Беседка
Зміцер Міцкевіч, «Наша Ніва»

«Мы яшчэ пры нашым жыцці ўбачым развал імперыі»

Лявон Вольскі — пра «рускі мір», выступы на карпаратывах і Сяргея Міхалка.  

— Сёлета спаўняецца 33 гады аднаму з першых беларускіх рок-гуртоў — Вашай «Мроі». Якім Вы былі і якім сталі? Шмат змянілася?

— Калі параўноўваць сітуацыю з канцэртнай дзейнасцю пры канцы 80-х і цяпер, дык дах усё апускаецца, цісне, ніжэй і ніжэй. Пры канцы 80-х было значна прасцей. Тады не забаранялі канцэртаў. І крый Божа, каб Камітэт дзяржбяспекі тэлефанаваў кудысьці ў рэстарацыю — проста нерэальная сітуацыя. Ці каб з аддзела культуры выканкама тэлефанавалі ў рэстаран і казалі: «У вас там будзе падрыўная дзейнасць». Немагчыма.

— Яшчэ пра «Мрою». Вы спявалі: «Я сабе застануся верным». Вы сабе засталіся верным?

— Я магу быць розны: вясёлы, душа кампаніі, малады і поўны энергіі ці стомлены, немалады, расчараваны… Але асноўныя, так бы мовіць, мае наладкі не змяняюцца. Тая песня… Мы сядзелі з Давыдоўскім і пісалі па радку. Гэта быў маніфест. Тады модна было пісаць маніфесты. І мы зрабілі яго на беларускай глебе. Калі ты нешта пішаш, ты мусіш у гэта верыць. І мы ў гэта верылі. Але ў рэстарацыях усё адно гралі. Нас нават нейкія камсамольцы запрашалі выступаць. У доме адпачынку ці пансіянаце — яны бухалі, мы гралі. Не «Мрою», канечне, але ў нас была такая тагачасная «Крамбамбуля» — рок-н-рольчык — цэлая праграма.

—Бутусаў казаў, што не можа граць перад публікай, якая жуе.

— У гэтым і задача артыста — зрабіць так, каб людзі не жавалі, а танчылі, падпявалі і адрываліся. І мне гэта амаль заўсёды ўдаецца. Безумоўна, ёсць такая катэгорыя публікі, якую называюць «касманаўты» — гэта касмічна багатыя людзі. Ім усё роўна, што адбываецца на сцэне. Яны займаюцца сваімі справамі, паляць цыгары, п’юць «Сінгл молт», ці што яны там п’юць, размаўляюць з дамамі. Такія нам трапляліся два разы.

— На карпаратывах?

— А дзе ж яшчэ?

— Вам падабаецца выступаць на карпаратывах?

— Вельмі цікавая праца. Ты знаёмішся з людзьмі, з якімі б у іншай сітуацыі наўрад ці пазнаёміўся: ад магутных айцішных карпарацыяў да гандляроў на рынку. Здараецца, што граеш для дваццаці чалавек, а іншым разам — для трох тысячаў. І ведаеце, чым усё сканчаецца? Шалёнымі скокамі і крыкамі «Жыве Беларусь!».

— Пытанне да той самай песні. Там ёсць радок «Я хачу памерці на сцэне». Яшчэ хочаце?

— Хм, такое падлеткавае дэклараванне максімалісцкіх рэчаў… Ну… Як адбудзецца, так і адбудзецца. На сцэне, дык на сцэне.

— Я маю на ўвазе, як хочацца скончыць сваю творчасць?

— Дык нічога не хочацца сканчаць. Я малюю карціны, пішу прозу. Песні пішу. Я не магу ўзяць і скончыць займацца творчасцю, бо гэта маё пакліканне, мая місія. Хутчэй за ўсё, яна скончыцца разам са мной.

— У нас людзі часта адчуваюць сябе старэйшымі за свой век. А вы сябе на колькі адчуваеце?

— Мая прафесія не прывязаная да офіса, працоўнага дня і іншых стандартаў цяперашняй цывілізацыі. Сучасны чалавек так змагаецца за месца пад сонцам, кватэру ў Мінску, машыну, дэвайсы, стабільную грашовую працу, што гэтыя намаганні выпіваюць з яго ўсе сокі. Я пачуваюся маладым. Але досвед у мяне, дзякуй Богу, большы, чым калі ты мала разумееш і імкнешся да чагосьці абстрактнага. Хочаш поспеху, аддачы і атрымліваеш гэта ў выглядзе перамогі на чарговай «Рок-каранацыі». І гэта абсалютна вяршыня тваёй творчай дзейнасці ў нашай краіне. Я лічу за лепшае не прывязвацца да розных чартаў ды ўзнагародаў, а проста даносіць думку да людзей.

— Чаму, па-Вашаму, не ўсім удаецца адчуваць сябе маладымі?

— Чалавек падымаецца, едзе ў заторах на працу, служыць там восем гадзін. А часам і больш, калі кар’ера патрабуе. Пасля дамоў — там жонка, дзеці, усё нервуе, затым па тэлевізары яму раскажуць пра Украіну… Ад такога жыцця чалавек не маладзее. Можа выбрацца раз на год з сям’ёй у Турцыю ці куды яшчэ яны там ездзяць.

— А Вы дзе адпачываеце звычайна?

— Мы адпачываем незвычайна (смяецца). Год таму мы праехалі з сябрамі з Барселоны да Порту на арандаванай машыне. Перад гэтым зімою сарваліся на два тыдні да прыяцеля ў Каліфорнію… Яшчэ мы часта бываем у Чарнагорыі, але калі казаць пра адпачынак, дык для аднаўлення сілаў і вёскі цалкам дастаткова.

— Вам не здаецца, што ў цяперашні час нам не хапае такога гурту, якім была «Мроя» пры канцы 80-х?

— На жаль, цяпер мы маем гурты, якія гуляюць у чыстую творчасць. На гэтых шалях няма супрацьвагі.

— А Brutto?

— Міхалок — вельмі таленавіты чалавек. Цяпер у яго цяжкі перыяд — я па сабе ведаю, як даецца пераход з адной фармацыі ў другую. Я б на яго месцы вытрымаў паўзу, а не адразу стартаваў з новым праектам. Але гэта Сяргей, яму хочацца ўсё хутчэй. Я да пэўнага часу яшчэ сніў, што граю на сцэне з былымі калегамі, рэпетую — гэтаму ўсё-такі было аддадзена шмат гадоў. І вельмі непрыемна, калі песні, напісаныя табою, часцяком — інтымныя радкі, спяваюць былыя паплечнікі. Таму тут я Сяргея разумею. І разумею, чаму ён псіхануў. Непрыемна, калі людзі, якія спяваюць твае песні, напрыклад, не да канца разумеюць сэнс слоў.

— Вяртанне адносін з Вашымі былымі калегамі па N.R.M. магчымае?

— Бываюць розныя сітуацыі ў жыцці. Бывае, камусьці жыццёва неабходная дапамога. І ў такіх выпадках трэ’ будзе збірацца, канечне.

— Вы згадвалі пра Украіну. Адчуваеце цяперашнюю інфармацыйную вайну?

— Калі здароваму чалавеку ўкалоць моцную дозу наркотыку, яму будзе кепска. А наркаману — нармальна. Такая ж сітуацыя з расійскімі каналамі. Мне паўхвіліны гэтых раскрыжаваных хлопчыкаў — і ў мяне ўжо перадоз. А некаторыя людзі нармальна глядзяць увесь дзень.

— Калі заўтра Лявон Вольскі прачнецца, а вакол — «рускі мір», якую песню ён зайграе: «Бывай, мой родны край», «Партызанскую»?

— «Партызанскую», безумоўна. Яна ж гэтаму і прысвечана, «рускаму міру». «Бывай, мой родны край» можа быць і неактуальна — «рускі мір» можа межы зачыніць адразу.

— Як Вы бачыце далейшае развіццё сітуацыі ў нашай краіне? Лепей не будзе?

— Ні ў якім разе нельга скатвацца ў дэпрэсію. Калі мы будзем хварэць, піць і сумаваць, нічога добрага з гэтага не выйдзе. Варта верыць, што яшчэ пры нашым жыцці мы ўбачым развал імперыі. «Рускі мір» ужо дае сур’ёзны раскол. Гэта тое самае, што крычаць «гіне мова, гіне нацыя». Ды на мове цяпер больш размаўляюць, чым у маім юнацтве! Ёсць прагрэс, нягледзячы на шматгадовы ўціск.