Общество
Марына Загорская

«Мы не адзінокія ў змаганні з антыбеларускімі сіламі»

24 верасня, на імпрэзе ў Палацы мастацтваў, амбасадары розных краінаў свету на родных мовах будуць чытаць вершы паэтаў, якіх аб’яднала пад адной вокладкай унікальная анталогія паэзіі свету XX стагоддзя ў беларускіх перакладах “Галасы з-за небакраю”. Укладальнік аўтарскай анталогіі Міхась Скобла расказаў “Салідарнасці” пра сваю нясплачаную пазыку перад Гётэ, назваў імя першага беларускага перакладчыка, а таксама пазамілоўваўся, як загучаў па-беларуску тыбецкі далай-лама Рыгдзін Цаньян Джамцо.

Паводле Скоблы, гісторыя беларускага перакладу налічвае без малога паўтысячы гадоў, а першым айчынным перакладчыкам з’яўляецца Францыск Скарына, які запачаткаваў беларускі пераклад як жанр перастварэннем Бібліі яшчэ ў 1517 годзе. У анталогіі ж змешчаныя шэдэўры 658 паэтаў, пераствораныя па-беларуску цягам усяго ХХ стагоддзя. З 57 моваў свету на беларускую іх перакладалі 198 перакладчыкаў. Крытыкі ўжо ахрысцілі “Галасы з-за небакраю” унікальным культурніцкім праектам ў гісторыі айчыннага кнігавыдання.

“Салідарнасць” запыталася ў Міхася Скоблы, які з’яўляецца таксама ўкладальнікам і анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя “Краса і сіла”, чым карыснае беларусам новае выданне.

-- У мяне на гэты конт ёсць свая тэорыя. Беларуская літаратура будзе жыць вечна яшчэ і таму, што яна ўлучаная ў адзіную энергасістэму сусветнай літаратуры. І тут выключная роля належыць перакладчыкам – наладчыкам гэтай энергасістэмы. Яе функцыі бачацца мне ў тым, што калі па нейкіх прычынах у адной з рэгіянальных сетак падае “напружанне”, неабходныя “вольты” падаюцца звонку. Гэткая ўзаемавыручка культураў дзеля выжывання. І таму не думайма, што мы адзінокія ў змаганні з антыбеларускімі сіламі. На дадзены момант значнасць мастацкіх перакладаў бачыцца мне ў тым, што замежныя літаратуры сілкуюць беларускую. Таму што Уільям Шэкспір па-беларуску, Цыпрыян Норвід па-беларуску, Федэрыка Гарсія Лорка па-беларуску – гэта дасягненні і беларускай літаратуры. Асноўная роля “Галасоў з-за небакраю” у тым, што свае “вольты” ў аслабленую па розных прычынах энергасістэму беларускай літаратуры аддалі слынныя паэты: ангельцы Шэкспір і Байран, французы Бадлер і Верлен, немцы Гётэ і Шылер, іспанцы Сервантэс і Лорка, японец Басё, індус Тагор...

Замежныя класікі, трапляючы ці не трапляючы ў анталогію, з дапамогай перакладчыкаў па кожным сваім творы мусілі трымаць асобны іспыт. “Пэўна ж не заўсёды прымальнік таго іспыту быў аб’ектыўны, хоць і стараўся”, -- прызнаецца Міхась Скобла.

Яго імя таксама сярод перакладчыкаў. Першую ўласную спробу “паперакладаць” паэт прыгадвае з прыкрасцю:

-- Перад здачай іспыту па нямецкай мове на філфаку БДУ я вырашыў падстрахавацца і за ноч, раз-пораз заглядаючы ў слоўнік, пераклаў славутую баладу Гётэ “Лясны цар”. На іспыце я прадказальна “плаваў” і схапіўся за таго “цара”, як за саломінку. Выцягнула. Але доўга жыў з такім адчуваннем, быццам нешта пазычыў у Гётэ, а аддаць не магу.

А ўкраінскіх паэтаў перакладаць Міхась Скобла пачаў у вайсковай казарме, каб хоць такім чынам апраўдацца за бесцырымонны салдацкі бот на вальналюбівай зямлі Франка і Шаўчэнкі. Служыць у савецкім войску яму выпала ў Літве і Заходняй Украіне перад самым сконам СССР.

Укладальнік “Галасоў з-за небакраю” параўноўвае пераклады з падвойнымі дыванамі – цудам беларускага народнага ткацтва.

-- Падвойнымі дываны называюцца таму, бо асновы ў іх дзве, адрозніваюцца колерам, а ўзоры на іх з абодвух бакоў арыгінальныя, вытканыя паводле адмысловай ткацкай тэхналогіі. Вось так і пераклад – павярні яго любым бокам і ўбачыш твор мастацтва – яркі, каларытны і натхнёна-непаўторны, -- даводзіць Міхась Скобла. -- Дарэчы, на дываны гэтыя можна паглядзець у адзіным месцы ў Еўропе -- у Гудзевіцкім музеі на Гарадзеншчыне. Перакладчыкі ў нас першакласныя. Напрыклад, Леанід Дранько-Майсюк проста фантастычна пераклаў паляка Галчыньскага. Нібы беларускую душу яму ўдыхнуў, настолькі натуральна загучалі вершы польскага класіка па-беларуску. У нечаканай іпастасі на старонках анталогіі паўстае Янка Брыль. Мы ведаем яго як майстра прозы, а ён жа перакладаў Міцкевіча і Буніна! Цікава, як апісваў сам Брыль свае перакладчыцкія перажыванні: “Дайшоў аж да юнацкай радасці – пераклаў і, здаецца, удала, цудоўны верш Буніна “И цветы, и шмели, и трава, и колосья...”. Вось ён, гэты бунінска-брылёўскі шэдэўр: “Травы, кветкі, чмялі, каласы не гайдаюцца, / І ад спёкі блакіт не зміргне… / Прыйдзе час – добры Бог у бадзягі спытаецца: / «Знаў ты шчасце зямное ці не?» /

І пра ўсё я забудуся, толькі пабачу / Палявую дарогу, траву, збажыну – / І душу, анямелую ў слодычы плачу, / Да каленяў Яго прыхіну”. Ну хіба не цудоўна?

Укладальнік не ўтойвае, што імкнуўся ўключыць у анталогію як мага больш імёнаў:

-- Існавала спакуса прадставіць, прыкладам, таго ж Васіля Сёмуху вылучна перастварэннямі з нямецкамоўнай класікі, дзе мэтр айчыннага перакладу мае ці не найбольшы плён. Але ж Сёмуха – адзіны ў Беларусі перакладчык латышкі Візмы Бэлшавіцы, без якой анталогія выглядала б няпоўнай. Лявон Баршчэўскі – адмысловы знаўца скандынаўскай паэзіі, але ён жа хросны бацька “беларускага” Петраркі, выдаў асобным зборнікам паэзію Бертальда Брэхта... Таму загадзя выбачаюся перад чытачамі за пэўны эклектызм на старонках кнігі, дзе больш за паўтары тысячы твораў.

Міхась Скобла прагназуе, што ХХІ стагоддзе стане для беларускай літаратуры стагоддзем перакладу, бо літаратурная моладзь валодае замежнымі мовамі. Нават самымі экзатычнымі.

У анталогіі, прыкладам, прадстаўленыя пераклады Уладзіміра Палупанава з мальгашскай мовы, якой карыстаюцца на Мадагаскары. Перакладчык Аляксей Мусорын жыве ў Навасібірску. Ён вывучыў беларускую мову па Інтэрнеце.

Пачуць як, дзякуючы Мусорыну, загучаў па-беларуску тыбецкі далай-лама Рыгдзін Цаньян Джамцо, можна 24 верасня а 18 гадзіне ў Палацы мастацтваў (вул. Казлова, 3).

Таксама на гэтую тэму

1991-2006. Вынікі ад Міхася Скоблы

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)