«Мы вельмі спадзяемся на сапраўдны калядна-навагодні цуд»
Лявон Вольскі на Budzma.org — пра навагодні падарунак, якога мы ўсе чакаем.
Лявон Вольскі піша пра навагоднія падарункі — цёплыя і душэўныя ад нашых блізкіх — і падарункі ад ўлады. Апошнія не заўжды бываюць добрымі — часам гэта чарговыя «чорныя сьпісы», часам новыя законы, якія ў імгненьне ператвараюць нашае жыцьцё ў апакаліпсыс.
Але нягледзячы на абставіны, мы ўсё адно «чакаем ад гэтае ўлады падарунку. Толькі аднаго. Самага галоўнага. І вельмі спадзяемся на гэты сапраўдны калядна-навагодні цуд».
Толькі пачынаецца раніца, а дзеці ўжо бягуць да ялінкі — шукаць свае калядныя падарункі. Калядныя ці навагоднія. У нас адзначаюць абодва сьвяты. Так склалася гістарычна.
Падарункі ад Дзеда Мароза
Калі я быў маленькі, у нашым савецкім горадзе сьвяткавалі адно Новы год. І падарункі прыносіў Дзед Мароз. Аднаго разу ён падараваў мне настольны футбол — бляшанае зялёнае поле, на якім былі прымацаваныя плясмасавыя футбалісты. Раніцай я прачнуўся, пабег у гасьцёўню і знайшоў пад ялінкай гэтую чароўную гульню.
— Дзед Мароз толькі што прыходзіў, — сказала мне мама. — Перадаў табе віншаваньні й пайшоў.
Я пабег у пад’езд, але ад Дзеда Мароза засталіся адно мокрыя сьляды на прыступках. Не пасьпеў.
Традыцыі, якія засталіся ў савецкім мінулым
Цяпер дзецям падарункі прыносіць Сьвяты Мікалай, ён жа Санта-Клаўс, ён жа Санта. Дзе Мароз застаўся ў маім савецкім мінулым і ў тых сем’ях, якія працягваюць жыць паводле савецкіх традыцыяў.
Паводле тых традыцыяў цябе, малога, бацькі мусяць прывесьці на «ёлку» — навагодні ранішнік, дзе будуць вадзіць карагоды, дзеці будуць распавядаць Дзеду Марозу завучаныя дома вершы і атрымліваць за гэта цацкі ці то наборы цукерак.
Такія ж навагоднія наборы цукерак уручаць тваім бацькам на працы ад іхнага мяйсцовага, «службовага», Дзеда Мароза. Спачатку ты зьясі найсмачнейшыя цукеркі, а потым будзеш каштаваць астатнія. Шмат якія ты надкусіш, а потым зноў завернеш у абгортку — зараз, нібыта, ня вельмі смакуе, а праз пару тыдняў, калі хатнія запасы навагодніх цукерак зьменшацца, тады пойдуць і гэтыя.
Цяпло простых рэчаў
Падарункі... Нібыта і драбяза нейкая, а прыемна. Калядны кубак, гель для галеньня, шкарпэткі з аленямі, гальштук з выявай Санты... Неяк цяплей робіцца ад гэтых, здавалася б, простых рэчаў.
У гэтыя зімовыя дні мы традыцыйна атрымліваем падарункі ад бацькоў, дзяцей, сваякоў ды сяброў. І самі дорым. І гэта вельмі добра.
Падарункі ад уладаў і навагодні апакаліпсыс
Значна горш, калі падарункі робіць улада. Чаму? Сустракалі мы неяк Новы год (2009-ты) на Нарачы, у вёсцы. Усё было, як належыць — мароз, заледзянелае возера, вогнішча, пырскі шампанскага...
Вярнуліся ў Менск, а там, не раўнуючы, апакаліпсыс — чэргі ў абменныя пункты, натоўпы ў крамах побытавай тэхнікі, не праштурхнуцца, усе злосныя, лаюцца, крычаць...
Што здарылася? А гэта ўлады зрабілі людзям навагодні падарунак — акурат 1 студзеня ў адзін момант курс рубля да даляра апусьціўся аж на дваццаць адсоткаў! І працягваў зьніжацца. І народ — проста ад сьвяточнага стала, ад сваіх аліўе і селядцовых футраў, ад шпротаў і ікры, ад шампанскага і гарэлкі — кінуўся ў адзіным парыве купляць валюту і лядоўнікі-тэлевізары-пыласмокі. Каб не застацца са стосам назапашаных абясцэненых паперак.
Празь некалькі дзён крамы тэхнікі зазьзялі пустымі паліцамі, а людзі прызвычаіліся да шматгадзіннага (шматдзённага?) стаяньня ў абменьніках. Так жыцьцё краіны зьмянілася за адзін дзень ад аднаго ўзмаху чароўнай палачкі ўлады.
Надзея, нягледзячы ні на што
Яна, гэтая ўлада, любіць рабіць нам розныя падарункі — і не абавязкова на сьвяты. Проста без дайпрычыны.
То законы новыя напрыймае, якія раптам зьменяць тваё жыцьцё, то які «чорны сьпіс» увядуць, то пабудуюць якую пачварную гаргару ў цэнтры твайго гораду. І ты мусіш радавацца і дзякаваць ім за ўсё гэта. А калі ня радуесься і ня дзякуеш — тут ужо недалёка да здрады радзіме. Сьцеражыся!
Але мы ўсё ж чакаем ад гэтае ўлады падарунку. Толькі аднаго. Самага галоўнага. І вельмі спадзяемся на гэты сапраўдны калядна-навагодні цуд.
Са сьвятам!
Читайте еще
Избранное