзьве не расстрэлам»

Поўны тэкст выступу ў судзе экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Пачну з пункта абвінавачвання, які сапраўды мае да мяне, і да якога я сапраўды маю нейкія дачыненні. Пункт гэты сфармуляваны на 3-й старонцы абвінавачвання, а астатнія 27 старонак гэтага твора ў жанры юрыдычнай фантастыкі, на якіх амаль 100 разоў згадваецца імя Уладзіміра Някляева, выбачайце, не пра мяне. Гэта пра нейкага іншага Някляева, які, можа быць, і мог бы быць на Плошчы і, можа быць, здзейсніў бы тое, пра што тут напісана, калі б ён там быў.

Чалавек падлягае суду толькі за тое, што ён зрабіў, а не за тое, што ён мог бы, ці нават збіраўся зрабіць. Я не зрабіў нічога з таго, у чым мяне вінавацяць.

Пракурор сцвярджае: гатовы быў, сабраўся!.. Дык Раскольнікаў у вядомым рамане Дастаеўскага сабраўся бабулю забіць. Доўга, дарэчы, пра гэта думаў. Планаваў. Але ж судзілі яго не за тое, што планаваў, а за тое, што забіў.

Цяпер давайце ўявім: Раскольнікаў злачынства спланаваў, сабраўся яго здзейсніць, ужо па вуліцы пайшоў… Абабуля хітрая аказалася, пра ўсё дазналася — і наняла хлопцаў са спецпадраздзялення «Алмаз». Тыя Раскольнікава на вуліцы перастрэлі — і паленам па галаве! Дык каго судзіць?.. Гэта ж зусім іншыя «Злачынства і пакаранне», зусім іншы раман нашага земляка Дастаеўскага. Вось бы Фёдар Міхайлавіч здзівіўся, дазнаўшыся, што Расколькаў амаль паўгода пад арыштам, а сёння яшчэ і ў судзе за тое, што ішоў па вуліцы, на якой яго яшчэ і ледзьве не забілі.

Калі б на гэтым судзе, як і на ўсіх сённяшнях палітычных працэсах, шукалі праўды пра падзеі 19 снежня, дык перш за ўсё дазнаваліся б, хто і чаму хацеў забіць кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь? Хто аддаваў загад? І я буду прасіць суд выклікаць у якасці сведкаў міністара ўнутраных спраў Анатоля Куляшова і кіраўніка краіны, а ў момант нападу на мяне гэткага самага, як і я, кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку.

Бо Лукашэнка, ужо дзейны прэзідэнт, на сваёй прэс-канферэнцыі сказаў, што 19 снежня ўсе сілавыя структуры дзейнічалі пад ягоным кантролем, а міністр унутраных спраў 26 студзеня заявіў, што непасрэдна ён аддаваў загады.

Але вернемся да абвінавачвання: Цытую: «Некляев В.П. совместно с Дмитриевым А.В., Возняком С.В. и иными активистами кампании „Говори правду!“ направился по проезжей части улицы (дарэчы, на гэтай вуліцы няма тратуараў, яна зусім вузенькая — і я буду яшчэ разбірацца, як мы патрапілі ў гэты капкан, чаму за некалькі гадзін да Плошчы быў раптам зменены маршрут руху калоны „Гавары праўду“?) от Коллекторной к улице Немига, где шествующим путь преградили сотрудники ГАИ при помощи служебного автомобиля(і як яна выглядала: помощь служебного автомобиля?

А проста ўпоперак вуліцы машыну поставілі, як некалі гэта зрабілі іх сумнавядомыя калегі, якія загарадзілі трасу „жывым шчытом“) и предъявили законное требование о досмотре перевозимого их микроавтобусом груза, двигавшегося в центре колонны. Однако Некляев В.П., как лицо, возглавлявшее шествие, от выполнения законных требований сотрудников милиции неправомерно отказался, после чего участниками незаконного шествия (чаму шэсце незаконнае? З якіх гэта часоў у нашай краіне незаконна йсці па вуліцы — няхай нават са сцягамі?) были совершены противоправные действия — предпринята попытка сдвинуть в сторону служебный автомобиль ГАИ, в ходе которых получил травму, в связи с чем делегировал свои полномочия начальнику своего избирательного штаба Дмитриеву А.В.

З гэтага тэксту не адразу й зразумееш (ён наўмысна так складзены), хто ж у выніку „предпринятой попытки сдвинуть в сторону служебный автомобиль“ атрымаў траўму, ужо не кажучы пра тое, як ён умудрыўся яе займець?

У 2010 годзе прадстаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі спынялі мяне на дарозе іпатрабавалі дагляду аўтамабіля (бо ў ім, як яны сцвярджалі, можа быць ці зброя, ці наркотыкі, ці ўвогуле аўтамабіль украдзены) 21 раз! Я магу запрасіць у суд, каб засведчыць гэта, 21-го сведку… Гэта было ў Барысаве, у Жодзіна, у Мазыры — па ўсёй Беларусі. Таварышы ў цывільным, якія раптам аказваліся побач з аўтаінспектарамі, везлі мяне ў пастарунак і там трымалі 3-4-5 і болей гадзін, пакуль не разыходзіліся людзі, на сустрэчу з якімі я ехаў. Машыну на гайкі разбіралі, а пасля яшчэ і здзекваліся: маўляў, дзіўна, што пісталетаў з гранатамі не знайшлі. Тым не менш яны, не знойдзеныя пісталеты з гранатамі, пасля Плошчы на фотаздымках з’явіліся… І следства мяне, дарэчы, 357 артыкулам праз тое палохала. Ледзьве не расстрэлам.

Як паказала беларускае тэлебачанне ў баявіку маладога тэлерэжысёра Генадзя Давыдзькі „Жалезам па шкле“ зброя была знойдзеная ў офісе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Дык дзе яна падзелася? Чаму ні слова пра яе няма ў крымінальнай справе?.. Толькі таму, што для абвінавачвання па 342-м артыкуле зброя ўжо без патрэбы. А каб мяне абвінавацілі па тым артыкуле, якім палохалі, дык наўрад ці я прадстаў бы на гэтым судзе бяззбройным.

Усе крымінальныя справы па падзеях 19 снежня следствам злепленыя так, як дзеці з пяску піражкі лепяць. Толькі гульня гэтая — не дзіцячая. За ёй — турма, краты, зламаныя чалавечыя лёсы.

Прычым, лёсы пераважна маладых людзей. Следчыя самі разумелі гэта, таму й дамагаліся, каб падсудныя абавязкова прызналі сваю віну. Нібыта тым самым можна зняць цяжар з сумлення. Нельга. Калі, канешне, сумленне ёсць, калі яно не лішняе.

Але вернемся да эпізода з аўтамабілем ДАІ. Паўтараю: гэтаксама мяне спынялі і потым затрымлівалі 21 раз! Дык па якой прычыне я павінен быў думаць, што 22-гі раз на вуліцы Калектарнай у Мінску — не гэткі самы? Таму што ён 22-гі — і гэта перабор?.. „Ды ўсё тое самае, — падумаў я. — Зараз з’явяцца таварышы ў цывільным, і я апынуся ў пастарунку, дзе мяне будуць трымаць, пакуль не разыдзецца Плошча“. І я не памыліўся. Толькі гэтым разам выйшла горш, чым я думаў: апынуўся я не ў пастарунку, а ў рэанімацыі бальніцы хуткай дапамогі.

19 снежня 2010 года ў 19 гадзін 10 хвілін, што зафіксавана ў матэр’ялах следства, я выйшаў з офісу кампаніі „Гавары праўду!“, а ў 19 гадзін 17 хвілін, што таксама зафіксавана ў тых жа матэр’ялах, атрымаў ЧПМ. Чэрапна-мазгавую траўму. І не ў выніку, як напісана ў абвінавачванні, „попыткі сдвинуть в сторону служебный автомобиль“, да якога я пальцам не дакранаўся, а ў выніку нападу групы невядомых людзей у чорнай форме, пасля чаго ачуняў ужо толькі ў рэанімацыі. Дык як і каму мог я дэлегаваць свае, як напісана ў абвінавачванні, паўнамоцтвы? Хіба толькі хітрай „бабулі“, якая наняла хлопцаў у чорным…

Калі нават гэты эпізод, у часе якога быў здзейснены замах на маё жыццё, перакручаны ў абвінавачванні так, нібы гэта я напаў на тых, хто ледзь не забіў мяне, дык што ўжо казаць пра ўсе астатнія эпізоды гэтага, так бы мовіць, „юрыдычнага дакумента“. Ну вось самы пачатак яго: „Так он (гэта значыць, я) в ноябре 2009 года принял участие в кампании „Говори правду!“ в качестве ее лидера, достоверно зная о том, что данная кампания будет проводиться как фоновая кампания для выдвижения его на политическую сцену в качестве кандидата в Президенты Республики Беларусь“.

У кастрычніку 2009 года я не ведаў ні толькі пра тое, што буду кандыдытам у прэзідэнты, а нават пра тое, што ёсць такая кампанія „Гавары праўду“, бо ляжаў з гіпертанічным крызам у шпіталі.

Мой удзел у падзеях 19 снежня заняў 7 хвілін часу. Не расцягнутага касмічнага, а звычайнага зямнога. Так што я не разумею, што я раблю ў гэтым судзе, калі толькі ў бяспамяцтве не ўчыніў за тыя 7 хвілін нешта такое, за што мяне можна судзіць.

Тым не менш трэба бараніцца…

Усіх нас, хто знаходзіцца і ў гэтым судзе, і ў іншых судах на лаве падсудных па так званай справе 19 снежня, абвінавачваюць па сутнасці ў адным: у тым, што мы дамагаліся свабодных, справядлівых, дэмакратычных выбараў і іх праўдзівых вынікаў.

Але паколькі артыкула, па якім наўпрост за гэта можна было б судзіць і караць, у крымінальным кодэксе няма, нас судзяць і караюць за Плошчу. Адных — як яе арганізатараў, іншых — як удзельнікаў, але ўсіх — за адно. Таму, выступаючы ў сваю абарону, я выступаю і ў абарону маіх сяброў. Якіх люблю і паважаю.

Мне прад’яўлена абвінавачванне, якое цалкам сканструяванае на вельмі хісткім падмурку. На тым, што прычына, па якой арганізатары заклікалі на Плошчу яе ўдзельнікаў, нібыта НАДУМАНАЯ. Цытую: „В период с 18 ноября по 18 декабря 2010 г. Некляев В. П., являясь кандидатом на должность Президента Республики Беларусь… через средства массовой информации, а также в ходе выступлений перед избирателями призывал их прибыть 19.12. 2010 года в 20.00 на Октябрьскую площадь г. Минска… Для активизации сбора граждан Некляев В.П. использовал НАДУМАННЫЙ предлог о недемократичности выборов Президента Республики Беларусь и возможной фальсификации их результатов Центральной избирательной комиссией Республики Беларусь“.

Пра тое, што НАДУМАНАСЦЬ не ёсць юрыдычны тэрмін, не прававая катэгорыя, ужо казаў на гэтым судзе Аляксандр Фядута. Гэта дзяўчынка можа надумаць, што хлачук яе не кахае. Палітык не надумвае, а робіць высновы. Прагназуе, зыходзячы з рэальнасці.

Надуманай прычынай называецца ў абвінавачванні „недэмакратычнасць выбараў і магчымая фальсіфікацыя іх вынікаў“. Зусім нескладана давесці, што насамрэч яно не так, што прычына не надуманая, бо недэмакратычнае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і фальсіфікацыя іх вынікаў былі цалкам верагодныя. Прагназаваныя.

Высокі суд лепш за мяне ведае, што такое юрыдычны прэцэдэнт, няхай сабе ў нашай юрыдычнай практыцы ім амаль не карыстаюцца. Але ў свой час ён быў асноўным у судовай практыцы ва ўсёй Еўропе, сёння выконвае вядучую ролю ў Англіі ды іншых краінах з англасаксонскім правам.

Прэцэдэнт з’яўляецца тады, калі патрабуецца юрыдычнае рашэнне, а неабходнай нормы ў заканадаўстве няма. Ён, прэцэдэнт — вынік логікі і здаровага сэнсу. У прыватнасці, з яго вынікае: тое, што было аднойчы, можа быць і двойчы, і паўтарацца незлічоную колькасць разоў.

Гэта так?.. Так.

Прэзідэнцкія выбары 2010 года — не першыя выбары ў Рэспубліцы Беларусь. Былі прэзідэнцкія выбары 1994, 2001 і 2006 гадоў. Толькі адны з іх, выбары 1994 года, на якія не магла ўплываць сённяшняя выканаўчая ўлада, былі праведзеныя па стандартах, набліжаных да дэмакратычных — і былі прызнаныя міжнароднай дэмакратычнай супольнасцю. Выбары 2001 і 2006 гадоў праводзіліся ўжо пры цяперашнім палітычным рэжыме, яны не былі свабоднымі, не былі справядлівымі, вынікі іх былі сфальсіфікаванымі. Факт іх фальсіфікацыі засведчаны не толькі ў дакладах міжнародных арганізацый, якія назіралі за выбарамі — ён прызнаны самой беларускай уладай.

Вось факт.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, 23 лістапада на прэс-канферэнцыі для украінскіх журналістаў новаабраны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў (цытую па арыгінале): „Последние выборы мы сфальсифицировали, я уже западникам это говорил. За президента Лукашенко проголосовало 93,5 процента. Мы сделали 86. Это правда было. И если сейчас начать пересчитывать бюллетени, то я не знаю, что с ними делать вообще“.

Падкрэсліваю: факт фальсіфікацыі прызнаны. Тады на якой падставе гэты юрыдычна бясспрэчны прэцэдэнт кваліфікуецца ў абвінавачванні, у юрыдычным дакуменце, як надуманы? Хіба таму, што лічбы сфальсіфікаваныя ў бок зменшэння, а не павялічэння?..

Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года, 1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў фальсіфікацыю вынікаў выбараў 2006 года і вызначыў, колькі працэнтаў набярэ на выбарах 2010 года апазіцыя і колькі набярэ ён, заявіўшы (цытую па арыгінале): „У них знаете, сколько сторонников? Чистых сторонников нашей оппозиции? У нас есть списки их всех. 400 человек — это боевой отряд. А самое массовое — сторонники, которые могут в открытую противостоять властям на митингах, демонстрациях — 800 человек. Ну, может, еще 100–150 тысяч могут поддержать их на выборах“.

Тут лічу не лішнім нагадаць, што ў час збору подпісаў толькі за Уладзіміра Някляева падпісалася 230 тысяч чалавек, 160 тысяч за Саннікава, а ўсяго за вылучэнне кандыдатаў ад апазіцыі прагаласавалі сваімі подпісамі больш як мільён грамадзян Беларусі! Дзе гэтыя людзі, куды іхнія галасы падзеліся на выбарах? Быў нейкі мор, чума, яны вымерлі? З’ехалі за мяжу?..

Але цытую далей: „Мне бы хотелось, чтобы проголосовали две трети за меня — это конституционное большинство и выражение высочайшего доверия, где-то 70–75 процентов. Не надо как в прошлый раз, больше 90 процентов“.

У прэзідэнцкіх выбарах 2010 года брала ўдзел каля шасці з паловай мільёнаў выбарцаў. 150 тысяч з іх, якія, як „прагназаваў“ Лукашэнка, маглі прагаласаваць за апазіцыю — гэта прыблізна 2, 4%. Цяпер глядзім афіцыйныя вынікі галасавання і на выбарах, пададзеныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Вы не паверыце: за кандыдата ад апазіцыі, які па афіцыйных выніках заняў другое месца ўслед за дзейным прэзідэнтам, аддадзена роўна столькі галасоў, колькі „спрагназаваў“ Лукашэнка. 156 тысяч, або 2,43%! Усяго на 0, 03% памыліўся дзейны прэзідэнт. Экстарсэнс… А вось за яго самога прагаласавала выбарцаў куды болей ад ягонага „прагнозу“. Не 75%, а 79,65%. Тут ЦВК палічыла большае не лішнім.

Цяпер пытанне: як у маіх дзеяннях і ў дзеяннях маіх таварышаў можна ўбачыць „надуманный предлог“, калі на выбары загадзя даваліся ўстаноўкі, калі фальсіфікацыя вынікаў выбараў прагназавалася? І на выкананне гэтых установак працавала не толькі Цэнтральныя выбарчая камісія, а ўся выканаўчая ўлада. У тым ліку і праваахоўныя органы, пракуратура, судовая сістэма — як падраздзяленні так званай „вертыкалі“. Гэта не так? Так. Я сам разам з прысутнымі тут Андрэем Дзмітрыевым і Сяргеем Вазняком без ніякіх тлумачэнняў і прабачэнняў быў арыштаваны і гэтаксама без ніякіх тлумачэнняў і прабачэнняў праз трое сутак вызваленыз-пад варты. Вось пасля гэтага, дарэчы, а не ў „кастрычніку 2009 года“, я і прыняў рашэнне ісці на прэззідэнцкія выбары! Каб перамагчы на іх і змяніць сістэму самаўпраўства і беззаконня.

Пра тое, што выбары былі сфальсіфікаваныя, а гэта значыць, што мы ў прагнозах сваіх, на жаль, не памыліліся, сведчаць нават дзяржаўныя СМІ.

„Советская Белоруссия“, газета прэзідэнцкай адміністрацыі, праз месяц пасля выбараў (21 студзеня) друкуе матэр’ял пад назвай „НИСЭПИ: уверенная и однозначная победа“. У матэр’яле падаюцца вынікі выбараў згодна з нацыянальным апытаннем незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў, які (цытую ў арыгінале) „пришел к выводу, что А.Лукашенко вновь с колоссальным отрывом от соперников выиграл президентские выборы и это не подлежит никакому сомнению. Соперники получили незначительное по сравнению с А.Лукашенко количество голосов (В.Некляев — 8,3 процента, А.Санников — 6,1 процента)“. Далей НІСЭПІ рэкамендуецца як вельмі паважная ўстанова, з чаго вынікае, што даследванням ягоным цалкам можна давяраць. „Можно смело утверждать, что НИСЭПИ никогда не был замечен в скрытых симпатиях к сегодняшней белорусской власти, поэтому, опубликовав результаты своего опроса, НИСЭПИ нанес нокаутирующий удар по бесчестным попыткам фальсификаторов итогов выборов“ — катэгарычна сцвярджае газета прэзідэнцкай адміністраціі.

Яно й сапраўды так: „нокаутирующий удар“. 51,1% набраў на выбарах Лукашэнка па дадзеных інстытута, якому цалкам можна давяраць! Тады як быць з дадзенымі ЦВК? Ім давяраць не цалкам? Што болей заслугоўвае даверу?.. А ўсё! І тое, і гэтае! І напляваць, што яно адно з адным не сыходзіцца. Стукнем з двух бакоў — амапам і спецназам — і сыйдзецца!

Чаму газета прэзідэнцкай адміністрацыі змушаная была шукаць доказы чарговай „элегантнай перамогі“ дзейнага прэзідэнта хоць у якой-небудзь незалежнай крыніцы? Таму што ў жаданні ўслужыць гаспадаруЦВК перастаралася, выклікаўшы недавер да вынікаў галасавання нават у адэптаў улады, якімі з’яўляецца пераважная колькасць чытачоў газеты „Советская Белоруссия“.

У дакументах, якія я прашу суд далучыць да матэрыялаў справы, зафіксаваныя парушэнні Выбарчага кодэксу на ўсіх этапах прэзідэнцкіх выбараў. Апроч сотняў асобных парушэнняў, у дакументах выяўлена агульнае нежаданне ўлада правесці выбары свабодна і справядлівы. Скаргі на гэта падаваліся і ў час выбарнай кампаніі, і адразу пасля выбараў, але Цэнтральная выбарчая камісія факты парушэнняў, абыходзячыся адпіскамі, ігнаравала, бо сама за гэтымі парушэннямі й стаяла. „Я птица подневольная, член команды президента“, — прызналася ў інтэрв’ю „Еўрарадыё“ старшыня ЦВК.

Скарга на незаконную пастанову Цэнтральный выбарчай камісіі ад 24 снежня 2010 года № 174 была пададзеная ў Вярхоўны суд, які згодна з 60-м артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь быў АБАВЯЗАНЫ вынесці рашэнне па скарзе, але нават не прыняў яе да разгляду. Аднак гэта не азначае, што дакументаў з фактамі, доказамі таго, што выбары праведзены несвабодна і несправядліва, што яны сфальсіфікаваныя, няма. Яны ёсць! І яны стануць падставаў для будучага суда над тымі, хто пайшоў на дзяржаўнае злачынства. хто з парушэннямі Закона правёў прэзідэнцкія выбары. Прычым, з парушэннямі не толькі Выбарчага кодэкса, але і Канстытуцыі.

Прагназуючы недамакратычныя выбары 2010 года, мы сыходзілі не толькі з бягучых парушэнняў, зафіксаваных на іх. Хацеў бы звярнуць увагу на тое, што, апроч прэзідэнцкіх выбараў, не атрымалі прызнання міжнародных дэмакратычных назіральнікаў і парламенцкія выбары, а таксама ніводны з праведзеных у Беларусі рэферэндумаў, ініцыятарам якіх быў кіраўнік дзяржавы. Вынікі гэтых рэферэндумаў, таксама сфальсіфікаваныя, нанеслі відавочную шкоду краіне і народу.

Рэферэндум 1995 года пазбавіў Беларусь нацыянальнах сімвалаў, разбурыў нашу гістарычную памяць і па-сутнасці вывёў з дзяржаўнага ўжытку нацыянальную мову. Вораг не прыдумаў бы такога, што зрабіў з Беларуссю першым сваім рэферэндумам першы беларускі прэзідэнт. Гэта і стала прычынай майго канфлікту з Лукашэнкам, з уладай, якая выявіла сваю антынацыянальную сутнасць. Для мяне, беларускага паэта, дый проста для беларуса, які мае нацыянальны гонар, адчувае нацыянальную годнасць, гэта была знявага. Гэта, канешне, не мае дачынення да 1-й часткі 342-га артыкула, па якім мяне абвінавачваюцьі будуць судзіць, але я хачу, каб і высокі суд, і не нізкі пракурор зразумелі прычыну, па якой я, паэт, апынуўся ў палітыцы. Менавіта па гэтай прычыне і ў 2001, і ў 2006 годзе я стаяў на Плошчы, а ў 2010 пайшоў на яе праз прэзідэнцкія выбары. І я буду заклікаць на яе, і буду стаяць на ёй, на Плошчы нашай будучыні, да той пары, пакуль не збяруцца на ёй усе беларусы і не выдыхнуць адным дыхам: „Жыве Беларусь!“

Я хачу папярэдзіць пытанне шаноўнага пракурора, якое ён задае ўсім падсудным: чаму я заклікаў людей прыйсці менавіта на Кастрычніцкую плошчу? Мог жа заклікаць у іншае месца. І, маўляў, не меў бы праблем.

Ёсць рэчы куды вышэйшыя і за юрыспрудэнцыю, і за палітыку. Сакральныя рэчы. Праз якія чалавек і ёсць чалавек, а не проста юрыст альбо палітык. У 50-гадах у Смаргоні, дзе я жыў у дзяцінстве, зруйнавалі царкву. І мая маці, і я з ёй маліліся пад яблыняй. Мы яе называлі Яблыня-царква. Мая маці памерла, а царкву ў Смаргоні збудавалі новую. Але малюся я, калі туды прызджаю, пад яблыняй. Там, дзе стаяла маці.

На Плошчы, якая будзе некалі Плошчай Каліноўскага, стаялі ўсе мае сябры. І тыя, якіх дыктатура кінула і эміграцыю, і тыя, якіх яна знішчыла. Я стаю на гэтай Плошчы разам з імі.

Я паэт. У мяне не „судовапрацэсуальнае“ мысленне. І з гэтым ніхто і нічога ўжо не можа зрабіць. Ні я сам, ні хто-небудзь іншы.

У абвінавачванні сцвярджаецца, нібыта тое, што адбылося на Плошчы, планаваласяз агадзя. Можа быць, і планавалася, але не мной і ўвогуле не апызіцыяй.

Няпраўда, што мы ад пачатку бачылі Плошчу 2010 года толькі як акцыю супраціву. У першым сваім выступе па Беларускім тэлебачанні я заклікаў людзей святкаваць, а не пратэставаць. Пратэстная Плошча разглядалася толькі як адзін з варыянтаў — толькі пры ўмове несвабодна праведзеных выбараў. На жаль, з улікам таго, як праводзіліся ўладай папярэднія выбары, з улікам прэцэдэнтаў, гэта варыянт, паўтараю, падаваўся нам зусім верагодным. І чым бліжэй было да дня выбараў, тым больш фіксавалася парушэнняў, тым больш цынічна папіраўся закон.

4 студзеня 2010 года ў Выбарчы кодэкс быў ўнесены шэраг зменаў і дапаўненняў, у тым ліку некаторыя з рэкамендацый АБСЕ.Пры гэтым улады адхілілі большасць прапановаў аб зменах выбарчага заканадаўства, якія былі шнесеныя прадстаўнікамі апазіцыйных палітычнах партый. Таму змены не прывялі да вырашэння сістэмных праблемаў выбарчага заканадаўства Беларусі: адсутнасці незалежных і збалансаваных выбарчых камісій; адсутнасці заканадаўча замацаванай дэталізацыі працэдураў падліку галасоў; адсутнасці гарантый роўнасці ўсіх кандыдатаў, якія прымаюць удзел у выбарах. Паводле меркавання АБСЕ і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы, „унесеныя змены не вырашаюць фундаментальную праблему, якая заключаецца ў тым, што прававыя рамкі для правядзення выбараў у Беларусі па-ранейшаму не дазваляюць стварыць аснову для сапраўды дэмакратычных выбараў“.

15 верасня ЦВК прыняла пакет пастановаў і іншых дакументаў па арганізацыі і падрыхтоўцы выбараў, якія не ўтрымлівалі істотных адрозненняў ад аналагічнага пакета, зацверджанага напярэдадні выбараў 2006 года. ЦВК не прыняла прапановаў, рэалізацыя якіх спрыяла бтранспарэнтнасці і справядлівасці выбарчага працэсу, такія як фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій у першую чаргу з прадстаўнікоў палітычных партый, абарона бюлетэня для галасавання ад падробак дыінш. Акрамя таго, ЦВК адмовіла ў магчымасці кругласутачнай прысутнасці назіральнікаў на выбарчых участках падчас датэрміновага галасавання і некалькі разоў адхіляла прапанову аб растлумачэнні парадку падліку галасоў, г. зн.ігнаравала тыя бакі выбарчага працэсу, якія найбольш спрыяльныя для фальсіфікацый.

Усяляк абмяжоўваўся удзел прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчым працэсе. Да прыкладу, у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій былі ўключаны 2 000 сяброў.Колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў, уключаных ў склад ТВК, склала 14 чалавек, ці 0,7% ад агульнай колькасці сяброў ТВК.

У склад 6 346 участковых выбарчых камісій, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, былі ўключаныя 70 815 сяброў.З 1073 кандыдатаў ад апазіцыйных палітычных партый у склад УВК увайшлі толькі 183 чалавекі, ці 17,1%.Напрыклад, з 69 прадстаўнікоў, вылучаных чатырма апазіцыйнымі партыямі, у склад УВК Мінскай вобласці трапілі толькі 7 чалавек (10,1%).

Адміністрацыя Ленінскага раёна г. Мінска сфарміравала УВК за 5 хвілін (з 1 101 кандыдатуры — 950 сяброў камісій).Прадстаўнікі апазіцыйных партый склалі 0,25% ад агульнай колькасці сяброў УВК і былі прадстаўлены менш чым ў 3% УВК.

Я, як кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, рабіў усё дзеля таго, каб мець сваіх прадстаўнікоў ва ўсіх выбарчых камісіях. Але ў іх не было ўключана ніводнага майго прадстаўніка. І гэта справядлівыя выбары?..240 скаргаў былі пададзеныя кандыдатамі і іх давернымі асобамі, а таксама іншымі суб’ектамі выбарчага працэсу да пачатку галасавання, і только тры былі задаволены.

І гэтак далей, і гэтак далей…

Як зафіксавана ў дакументах, якія я прашу суд далучыць да матэрыялаў „крымінальнай“ справы, у заявах альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, у пададзеных у ЦВК і Вярхоўны суд скаргах, а таксама ў дакладах місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ і ПА АБСЕ і доўгатэрміновай місіі па назіранні за выбарамі БДІПЧ АБСЕ, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі і не свабодна, і не справядліва. Былі сфальсіфікаваныя. Як я ўжо казаў, такойверагоднасці мы не выключалі, таму й разглядалі Плошчу як мірную акцыю пратэсту супраць несвабодных і несправядлівых выбараў з патрабаваннем выбараў новых. Новыя выбары былі адзінай магчымасцю пазбегнуць негатыўных для краіны палітыка-эканамічных наступстваў, якія маем сёння, а Плошча была адзінай магчымасцю папярэдзіць пра гэта грамадства. Каб сказаць народу, што несправядлівыя і несвабодныя выбары збіраюцца назваць справядлівымі і свабоднымі, а іх сфальсіфікаваныя вынікі абвясціць праўдзівымі, а значыць, здзейсніць дзяржаўнае злачынства, ніякай іншай магчымасці, апроч Плошчы, у мяне не было.

Магчымасці звярнуцца да людзей праз сродкі масавай інфармацыі я быў пазбаўлены ад 3 снежня 2010 года. Таму я, як адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, заклікаў маіх прыхільнікаў на Кастрычніцкую плошчу горада Мінска, дзе традыцыйна, як яно было і ў 2001, і ў 2006 гадах, збіраюцца грамадзяне ў дзень выбараў. Права на свабоду мітынгаў, дэманстрацый і шэсцяў гарантаванае грамадзянам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыяй — і яго нельга адмяніць пастановамі ведамстваў, а тым больш нельга забараніць скарыстацца гэтым канстутыцыйным правам у дні, якія ёсць вызначальныя для будучыні дзяржавы і народа.

Плошча — храм, куды мы йдзем з малітвай за нашу Беларусь.

Апроч права, якое гарантуе мне Канстытуцыя, я абаронены ад пераследу за заклік на Плошчу артыкулам 36 КК Рэспублікі Беларусь. Мае дзеянні цалкам падпадаюць пад палажэнні гэтага артыкула. Праз меншае парушэнне (адміністрацыйнае: удзел у несанкцыяваным мерапрыемстве) я спрабаваў прадухіліць парушэнне большае (крымінальнае: прызнанне справядлівымі несправядлівых выбараў). Разам з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты я збіраўся правесці мітынг, які б прыняў рэзалюцыю з непрызнаннем несправядлівых выбараў і патрабаваннем выбараў новых, справядлівых. У крымінальнай справе няма ніякіх доказаў, што я планаваў нешта іншае.

Каб не было ніякай небяспекі для людзей, я публічна і пісьмова прасіў садзеянні ў падрыманні парадку на Плошчы ў міністра ўнутраных спраў і старшыні камітэта дзяржаўнай бяспекі. На жаль, не дачакаўся ад іх аніякага адказу. За іх мне і астатнім кандыдатам адказаў былы дзейны прэзідэнт, які стаў новым дзейным прэзідэнтам: „Мне з бандытамі і тэрарыстамі няма пра што размаўляць“. І было гэта задоўга да сённяшняга суда, які пакуль не прызнаў мяне ні за бандыта, ні за тэрарыста. І, спадзяюся, не прызнае. Больш за тое: я спадзяюся, што суд прызнае мяне і маіх сяброў ні ў чым не вінаватымі — і тым самым спыніць канвеер рэпрэсій. Прыме на палітычным працэсе палітычнае рашэнне.

Мне б хацелася, каб высокі суд зразумеў, наколькі гэта важна. Асэнсаваў значнасць таго, што адбываецца тут і цяпер, для нашай бліжэйшэй і далейшай будучыні. Усвядоміў, што сёння наша незалежная Беларусь у такой небяспецы, у якой не была яна ад часоў абвяшчэння незалежнасці.

Я не надта заклапочаны тым, чым скончыцца гэты суд для мяне асабіста. Прысудзяць мяне да году, да твух, ці трох гадоў зняволення. Мяне значна больш хвалюе тое, што праз год, праз два ці тры гады будзе з Беларуссю. Лёс Беларусі для мяне важней за мой асабісты лёс — і ў гэтым я магу пакляцца перад судом і прад Богам.

Напрыканцы хачу сказаць пра тое, што насамрэч не мае адносін да „крымінальнай“ справы, але мае адносіны да нас. Да жыцця, якое мы пражываем.

Суд нагадвае мне ў нечым такую сямейную сітуацыю… Дзеці з бацькам і маці сядзяць у хаце, а тут да маці сяброўка заскоквае: „У краму нашу нешта такое прывезлі, такое!.. Я бягу, ты са мной?“ Маці, канешне, з ёй. „Ты ж глядзі ў мяне дзяцей глядзі!“ — крычыць, выбягаючы, бацьку. А той глядзіць тэлевізар. Усе сумна, хакею няма. Тут сябрук тэлефануе: „Мы з Ваванам на піва, ты з намі?“ Бацька, канешне, з імі, але ж трэба нечым дзяцей заняць. І ён прыдумляе для іх гульню ў суд. „Ты, Жаначка, суддзя, ты, Андрэйка, пракурор, а Настачка, Сяргейка, Віталік — падсудныя. І глядзіце ў мяне: гуляйце, як бацька сказаў. А то прыду ды дзягі дам!“ Дзеці хоць і не надта хочуць (Жаначка ў мадэльку гуляла б, Андрэйка ў хакера), але паслухмяна гуляюць у суд, бо раптам бацька з дзягай прыйдзе…»

Мы не дзеці. Дарослыя людзі ў дарослым жыцці павінны прымаць самастойныя рашэнні. Такія, за якія нам не было б сорамна перад нашымі дзецьмі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)