«Мы не будзем статыстамі ў чужым шоў». БелаПАН – пра «Большой разговор»

Інфармацыйная кампанія БелаПАН выступіла з жорсткай заявай па выніках «Вялікай размовы з прэзідэнтам».

«Даводзіцца канстатаваць, што найгорш арганізаванага мерапрыемства з удзелам Аляксандра Лукашэнкі нам бачыць дагэтуль яшчэ не даводзілася, – гаворыцца ў заяве пад загалоўкам «Мы не будзем статыстамі ў чужым шоў», якая была размешчана 6 лютага на рэсурсе naviny.by.

– Нягледзячы на рэкордную працягласць сустрэчы — 7 гадзін 20 хвілін — і агульную колькасць удзельнікаў (больш за сто), мала каму ўдалося паўдзельнічаць у размове.  Астатніх, выглядае, паклікалі дзеля масоўкі. Але калі грамадскім дзеячам ды экспертам удзел у такім мерапрыемстве цешыць самалюбства, то журналістам такія ўцехі непатрэбныя. З прадстаўнікоў СМІ, пасаджаных за адзін стол з кіраўніком дзяржавы каля персанальных мікрафонаў, толькі трэцяй частцы далі магчымасць задаць пытанне.

Арганізатары «Большого разговора» могуць казаць, што гэта не прэсавая канферэнцыя і спасылацца на новы фармат сустрэчы з прэзідэнтам дзеля магчымасці выказацца шырокаму колу грамадства. Але ніякае грамадскае кола не можа быць хоць кольвечы шырокім, пакуль журналісты пазбаўленыя права задаваць пытанні. Голас народу — гэта не адабраныя нейкім чынам дзесятак чалавек з вулічнай апытанкі і не падабраныя адмыслова грамадскія дзеячы ды эксперты. Ва ўсім свеце голас народу — голас журналістаў. Медыі — гэта гукаўзмацняльнікі існуючых у грамадстве меркаванняў і патрабаванняў, і наша задача — каб улада пастаянна чула жывы голас народу».

«Явно утратил ораторскую форму». Почему глава государства выступал так долго?

У заяве таксама адзначаецца, што падчас «Большого разговора с президентом» прадстаўнік БелаПАН (дырэктар кампаніі Алесь Ліпай) і большасць іншых медыяў былі пазбаўленыя магчымасці выканаць свой прафесійны абавязак — задаць пытанні кіраўніку дзяржавы.

«Фактычна нас скарысталі ў ролі статыстаў. Успрымаем гэта як знявагу і заяўляем, што не бачым сэнсу ўдзельнічаць ў мерапрыемствах, куды нас запрашаюць дзеля масоўкі, а не для выканання нашых прафесійных абавязкаў», – падкрэсліваецца ў заяве.

Как Лукашенко народ посмешил

Кампанія БелаПАН настойвае на асобным інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам, «бо ў журналістаў і грамадства накапілася шмат пытаннняў пра сённяшні дзень і будучыню Беларусі, якія і пасля «Большого разговора» застаюцца без адказу».

Таксама БелаПАН заклікае органы ўлады стварыць у Беларусі спрыяльныя ўмовы для працы журналістаў і наладзіць сістэму аператыўных зносін.