Политика
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

«Мы людзі паднявольныя»

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў па тэлефоне з адпраўленым у адстаўку з пасады старшыні Менскага аблвыканкаму. Спадар Барыс Батура размаўляў на беларускай мове.

— Добры вечар, Барыс Васільевіч, як вы сябе адчуваеце? Якія Вашы пляны, наогул, што Вы зьбіраецеся рабіць?

— Я адчуваю сябе добра. Я пэнсіянэр і буду цяпер адпачываць.

— Але ж Вам сказалі прыйсьці на «Барысаўдрэў» і працаваць дырэктарам...

— Ну няма такога. Ва ўсякім разе ва ўказе.

— Але ж Лукашэнка сказаў Вам прыйсьці і праз тры дні працаваць на «Барысаўдрэве»...

— Я пакуль адпачываю.

— А што там Вам пагражалі, што распачнуць крымінальную справу, пад суд аддадуць, што ёсьць нейкія падставы?

— Ну аддадуць, дык аддадуць. Мы людзі паднявольныя, не надта добра сябе адчуваем.

— Але ж Вы лічыце, што гэта нейкія беспадстаўныя закіды на Ваш бок?

— Не, я лічу, што гэта справядліва. Але не толькі мы. Таму дзякуй Вам за тэлефанаваньне, на гэтым інтэрвію скончана.

8 лістапада падчас вывучэньня сытуацыі на барысаўскіх прадпрыемствах Аляксандар Лукашэнка звольніў кіраўніка Менскага аблвыканкама Барыса Батуру, намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Тура, а таксама старшыню канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пераслаўцава. Пры гэтым Лукашэнка выступіў з пагрозай крымінальнай справы:

— Батуру вызваліць ад займаемай пасады і накіраваць сюды (у ААТ «Барысаўдрэў») кіраўніком. Калі праз тры дні не выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу па ім. Калі ён тут не здолее да вясны — завесьці крымінальную справу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)