«Мы не заўважылі, як падышла смерць»
Сям’ю мінчанкі Алесі Коршак пандэмія грыпу не проста зачапіла. Яна яе разбурыла. У адной сталічнай кватэры на вірусную пнеўманію захварэлі трое — сама Алеся, яе муж Сяргей і свякроўка Галіна Філіпаўна. Мужа выратаваць не ўдалося.
Эпідэмія віруснай
пнеўманіі, страшная — што б ні казалі ўлады — нават у сухой медыцынскай
статыстыцы, становіцца проста невыносна страшнай, калі гаворка заходзіць пра
канкрэтныя чалавечыя лёсы.
Шмат хто чуў пра тое, што ў далёкага сваяка суседа знаёмага знайшлі свіны грып, ці чытаў такія гісторыі ў інтэрнэце. Але чуць пра некага і сутыкнуцца з трагедыяй лоб у лоб — прынцыпова розныя рэчы.
Першыя
дні хваробы
Супрацоўніца «Беларускай энцыклапедыі» Алеся — прыгожая маладая жанчына, яшчэ нядаўна шчаслівая жонка. Цяпер яна не можа гаварыць без слёз. Лістапад 2009 года кардынальна змяніў яе лёс.
За час размовы Алеся ні разу не здолела прамовіць слова «памёр», расказваючы пра Сяргея. Альбо спрабавала іначай пабудаваць фразу, альбо проста прапускала страшнае слова.
«Мы жылі з бацькамі Сяргея. Яго маці і бацька, вельмі клапатлівая жанчына, сама звязаная з медыцынай і добра ведае, як і што лячыць. У пятніцу 30 кастрычніка Сяргей без дай прычыны пачаў моцна кашляць, — узгадвае Алеся. — Нават не ведаю, дзе і калі прыстала да яго гэтая хвароба. Можа ў транспарце. Яму было дрэнна, але ніхто з нас не адчуў сапраўднай небяспекі, падумалі, што гэта звычайная прастуда, якая часта з усімі здараецца. Тым не менш, на наступны дзень мы выклікалі хуткую, дактары зрабілі ўкол і прапісалі медыкаменты.
Яны выглядалі стомленымі, можа, таму так спакойна сказалі: «Хочаце, забярэм яго ў бальніцу?». Можа іх тон, можа тое, што майму мужу зрабілі ўкол, нас так супакоіла… Паўтару, мы не адчулі небяспекі… дый Сярожка хацеў лепш застацца дома…» — працягвае дзяўчына.
За выхадныя стан Сяргея пагоршаў. У панядзелак родныя выклікалі ўчастковага доктара, якая прапісала яшчэ медыкаменты. У той жа дзень Алеся, калі была на працы, адчула, што пачынае дрыжаць, і зразумела, што таксама захварэла. Яна паехала да сваёй мамы, каб нанова не заразіць мужа, дый свякрусе не прыйшлося клапаціцца і аб ёй, і аб Сяргеі. «Я падумала, што ў мяне толькі пачатак хваробы, а ён ўжо выздараўлівае», — расказвае Алеся. Больш мужа яна не ўбачыла…
Рэанімацыя
Як вядома, вірусная пнеўманія развіваецца літаральна за некалькі дзён. Так адбылося і ў гэты раз. У аўторак Сяргея на хуткай дапамозе забралі ў бальніцу. У яго быў настолькі цяжкі стан, што яго адразу ж накіравалі ў рэанімацыю і падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Неўзабаве стала дрэнна і свякрусе, але яна мужна трымалася, бо… сын! Думка была толькі пра сына. Яна з дачкой Таццянай, сястрой Сяргея, абтэлефанавалі ўсіх знаёмых, што мелі дачыненне да медыцыны, выпытвалі лепшыя лекі, якімі можна было б паправіць здароўе дарагому чалавеку, прапаноўвалі іх дактарам.
«Мы кожны дзень званілі ў бальніцу, літаральна праз паўгадзіны, баяліся, каб дактары не падумалі, што ён нікому не патрэбны… Лекары пачалі нават злаваць, і мы зразумелі, што адцягваем іх увагу ад яго ж, — кажа Алеся. — Мы ездзілі і ў царкву, ставілі свечкі, пісалі паперкі за здароўе…»
Тым часам Галіне Філіпаўне стала горш. Яе паклалі ў тую ж бальніцу, што і сына, праўда, у звычайнае аддзяленне, а не ў рэанімацыю.
Як і ў Сяргея, у яе знайшлі двухбаковае
запаленне лёгкіх. Барацьбу за яго жыццё працягвалі тыя, хто застаўся: Таня,
бацька Аляксандр Апанасавіч, жонка Алеся.
«Я была на бальнічным, — кажа Алеся Коршак. — Мне паставілі дыягназ трахеіт, як і Сяргею ў пачатку хваробы, але я таксама ездзіла ў бальніцу ў павязцы. Пакуль магла, бо мне станавілася горш…»
«Гэты
вечар для яго ўжо можа не наступіць…»
Калі яна сказала, што ў сям’і хварэюць яшчэ два чалавекі, яе адправілі на рэнтген. У Алесі знайшлі правабаковае запаленне лёгкіх і далі накіраванне ў бальніцу з адкрытай датай, бо сітуацыя з Сяргеем станавілася ўсё цяжэйшай.
«Калі я патэлефанавала ў бальніцу ў нядзелю, 8 лістапада, доктар сказаў, што гэты вечар для Сяргея можа ўжо не наступіць… Мы зноў пабеглі ў царкву і былі там дапазна, вырашылі не званіць як мага даўжэй, бо было так страшна», — успамінае той трагічны дзень жонка.
Калі ўвечары, а было каля 21.00, Алеся зноў пазваніла, ёй сказалі, што ў мужа пачалося спыненне сэрца і яго рэанімуюць.
«У наступны раз слухаўку ўзяла медсястра і сказала, што ўжо ўсё…» — узгадвае Алеся.
«Я не магла паверыць, я не магу да канца гэтага ўсвядоміць… Ён пратрымаўся амаль да 9-й вечара…»
Прычынай смерці Сяргея быў запісаны не грып і не пнеўманія — сардэчна-лёгачная недастатковасць.
У
неўралогію, бо ў пульманалогіі не хапала месцаў
Стан Галіны Філіпаўны быў настолькі дрэнным, што на пахаванне сына яе не пусцілі. Адразу пасля пахавання ў бальніцу лягла і сама Алеся. Яе паклалі ў аддзяленне неўралогіі, бо ў пульманалогіі не хапала месцаў.
У бальніцы яна прабыла да 20 лістапада, таму на памінкі праз дзевяць дзён пасля смерці мужа трапіць не здолела. Дзякуй богу, яе хвароба паддалася лячэнню, і жанчына ўжо выйшла на працу.
У панядзелак, 23 лістапада, з рэанімацыі ў звычайнае аддзяленне перавялі Галіну Філіпаўну. Яе стан палепшаў.
P.S. Алеся не была побач са сваім мужам, калі яго забіралі ў бальніцу, таму папрасіла магчымасць сказаць яму апошнія словы праз нашу газету:
«Сярожа, даражэнькі мой, дзякуй табе за маё шчасце з табою, за усё, што ты дзеля мяне зрабіў, за тваю дабрыню, павагу і пяшчоту. Я цябе ніколі не забуду…»
Читайте еще
Избранное