«Мы як людзі, якія могуць і ўмеюць зарабляць грошы, хочам сваім прыкладам паказаць, што карыстаемся беларускай мовай і шануем яе»

Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Марына Гірын распавяла пра беларускую мову ў бізнесе.

— У нашым асяроддзі бізнесоўцаў дастаткова многа людзей, якія размаўляюць і перайшлі на беларускую мову, — кажа Марына Гірын у інтэрв’ю Мова нанова. — Іх вялікая колькасць, напрыклад, у ЗША — мы праводзілі там канферэнцыю і заўважылі, што бізнесоўцы перайшлі на беларускую мову, размаўляюць у паўсядзённым жыцці, з дзецьмі. Не ўсе, але такіх дастаткова многа.

Марына Гірын

Да людзей прыйшла свядомасць, што мы беларусы, што ў нас ёсць свая беларуская мова, што нас шмат.

Па словах жанчыны, усе спатканні асацыяцыі праходзяць на беларускай і англійскай мовах.

— У камандзе амаль увесь калектыў размаўляе на беларускай мове. Тыя, хто далучаюцца, могуць размаўляць на расійскай, але ёсць добры прыклад: праз 2-3 месяцы людзі таксама пачынаюць выкарыстоўваць беларускую мову. У працоўных чатах мы таксама пішам па-беларуску.

Мы як маладыя, сучасныя людзі, якія могуць і ўмеюць зарабляць грошы, хочам паказаць сваім прыкладам, што мы карыстаемся беларускай мовай, мы яе не саромеемся, а шануем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(15)