І вішанька на торце — сродкі на абсталяванне 28 «здароўезберагальных» класаў збірае… дабрачынны фонд Аляксея Талая, вядомага не толькі сваёй праўладнай пазіцыяй, але таксама актыўнай «рускамірнасцю» і заўзятай абаронай «традыцыйных каштоўнасцяў».
«Мы працягваем гуляць з д’яблам. Але мы яго не абгуляем, а завязнем і будзем іх закладнікамі»
Эксперт у галіне адукацыі Андрэй Лаўрухін в інтерв’ю Филину — пра новы эксперымент у беларускіх школах.
Летась у наваполацкай школе зладзілі эксперымент — адкрылі першы клас, створаны па «здароўезберагальнай методыцы» расейскага і савецкага прафесара Уладзіміра Базарнага. Адна з самых заўважных адметнасцяў гэтай методыкі — выкарыстанне стаячых канторак замест звычайных школьных парт і перыядычныя фізкультхвілінкі.
Сёлета ж у 2024/25 навучальным годам плануецца стварыць ужо 28 такіх класаў найменш у 14 школах.
З першага погляду методыка падаецца цікавай: каб першаклашкі, якім цяжка засяродзіцца, не сядзелі сіднем, а маглі ўставаць і размінацца, рабіць практыкаванні для зроку, спяваць для прафілактыкі прастуд і г.д. Як лічаць адэпты здароўезберагальных методык, гэта ўсё «садзейнічаевыхаванню здаровых, духоўна і фізічна развітых дзяцей» праз псіхаматорнае разняволенне. Аднак, калі пачаць вывучаць праект глыбей, пытанняў узнікае больш, чым адказаў.
Пачнем з таго, што прафесар Уладзімір Базарны распрацоўваў свае тэхналогіі больш як трыццаць год таму, яшчэ ў 1989-м, і да стану здароўя сучасных дзяцей яны банальна не адаптаваныя.
Другі момант, што чапляе ўвагу: часткай праекту ёсць паралельна-адасобленае навучанне хлопчыкаў і дзяўчат, калі дзеці вучацца ў адной школе, але ў розных кабінетах, — інакш нібыта «генетычна больш сталыя дзяўчаты негатыўна ўплываюць на хлопчыкаў» і «дыскрымінуюць іхняе развіццё па мужчынскім плане» (цытаты з тэлеграм-канала «Бацькоў за здаровае выхаванне» — Ф).
Леташні ж пілотны клас у Наваполацку быў рэалізаваны пры падтрымцы, у тым ліку фінансавай, прарасейскага «саюзнага дзелавога клуба «Авангард» і арганізацыі з Санкт-Пецярбурга. То-бок, вушы аматараў «рускага свету» тырчаць даволі заўважна.
Але, можа быць, здароўезберагальны эксперымент можа пайсці беларускім школам на карысць? Тады чаму гэтая нібыта суперэфектыўная методыка за 35 год не стала паўсюднай, і чаму да яе звярнуліся менавіта цяпер?
Пра тое, чаму чарговы эксперымент над беларускімі школьнікамі не такі бяскрыўдны, як многім падаецца, Филин пагутарыў з экспертам у галіне адукацыі Андрэем Лаўрухіным.
«Спроба вярнуцца нават не ў савецкія часы, а некуды значна далей »
— Прапанова раздзельнага навучання нібы вяртае нас у часы Расейскай імперыі, калі грамадства было значна больш кансерватыўным. Яно прытрымлівалася той думкі, што жанчыны і мужчыны — гэта даволі жорсткія ідэнтычнасці, паміж якімі няма ніякіх пераходаў, і што за кожным з іх замацаваная жорсткая сацыяльная траекторыя.
Прыкладам, гэта праца, якой не могуць займацца жанчыны, а толькі мужчыны, і наадварот, гэта правы, належныя толькі адной групе, і г.д. Але цягам ХХ стагоддзя гэтае стаўленне радыкальна змянілася, і сёння няма жорсткіх сацыяльных фрэймаў, ёсць разуменне, што гендар — больш, чым падзел на мужчын і жанчын, што даволі значная частка «жаночага» і «мужчынскага» датычыцца сацыяльных канструктаў, а не першасных палавых прыкмет.
Таму сёння такі падзел сытукнецца з шэрагам праблем. Калі вы падзяляеце вучняў штучна на дзве групы, вы ўваходзіце ў канфлікт з сучасным грамадствам, якое ўжо значна мадэрнізавана. Даволі моцная эмансіпатарская палітыка была праведзеная, дарэчы, у савецкія часы, і ў гэтым адно з вялікіх дасягненняў савецкага праекту.
Тое, што прапаноўваецца цяпер — спроба вярнуцца нават не ў савецкія часы, а некуды значна далей. Гэта ўльтракансерватыўная інтэнцыя, якая, упэўнены, будзе мець вялікія негатыўныя наступствы для дзяцей. У многіх узнікне траўматычны досвед самаідэнтыфікацыі і праблемы ў стасунках.
Што да спробаў кансерватараў пераканаць, быццам адасобленае навучанне спрыяе захаванню сямейных каштоўнасцяў, «супраць гэтых вашых геяў», эксперт нагадвае, што гомасексуалізм развіваўся акурат у гамагенных і ізаляваных супольнасцях — армія, царква.
Таму ўльтраархаізацыя прывядзе не да стварэння здаровых сем’яў, а да траўмы пакаленняў, таму Андрэй Лаўрухін успрымаебеларускі эксперымент з трывогай, называючы яго яшчэ адным крокам у стварэнні таталітарнага грамадства.
«У Беларусі адбываецца аўтакаланізацыя»
Расейскі педагог і ўрач Уладзімір Базарны памёр у 2022 годзе. Ягоная ж методыка, якая была зацверджаная яшчэ савецкім Мінздароўя для выкарыстання ў школах і дзячых садках, шырокага распаўсюджання нават у РФ так і не атрымала.
Больш за тое, у некаторых рэгіёнах пасля ўвядзення класаў з навучаннем «седзячы-стоячы» бацькі ідэю раскрытыкавалі і нават выходзілі на акцыі пратэсту, каб адмяніць усё гэта. То чаму да яе звярнуліся цяпер?
— Нават у добрыя часы эксперымент у Расіі не знайшоў шырокага прымянення, — пацвярджае Андрэй Лаўрухін. — Зараз жа ідзе палітычная хваля — кансерватыўны паварот у Расіі. Але ўсё адно шырокага распаўсюду методык Базарнага няма.
І ў гэтым сэнсе вельмі істотна, што ў Беларусі адбываецца аўтакаланізацыя — не расіяне з пісталетамі ля скроні прымушаюць Мінздароўя РБ і бацькоў прасоўваць «здароўезберажэнне», а самі людзі.
— Магчыма, справа не ў пісталеце, а ў расейскіх грошах, за якія фактычна быў здзейснены першы этап?
— Так, верагодна. Але ж апошняе слова ўсё адно было за беларусамі, і ажно 14 школ — гэта ўжо не адзін эксперыментальны клас. І што, калі заўтра прыйдуць тэрарысты, прыкладам, з Афганістану, прапануюць свае «адукацыйныя методыкі» і дадуць грошы — таксама трэба пагаджацца?
Таму істотна, што адбываецца аўтакаланізацыя, па сутнасці. А калі праграма будзе запушчаная масава, гэта на дзесяцігоддзі, і ў некалькіх пакаленняў можа быць сфармаваны траўматычны досвед. Хіба тое каштуе ўкладзеных грошай?
Нават калі адкінуць падзел на хлопчыкаў і дзяўчат, методыка прафесара Базарнага — калі ўчытацца, там прапануецца, каб дзеці 10 хвілін сядзелі на ўроку, потым столькі ж стаялі, хадзілі, займаліся на трэнажорах для зроку, на шведскай сценцы ці яшчэ недзе, потым зноў мяняліся месцамі, — гэта, на мой погляд, не можа быць рэалізавана.
Так і ўяўляю сабе: 30 чалавек у класе (а гэта першакласнікі) — нават калі яны цалкам спакойна сядзяць, гэта вялікая нагрузка на настаўніка, падтрымліваць дысцыпліну. А калі яны будуць уставаць кожныя дзесяць хвілін, хадзіць, зноў садзіцца — пасля гэтага трэба ў рэанімацыю везці ўсіх настаўнікаў.
Альбо кожнаму трэба даць яшчэ некалькіх суправаджальных настаўнікаў, каб яны дапамагалі, і ўсе яны мусяць быць падрыхтаваныя.
Таму вельмі магчыма, што проста будуць сабраныя грошы, а па выніку так і нічога не зробяць.
— Гэта быў бы, мо, найлепшы варыянт?
— Але ж гэта дрэнны аргумент. Мы так сама гуляліся 30 год у Савецкі Саюз: такая сабе забаўка, хай будзе, усё адно нічога з гэтага не атрымаецца. А цяпер прыйшлі да таго, што калі доўга гуляць у таталітарныя гульні — мы атрымоўваем таталітарнае грамадства. І тое, што адбываецца з адукацыяй — чарговы крок у гэтым кірунку.
Мы працягваем гуляць з д’яблам. Але мы яго не абгуляем, а завязнем і будзем іх закладнікамі. І вельмі небяспечна, што такая архаізацыя, вяртанне «вясковай» культуры з жорсткімі сацыяльнымі ролямі знаходзіць у беларускім грамадстве вялікі водгук.
Гэта сур’ёзная пагроза будучыні, бо адукацыя — яна ж пра будучыню.
«Школа — гэта не толькі пра веды, гэта пра жыццё»
Прыхільнікі раздзельнага навучання сцвярджаюць, што гэта станоўча адбіваецца на выніках і засвоеных ведах — хоць нямала даследаванняў паказваюць, што вялікую ролю грае не хто з кім вучыцца, а сацыяльны падзел (груба кажучы, узровень элітнай гімназіі нашмат вышэйшы, чым у вясковай школцы), а таксама ўключанасць бацькоў у працэс.
— У сучасных варунках здароўзберагальная методыка Базарнага можа даць плён?
— Тое, што дзецям трэба час ад часу ўставаць і хадзіць — бясспрэчна. Іншая справа, што стан здароўя цяперашніх дзяцей не такі, як 30 год таму, і ў траціны з іх ужо ў першым класе ёсць праблемы са зрокам, з хрыбетнікам і г.д. І для іх вучоба стоячы — гэта будзе не здорава, а наадварот. Значыць, мусіць быць больш мяккі ці індывідуальны падыход.
Што датычыцца паспяховасці і адзнак — так, ёсць звесткі, што ў падзеленых класах больш высокая была паспяховасць, што дзеці больш канцэнтраваліся на ведах, а не на стасунках паміж сабой. Але, прабачце, школа — гэта не толькі пра веды, гэта пра жыццё.
Калі чалавек бліскуча ведае трыганаметрыю, але пры гэтым нясе дзіч, што жанчына павінна быць толькі маці і жонкай, і быць на другіх ролях — у яго будуць пэўныя праблемы ў сацыялізацыі. Бо жанчыны ў сучасным свеце маюць зусім іншыя погляды на жыццё, на тое, кім і як ім быць.
А ў выніку з такімі ўстаноўкамі траўмаваныя будуць і хлопцы, і дзяўчаты.
— Дадам пра плюсы сумеснага навучання — скажам, тыя ж урокі працы. Мне б як маці хацелася, каб у дзяцей не было падзелу на «жаночую» кулінарыю ды шыццё і «мужчынскую», не ведаю, зборку табурэтак, ці адрозненне шрубаў і цвікоў.
— У прынцыпе, гэта ўжо справа дзясятая — нават калі дзеці не ведаюць пра шрубы і цвікі, нічога страшнага. Тут праблема толькі ў галаве Лукашэнкі, які, помніце, абураўся, «не могуць цвік забіць»— хай вось і забівае сам сабе.
А праблема будзе ў дэфармаванай ідэнтычнасці, ва ўзмацненні гендарнай няроўнасці, цяжкасцях сацыялізацыі. Калі чалавек будзе прасоўваць патрыярхальныя ўстаноўкі далей, і спрыяць распаўсюду таго, што яму бліжэй, у тым ліку распаўсюду ідэалогіі тэрарыстычных арганізацый і дзяржаў — гэта вялікая рызыка для будучыні.
Мы можам вырасціць тэрарыстычнае грамадства, яшчэ больш небяспечнае для саміх сябе і навакольнага свету, чым сёння.
Читайте еще
Избранное