«Мы страцілі генія». Што беларускія газеты пісалі на смерць Васіля Быкава

Васіль Быкаў пайшоў з жыцця 22 чэрвеня 2003 года у 20 гадзін 30 хвілінаў у анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах. Пасля можна было пачуць у прэсе, што пісьменнік вярнуўся, каб памерці на радзіме. Што ён ужо ведаў свой страшны дыягназ і таму вярнуўся назаўсёды.

Гэтае меркаванне аспрэчвае публіцыст Сяргей Навумчык, які апекаваўся сям’ёй Быкава ў Празе. Па яго словах, пісьменнік прыехаў у Беларусь, каб вырашыць свае побытавыя пытанні і планаваў вярнуцца ў Чэхію.

Незадоўга да смерці Быкава ў часопісе «Нёман» быў надрукаваны гнюсны артыкул, у якім вялося пра пісьменніка, які жыве за мяжой. І хоць герой той публікацыі меў іншае прозвішча, многія характарыстыкі не давалі сумнявацца, хто хаваецца за псеўданімам.

У тым пасквілі сярод іншага празрыста намякалася на смяротны дыягназ Быкава, пра які ведала абмежаванае кола асобаў. І аўтар публікацыі ў яго відавочна не ўваходзіў. Не выключана, што спецслужбы праслухоўвалі тэлефон сына пісьменніка, якому і паведамілі пра хваробу бацькі з Прагі.

Пісьменнік моцна перажываў з-за гэтага, ён быў перакананы, што такім чынам рыхтуецца глеба для таго, каб не пусціць яго на радзіму.

У Беларусь Быкавых пусцілі, але тут іх чакаў яшчэ адзін малапрыемны сюрпрыз: іх выпісалі з мінскай кватэры на Танкавай. Вырашэнне гэтай праблемы каштавала часу і здароўя абоім.    

І яшчэ адна горкая іронія лёсу. У Бараўлянах Васіля Уладзіміравіча спрабаваў уратаваць той самы анколаг, які ў свой час лячыў ягоную першую жонку Надзею.

Мы ж прыгадаем, што пра тыя апошнія дні народнага пісьменніка пісала беларуская прэса.

Яшчэ 13 чэрвеня 2003-га «Наша Ніва» пісала: «Быкаў — дома і, здаецца, назусім». Пісала са стрыманым аптымізмам, маўляў, значыць усё яшчэ вернецца на колы свае. Іншых падрабязнасцяў пра ягоны стан тады не было. Пісалі толькі, што пісьменніка бачылі ў Бараўлянах і на вуліцах сталіцы.

Пасля пахавання народнага пісьменніка «НН» прысвяціла сумнай падзеі ці не палову нумара. «Большы за Коласа», «Хаваў народ», «Жыць па Быкаву» — загалоўкі развітальных публікацый.

Працытуем Уладзіміра Арлова:

— Вялікае бачыцца на адлегласці. Але ўжо сёння мы разумеем, што страцілі генія. Нацыянальнага празорцу і прарока. Прароцтвы Васіля Быкава ніколі не былі светлымі. Будзем спадзявацца, што не ўсе з іх спраўдзяцца. Аднак яны мусілі гучаць, каб засцерагаць нас ад аблуды і трагедыі.

Ува ўсе часы ўлада нязменна больш любіла мертвых, а не жывых геніяў. «Нашая» ўлада няздатная нават на гэта.

Напэўна таму, што вярэдліва ўсведамляе: некалі яе ў найлепшым разе мімаходзь згадаюць нядобрым словам, а ў гісторыі і памяці Беларусі навечна застанецца Быкаў. («Наша Ніва», 27 чэрвеня 2003 года).

Дзяржаўнае выданне «Літаратура і Мастацтва» прысвяціла сыходу народнага пісьменніка некалькі старонак. Штопраўда, асноўную частку на іх занялі спачуванні прадстаўнікоў улады. Той самай улады, якая не давала спакою Быкаву ні пры жыцці, ні пасля смерці.